Выбрать главу

III

Нечаканая, неспадзяваная навіна, што прынёс з Паліка Рыгор Вайцёнак, з новай сілай абудзіла ў сэрцы палкоўніка цяжкі боль, які ледзь-ледзь прытупілі час і штодзённыя беды вайны.

— У вас была жонка? — у першы ж вечар, як толькі знясіленая шматдзённым блуканнем па пушчы брыгада размясцілася на вышыні і Хмара застаўся з Рыгорам адзін на адзін у «штабной» зямлянцы, асцярожна спытаў сувязны.

Хмара ўздрыгнуў. Такога пытання ад малазнаёмага чалавека ён не чакаў.

— Даруйце, — сумеўся Рыгор, — але... Бачыце, я зусім нядаўна быў у адной вашай брыгадзе там, на Паліку. I сустрэў жанчыну. Нехта сказаў мне, што гэта іх доктар, хірург, і што прозвішча ў яе... рэдкае прозвішча: Хмара. Тут я і ўспомніў вас.

— А зваць... як завуць яе? — падаўся да Рыгора палкоўнік.

— Не ведаю. Маладая, год мо трыццаці. Светленькая, худзенькая... Ну, ды там, у балотах, усе худзенькія, — уздыхнуўшы, дадаў Рыгор і заціх.

Хмара доўга сядзеў на нарах нерухома. «Беленькая... хірург... Божа, няўжо? Тут, у балотах!.. За сотні вёрст!»

I, нібы падхопленае віхурай асенняе лісце, пранеслася ў памяці яго не такое ўжо і далёкае мінулае...

***

...Калі ён ноччу 23 чэрвеня 1941 года забег у сваю кватэру ў Брэсце, то знайшоў яе пустой. На падлозе валяліся сшыткі сына-пяцікласніка, на тахце ляжалі яго ж падручнікі і проста кнігі, а дзверы адзінай шафы, дзе захаваўся ўвесь шматгадовы камсастаўскі набытак, былі расчынены, хоць у шафе ўсё было некранутым: віселі святочныя жончыны сукенкі, яго летні цывільны касцюм. Стаялі ўнізе яго і жончыны модныя туфлі. Трошку асобна вісела парадная афіцэрская форма з двума «шпаламі» на зялёных пятліцах гімнасцёркі.

Дзіцячага адзення ў шафе не было.

Леанід Пятровіч рынуўся ў другі пакойчык, дзе звычайна спаў дванаццацігадовы Сярожка і дзе быў яго столік, за якім ён рыхтаваў урокі. Пакойчык таксама быў пусты. На століку стаяла чарніліца, ляжалі ўроскід рознакаляровыя алоўкі, а каля століка на падлозе валяўся разбіты сандалік. Леанід Пятровіч для чагосьці падняў яго, доўга разглядваў, нібы вырашаў, варта ці не яго рамантаваць, кінуў пад стол і выйшаў у калідор.

На шырокай змрочнай пляцоўцы сутыкнуўся з суседам Стаўровым, работнікам абкома партыі, яшчэ маладым чалавекам, які нядаўна вярнуўся з фінскай вайны на пратэзе, пранізлівае рыпенне якога чуў за сцяною кожную раніцу.

Стаўроў, відаць, даўно заўважыў яго, а можа, і проста пачуў, што нехта зайшоў у кватэру суседа, і ціха стаяў, абапёршыся на чорную кульбу, чакаў, што будзе далей.

— Сцяпан Пятровіч, — памкнуўся да яго Хмара, — дзе...

— Ведаю, — перахапіў Стаўроў. — Сам кіраваў эвакуацыяй. Раніцай эшалон з сем’ямі адказных работнікаў адправілі на Мінск. З-пад агню выхапілі. Сяргей ваш сказаў мне, што ў яго ў Маскве...

— Сярожка? Паехаў адзін? А Зоя... Зоя дзе?

— Зоя Савельеўна ў крэпасці. Усіх медыкаў мабілізавалі і адправілі ў крэпасць. Першымі — хірургаў...

