П-пусть ярость благородная
В-вскипает...
— Ах, маць тваю! — Антон злосна плюнуў, шпурнуў у кусты цяжкі, як кавалак рэйкі, дубовы круглячок, якому не мог даць рады, сунуў у рот парэзаны палец і пачаў шукаць у кішэнях бінт, якога там даўно не было. Знайшоў нейкую анучу, якая, відаць, выконвала ролю насоўкі, пачаў бінтаваць палец, а Дубровіч, не жадаючы бянтэжыць добрага чалавека, зноў нырнуў у кусты.
I зноў нічога там не знайшоў. Затое знайшоў Антона, які поўзаў па траве на каленях ды шукаў свой злашчасны непакорны круглячок.
— Ты што тут шукаеш? — нібыта здзівіўся камбрыг.
— Я? Ды так... табакерку згубіў, — сумеўся Антон і схаваў у кішэню парэзаную руку. — А вы як сюды трапілі ў такую рань?
— Таксама шукаю. Склады нашы згубіў. Вось і поўзаю па ламаччы. Помніш ямы, якія мы тут капалі ў сорак першым?
— Уга! — ажывіўся Антон і падхапіўся на ногі. — Ды вы зусім не там шукаеце. Хадземце, пакажу. Мы з дзедам Рыгорам іх яшчэ ўчора праверылі.
— Праверылі? — насцеражыўся камбрыг.
— Ды не, іх мы не чапалі. Знайшлі, паглядзелі. Як быццам цэлыя, не кранутыя.
— А-а, — з палёгкай уздыхнуў камбрыг. — Цэлыя. Ну дык вось, Антон Пятровіч. Бяры ногі ў рукі і айда ў маю зямлянку. Няхай Вайцёнак знойдзе Сіўцова. Бярыце самых моцных хлапцоў, рыдлёўкі — яны ёсць у «штабной» зямлянцы, — і газуйце да мяне. Будзем рабіць інвентарызацыю базы.
— О! Гэта я мігам! — Антон зноў кінуў у кусты свой злашчасны круглячок, імгненна знік сярод мізэрных каржакаватых дубкоў-ліліпутаў.
II
«Iнвентарызацыю» базы, усіх яе шасці патаемных падземных сховішчаў, закончылі, калі стомленае майскае сонца ціха знікла за лесам.
Усё збераглі Барсучыныя горы! Ад бляшанкі тушонкі да аўтаматна-вінтовачнага патрона. Нават выдатны зялёны брызент, некалі зняты з армейскіх павозак, якім былі старанна ўхутаны ямы з дабром ці проста пакінуты ў гэтых жа ямах пра запас, застаўся цалюткім: бяры і ўкрывайся ім ад непагоды.
Калі ашчадна траціць запас, што зберагла сакрэтная база, прадуктаў хопіць не менш як на месяц. А там... Вунь зусім недалёка, здаецца, пад
Оршай, а мо і бліжэй, грыміць дзень і ноч артылерыйская кананада, а па начах над неабсяжнымі балотамі кружаць увішныя «Мігі» і цяжка нагружаныя транспартныя самалёты.
I ўсё ж трэба спяшацца. Дзесяткі партызанскіх брыгад і атрадаў, тысячы і тысячы тых, хто разам з партызанамі адышоў у непрыступныя для ворага балоты, цяпер, акружаныя фашыстамі двайным і трайным кальцом, ядуць траву і кару дрэў, штодзень сотнямі гінуць ад голаду і хвароб, ад асколкаў снарадаў і мін, параненыя захлёбваюцца ў балотнай твані. Трэба ратаваць людзей! Неадкладна выводзіць іх з праклятых, непрыступных для ворага мясцін. Неадкладна! Брыгада па волі лёсу ці яе камандзіра аказалася ў тыле фашыстаў, якія зусім пра тое не ведаюць. Трэба зараз жа скарыстаць гэтую акалічнасць.
Штаб працаваў. На няўклюдным стале, збітым з тоўстых, даўно пачарнелых гарбылёў, гарэла свечка, яшчэ ў сорак першым прывезеная сюды з эмтээсаўскай крамы Рыгорам Вайцёнкам, ляжала, разгорнутая ва ўсю шырыню шылераўская аператыўная карта, а вакол стала, звесіўшы над картай галовы, моўчкі стаялі Хмара, Крамнёў, начштаба брыгады Васільеў і троху воддаль ад іх дзед Рыгор, на якога зрэдку заклапочана пазіраў палкоўнік Хмара.
— Ну, дык чаго ты маўчыш, Рыгор Ьанавіч? — нарэшце ўзняў галаву палкоўнік і ва ўпор незадаволена паглядзеў таму ў вочы. — Дзе? Ты можаш паказаць гэта на карце? Ты ж быў там не раз! I цяпер толькі што адтуль.
— Слухай, герой, — не выпускаючы з рук барады, спакойна, з усмешкай азваўся дзед. — У дзесяты раз кажу табе: я нічога ў гэтых малюнках, што на тваёй паперыне, не разумею. Хочаш ведаць, дзе зараз твае брыгады, ідзем, пакажу. А гэта, — кіўнуў ён на карту, — гэта, браток, для мяне фількіна грамата.
— Добра, — уздыхнуў Хмара. — Я падумаю.
Ён згарнуў карту, узяў з нараў шынель.
— Ты гэта куды на ноч гледзячы? — затрымаў яго каля дзвярэй Дубровіч.
— Прайдуся. Спаць не хочацца. А ты кладзіся. Пасты я сам праверу. Ага, пароль на сёння?
— Волга.
— Ну, спі спакойна. Бачу, ледзь на нагах трымаешся.
— Ды троху ёсць, — стомлена ўсміхнуўся камбрыг і, не распранаючыся, забурыўся на нары.