Выбрать главу

— Не верыў, не верыў...

— Вось бачыце, жывая...

— Жывая! А каму ж яшчэ жыць?

— Ну што, пачнём, — азваўся Фама Кантаровіч. — Часу ў нас не так і багата, цяпер днее рана.

— Ага, пачнём, — схамянуўся Рыгор, пагладзіў залатыя валасы радысткі, на вуха шапнуў:

— Я гасцінчык прынёс табе. Ну ды потым...

— Што, дзядуля, што? — загарэлася Соня.

— Потым, потым, — загадкава паўтарыў Рыгор і паспяшаўся да стала, дзе яго ўжо чакалі Васіль і Фама Кантаровіч.

XII

Стол, адным бокам «навечна» прыкаваны да сцяны, яўна не быў прыстасаваны ні для прыёму гасцей, ні для шырокіх нарад. Таму Фама Кантаровіч заняў лаву справа, Ігнат — злева, а Крамнёву і Вайцёнку засталося месца ў цэнтры.

Соня, хоць і яе запрасілі, засталася на нарах, а потым, зняўшы са сцяны свой аўтамат, і зусім выйшла з зямлянкі.

Кантаровіч, не спяшаючыся, развязаў папку, акуратна расклаў на стале паперы, зірнуў на Вайцёнка:

— Пачнём?

Рыгор кіўнуў. Кантаровіч разгладзіў нямецкую карту-двухвёрстку, перадаў яе Крамнёву:

— Вам як начальніку штаба партызанского злучэння. Гэта — план дыслакацыі немцаў, якія акружылі Палік і Домжарыцкія балоты. Па стане на дзесятае мая. Я ўсіх вашых хітрых знакаў не разумею, усё зроблена рукою былога штабнога работніка, кадравага афіцэра, так што вы, спадзяюся, адзін аднаго зразумееце.

— Дзякую, Фама Савельевіч, — прамовіў Крамнёў і запытальна паглядзеў на Вайцёнка.

— Бяры, у мяне ёсць копія, — ціха адказаў Вайцёнак.

— Яшчэ раз — дзякую, — хаваючы карту ў планшэт, паўтарыў капітан. — Думаю, што яна мне спатрэбіцца ў самым хуткім часе.

— Дай Бог, але гэта не ўсё. Вось тут, — Кантаровіч паказаў запячатаны канверт, — спіс дыверсантаў, якіх немцы закінулі ў наш тыл — іх сто восемдзесят два, і спіс тых, хто будзе неўзабаве туды закінуты. !х — сто пяцьдзесят. Яны заканчваюць разведвальна-дыверсійную дэсантную школу. Усе — уласаўцы. Вучацца тут, у нашым раёне.

Крамнёў зноў паглядзеў на Вайцёнка.

— I гэта бяры. Ёсць копія, і не адна. Сёння спіскі будуць у Маскве.

— С-с-сёння?!

— Ага, сёння. Слухай далей.

— А гэта ўжо слухай ты, Рыгор. Загадана перадаць вусна. У пачатку чэрвеня супроць брыгады «дзядзі Колі» выступіць васьмітысячныя дывізія карнікаў, якая мае дзесяць танкаў, мінамётны полк, чатыры артбатарэі сярэдняга і буйнага калібру. З паветра дывізію будзе падтрымліваць эскадрылля бамбардзіроўшчыкаў. Мінск рэкамендуе неадкладна перавесці брыгаду на левы бераг Бярэзіны. Туды ж павінны перайсці і ўсе іншыя брыгады, што на Паліку. Сваімі сіламі яны ні ў якім разе не стрымаюць наступлення фашыстаў. Гэта, падкрэсліваю, не мая думка.

— Зразумела, Фама Савельевіч! Я заўтра ж буду на Паліку.

Кантаровіч згодна кіўнуў галавой, кінуў у печку папку, вярнуўся да стала:

— Ну а ты, камендант, чаго прыціх?

— Чакаю, — сціпла адазваўся Шаблюк.

— Ну, калі чакаеш, то слухай. Тыя людзі, пра якіх я табе казаў, павінны прыбыць сюды ў канцы гэтага тыдня. Шаснаццаць чалавек. Зброя ў іх — свая. Могуць прыйсці не адразу ўсе — як складуцца абставіны. Пароль — «чорны бэз».

Чорны бэз... Чорны бэз, — паўтарыў Iгнат, утаропіўшы свае хітрыя вочы ў столь. — Чорны бэз... Слухайце, Фама Савельіч, а чаму бэз — чорны?

— А таму, каб не кожны дурань мог так падумаць, — кінуў у адказ Кантаровіч, якога хітрая наіўнасць Шаблюка часам смяшыла, а часам і злавала.

— Ну так ужо і кожны дурань, — пакрыўдзіўся !гнат, і гарэзлівыя чорцікі, якія толькі што весела скакалі ў яго вачах, зніклі.

Ён зняў з крука ліхтар і ўжо сур’ёзна спытаў: — Павячэраем? — I, не чакаючы агульнае згоды, пайшоў паміж нараў да супрацьлеглай сцяны. Ля сцяны стаў на калені, нешта пашукаў пад нарамі то з аднаго, то з другога боку і, відаць, не знайшоўшы тое, што трэба, абапёрся рукой аб сцяну, зноў стаў на ногі. I... здарылася нешта неверагоднае. Глухая, маналітная сцяна пад рукой Шаблюка раптам уздрыгнула, і яе левы бок ціха-ціха папоўз, знік за нарамі. У сцяне ўтварыўся цёмны праём — звычайныя, як прайсці чалавеку, дзверы. Задаволена глянуўшы на Васіля, які са здзіўленнем сачыў за кожным яго рухам, Ігнат падняў над галавой ліхтар і знік за гэтымі дзвярыма.

***

Сядзелі за сталом, на сваіх ранейшых месцах, і толькі стол цяпер меў зусім іншы выгляд. Дзелавыя паперы зніклі. У цэнтры стала стаяў запацелы глячок, вялізная талерка з вяндлінай, ляжалі кольцы кілбасы, некалькі салёных гуркоў, цыбуліна, непачаты бохан хлеба, некалькі антонаўскіх яблыкаў, сонечна-жоўтых і такіх празрыстых, што праз іх залацістую мякаць, нават пры цьмяным святле ліхтара, глядзелася кожнае зярнятка.