Хмара прыхіліўся да сцяны. Стаўроў асцярожна дакрануўся да яго пляча, уздыхнуў і, стараючыся не вельмі грукаць пратэзам і кульбай, знік у сваёй маленькай кватэрцы, дзе, ведаў Хмара, жыў адзін: прыгажуня-жонка, афіцыянтка рэстарана, з кімсьці збегла, як толькі ён вярнуўся са шпіталя на мыліцах...

Стаяў Хмара не доўга. Нізка над горадам пранесліся самалёты, і праз якую мінуту зямля нервова затузалася, нібы ад балючае раны.

«Па крэпасці? Ці па маёй абароне?» — Ён хуценька вярнуўся ў кватэру, адшукаў пад ложкам «аварыйны» чамадан, запіхнуў у яго сваю парадную форму, накінуў на плечы шынель і, зачыніўшы дзверы на ключ, выйшаў на вуліцу, дзе чакала машына.

Над крэпасцю павольна разгаралася злавеснае зарыва...

«Туды? Не, позна. Не праскочым», — Хмара кінуў на задняе сядзенне чамадан, ціха сказаў шафёру:

— На заставу.

Ды заставы ўжо не было. Вогненны смерч гуляў над граніцай, над пагранічнымі ўмацаваннямі. Зямля, неба, зоркі — усё перамяшалася ў чорна-вогненны вал, які з дзікім рыкам, свістам і завываннем злавесна каціўся на ўсход, знішчаючы ўсё на сваім шляху.

З размаху кінуў і яго ў цесны акопчык, засыпаў зямлёю. Колькі часу праляжаў ён, аглушаны разрывам авіябомбы? Колькі часу потым, крыху ачуняўшы, ішоў следам за вогненным валам, — на ўсход, да сваіх? Дайшоў. Магілёў... Смаленск... Ельня... Нарафамінская шаша... Маскоўскі шпіталь... Адна рука... I — Зорка Героя.

А фронт? Навошта ён фронту, абломак вайны з адной рукою! Спатрэбіўся! Генеральны штаб, разведупраўленне, «Цэнтр». Палкоўнік разведкі. I вось цяпер, чаго і ў сне не мог уявіць, — камандзір партызанскога злучэння!

Будучы ў Маскве, шукаў сына. Не знайшоў. Сказалі, што разам з цёткай, старэйшай Зоінай сястрой, эвакуіраваўся. Ні то кудысьці ў Сібір, ні то ў Сярэднюю Азію. А Зоя... няўжо яна выжыла ў агні Брэсцкай крэпасці? I калі выжыла, то як магла трапіць сюды, на Палік, ды яшчэ ў адну з яго брыгад? А дзе сёння тая брыгада, якую ён яшчэ і не бачыў? Бачыў аднойчы яе камандзіра там, на Высокай выспе, у бліндажы Дубровіча, дзе і фарміравалася злучэнне з трох асобных брыгад. Грандыёзная карная экспедыцыя фашыстаў раскідала злучэнне: каго — у балоты, каго — вось на гэтую гару. I дзе яны зараз, тыя дзве яго брыгады? Рыгор Вайцёнак ведае. А вось паказаць на карце не змог. Для яго карта — «фількіна грамата». Для яго, самародка-разведчыка, карта — яго ўласныя вочы, яго дзівосная памяць. Ён ведае на сто, дзвесце, трыста вёрст наўкол кожную сцежку, на якую хоць раз ступала яго нага, помніць кожную рачулку ці азярцо, куды хоць раз закінуў сваю самаробную вуду. А вось вайсковая карта... А якая карта можа быць для чалавека, які за ўсе свае 65 год жыцця ні разу не пераступіў школьнага парога? Усё жыццё яго, ад маленства да старасці, — конь, плуг, барана ды каса, а ў ліхую гадзіну — акоп і вінтоўка ды яшчэ святая нянавісць да ворага, які пасягнуў на яго поле і яго хату. А калі патрэбна ад яго нешта больш важнае, ідзі за мной, пакажу, што цікавіць — раскажу.