Выбрать главу

— Гэта — для Соні! — аб’явіў Вайцёнак і накрыў яблыкі бялюткім ручніком. — А гэта — нам, — паклаў ён на запацелы глячок. — Будзем баляваць. Адзначым і тваё, Ьанавіч, і Соніна ўваскрэсенне. Мы, каюся, пахавалі вас...

— А мяне чаму? — засмяяўся Васіль. — Ладна радыстку...

— А таму, Вася, — перапыніў яго Вайцёнак, — што і Валя мая, і твой Міхась Шапавалаў паведамілі, што ты ў Маскву не вярнуўся. Прыкрыў сабою і самалёт, і сяброў-рэгулярнікаў, калі немцы на аэрадром уварваліся...

— Ну так ужо і прыкрыў... — сумеўся Крамнёў, а Рыгор адмахнуўся:

— Маўчы, хлопец. Я ж цябе добра знаю. Кліч радыстку.

XIII

«Балявалі» не доўга. Раз-другі дзынкнулі шклянкамі, і Фама Кантаровіч заспяшаўся:

— Я, браткі, пакідаю вас. Служба! — Ён сумна ўсміхнуўся і, больш нічога не сказаўшы, пакінуў зямлянку.

— Ну а мы яшчэ пасядзім, — крыху памаўчаўшы, прамовіў Рыгор. — У мяне ёсць гадзінка ў запасе.

— Дзядуля, а дзе падарунак? — усміхнулася Соня.

— А-а, падарунак! Ёсць, дачушка, ёсць... Ігнат, прынясі маю скрыначку.

Шаблюк нырнуў пад нары і ўрачыста паставіў на стол цяжкую квадрат­ную скрынку.

— Рыгор Ьанавіч, што гэта? — сумелася Соня.

— Радыёстанцыя.

— Што-о-о? — Соня павольна паднялася з лавы. — Р-радыёстанцыя?

— Ага, радыёстанцыя, — спакойна паўтарыў Вайцёнак. — I сёння мы з табой яе апробуем. А пакуль ідзі, правер, ці ўсё ў ёй ладна. !гнат табе дапаможа. Ён таксама ў гэтай справе нешта кумекае.

Застаўшыся з Крамнёвым адзін на адзін, Рыгор пасадзіў яго побач з сабою, абняў за плечы і ціха загаварыў:

— Параіцца, Вася, хачу з табою... Думаў я, думаў і рашыў: не пойдзе наш Дубровіч сюды, на Палік.

— Не пойдзе? Але ж...

— То і бяда, што на вайне шмат гэтых «але»... Так, планавалі. Ды план на вайне — што пухір на вадзе: кранеш пальцам, а ён і лопнуў. А наш «пухір» не палец крануў, — блакада і голад. Голад і доўгая блакада знясілілі людзей, і не могуць яны прыйсці да нас. Ні фізічных сіл, ні зброі не хопіць. Пустыя і жываты, і вінтоўкі. Ні хлеба, ні патронаў...

— Пачакайце, — сумеўся Васіль. — Куды ж, па-вашаму, ён можа падацца... галодны і з пустымі вінтоўкамі?

— Ёсць куды. I я думаю, што ён туды зараз і кіруе.

— I далёка гэтае «куды»? — памаўчаўшы, спытаў Крамнёў.

— Далекавата. Але, — сумна ўсміхнуўся Рыгор, — думаю, што ў нас з табой сіл хопіць, каб дайсці «туды»...

Раздзел чацвёрты

Удар маланкі

I

Барсучыныя горы — дзіўнае стварэнне фантазёркі-прыроды. Рэдкая для тутэйшых мясцін гара, нібы даўно анямелы вулкан, узнялася над пушчай метраў на трыста, на амаль плоскай вяршыні якой, нібы слуп чорнай стылай лавы, стаіць чубок састарэлых ялін, што ў нейкім дзікім экстазе спляліся між сабою магутнымі калючымі лапамі.

Гару тугой халоднай пятлёй абвіла вузкая, нібы штучны глыбокі канал, рачулка — безымянны прыток Ціхай Лані, які за стагоддзі падтачыў крутыя берагі, і цяжкія цёмна-шэрыя глыбы акамянелага вапняку грозна вісяць над амаль нерухомай цёмнай вадой. Падступіцца, трапіць на вяршыню гары можна толькі з заходняга боку, дзе рачулка, нібы знарок, пакінула людзям вузенькі, як праехаць вясковым калёсам, праход. Ды на амаль голай вяршыні гары чалавеку няма чым пажывіцца, то і гэта мізэрная палоска зямлі даўнымдаўно зарасла калючымі кустамі ажынаў ды дзікім маліннікам.

Узнесла прырода нешта велічна-халоднае, амаль непрыступнае, ды, расчараваўшыся непатрэбствам свайго стварэння, кінула яго на здзек асеннім дажджам, зімовым завірухам ды марозным вятрам.

Ёсць на беразе безымяннай рачулкі, у змрочнай глыбіні дзікай пушчы забытая богам горачка, а на ёй — партызанская база яшчэ тых, даўніх часоў, калі па шматпакутнай беларускай зямлі гулялі польскія «жалнежы», і па-новаму абжытая зараз, у крывавая дні вайны з нямецкімі фашыстамі.

Камбрыг Мірон Дубровіч, стараючыся нікога не патрывожыць, яшчэ да сонца пакінуў штабную зямлянку, у якой жыў у сорак першым і ў якую вярнуўся цяпер, майскім днём сорак чацвёртага. Карцела агледзець былыя

ўладанні, а кажучы праўду, адшукаць і праверыць свае даўнія сховы, ад якіх сёння цалкам залежаў лёс яго знясіленай голадам і цяжкімі баямі брыгады.

Ён выбраўся з чэпкіх зараснікаў і спыніўся на голым месцы, на краі абрыва, што вісеў над ракою. I нечакана пачуў знаёмую песню:

И-идет война народная,

С-священная в-в-война!..

Дубровіч азірнуўся на голас і ўбачыў Антона Сімука, свайго былога эмтээсаўскага механіка, а цяпер брыгаднага разведчыка і адначасова «начбоя». Антон сядзеў на круталобым камені, цягнуў дурным голасам песню і з дубовага круглячка стругаў сабе лыжку. Яго ранейшая лыжка, адлітая з крыла самалёта, збітага партызанамі яшчэ ў сорак другім, засталася дзесьці ў возеры ці на тым злашчасным перашыйку.