«Ну што ж, і пайду, — пакінуўшы штабную зямлянку і дзіўнага дзеда, думаў Хмара. — Там, у балотах, гінуць людзі. Не па сваёй волі я іх туды кінуў. Ды што гэта мяняе? Людзі гінуць. I сярод іх... худзенькая, беленькая... Можа, гэта і не яна? Як магла яна трапіць сюды? Ды адкуль, з такога пекла!..»
Так, размаўляючы ў думках сам з сабою, блукаў па незнаёмай горачцы «абломак другой сусветнай вайны», як ахрысціў самога сябе палкоўнік Леанід Пятровіч Хмара, камандзір партызанскага злучэння. Ніякія пасты ён не правяраў, бо сам іх не ставіў і ведаць не ведаў, дзе яны ёсць. Проста хацелася пабыць аднаму са сваімі надзеямі і трывогай, а таму спалохана ўздрыгнуў, калі раптам пачуў грознае:
— Стой! Ні з месца!
— Волга, — хапатліва адазваўся ён і спыніўся, спрабуючы пры цьмяным святле шчарбатага месяца ўбачыць таго, хто так сурова і неспадзяванна абарваў яго думкі.
Людзі, што абступілі Хмару, былі незнаёмыя, але яны яго ўжо ведалі і яўна былі задаволеныя, што іх правярае сам камандзір злучэння, Герой, і што яны, хоць зусім і не героі, мурзатыя і абарваныя, не ўдарылі тварам у гразь перад высокім начальствам.
— Стой! Ні з месца!
— Волга. Я — Волга. Ну што тут у вас, ціха?
— Якое там ціха, таварыш палкоўнік. Салаўі! Смальнуць бы па іх. Усю душу перавярнулі!.. Не скажаце, які зараз час?
— Палова на другую... Слухайце, хлопцы, слухайце салаўёў. А больш — цішыню слухайце. Салаўі салаўямі, а як бы незнарок не заспявалі фашысцкія кулі.
— Ды які чорт занясе сюды фрыца?
— Чорт не занясе, а сам прыйсці можа.
— Няхай толькі сунецца! Будзе ляцець з гэтага бугра, што тая баба з прыпечка.
«Вось яны, партызаны...» — Хмара скупа ўсміхнуўся, асцярожна прабраўся скрозь рагаты дубняк на бераг ракі, спыніўся на краі крутога абрыву, які здаўся яму каньёнам, што некалі бачыў у Нарвегіі. Зірнуў уніз, як будзе ляцець з гэтага «прыпечка» фрыц, калі сюды сунецца. Па спіне прапаўзла халодная мурашка: добра будзе ляцець!
Хмара паправіў на грудзях аўтамат і праз усё той жа рагаты дубняк пайшоў да штабной зямлянкі.
IV
Была палова чацвёртай, а ў зямлянцы чамусьці ўжо ніхто не спаў. Сядзелі на лаве, каля самых дзвярэй, Віктар Дрозд і Антон Сімук. Абапёршыся рукамі на чаранок новенькай сапёрнай рыдлёўкі, Сімук, здаецца, драмаў, а Дрозд, паклаўшы такую ж рыдлёўку на калені, нешта шаптаў на вуха Ваську Груку, які «па-турэцку» прымасціўся проста на зямлі.
Хмара ціхенька, на дыбачках, стараючыся нікога не патрывожыць, прабраўся да нараў, кінуў на іх аўтамат і шынель, прыляпіўся побач з камбрыгам. Дубровіч коса, цераз плячо, зірнуў на яго, нібы палкоўнік зусім недарэчы абарваў яго, Міронавы довады, але тут жа спахапіўся, прыветліва кіўнуў галавою і, нейкую секунду памаўчаўшы, усё так жа ціха, але горача загаварыў:
— ...Разумееце? Адначасова, мінута ў мінуту. Мая брыгада б’е адсюль, з тылу. Усімі сіламі, усімі сродкамі. А брыгады «Разгром» і «Лявона» — у лоб. Нечакана і ў лоб! «Удар маланкі» — так назваў бы я гэту нашу, цяпер ужо, відаць, апошнюю аперацыю.
— I калі?
Усе зірнулі на палкоўніка. Той быў узрушаны, нават бледныя шчокі яго паружавелі.
— Я ўсё зразумеў, Мірон Ігнатавіч, — ён паклаў руку на плячо камбрыгу. — I вельмі рады. Вы нібыта прачыталі мае думкі. Рад. Ну, пра дэталі — днём. А зараз... — Ён перасеў на нары, скінуў з ног разбітыя боты.