Праз хвіліну спаў, з галавой укрыўшыся зялёным брызентам.
У зямлянцы доўга панавала цішыня, толькі ціха патрэсквала свечка, што стаяла на гарбатым стале. Дубровіч падняў з падлогі боты палкоўніка, падаў знак ардынарцу рукою.
— Слухаю, Мірон Ігнатавіч! — падляцеў Грук.
— Не крычы. На, падбяры пару па гэтым памеры. У яме нумар чатыры ёсць скрынка з абуткам для камсаставу. Боты паставіш каля нараў.
— Толькі боты?
— Бяжы, — адмахнуўся камбрыг і павярнуўся да Крамнёва. — Васіль Ьанавіч, план абароны карнікаў вакол гэтых балот, што прынёс нам Фама Кантаровіч, у вас? Дайце на хвілінку.
Ён разгарнуў на стале паверх сваёй пашматанай двухвёрсткі новенькую карту-план, зробленую вопытнай і ўмелай рукою, паглядзеў на камандзіра брыгаднай разведкі:
— Разумееш? Гэта, Сіўцоў, ужо заданне табе. Даставай сваю карту, слухай і адзначай. Вось ад гэтае вёскі, — тыцнуў ён пруцікам у карту-план, — да вось гэтай, — пруцік гульнуў далёка ўбок, — абмацай кожны метр нямецкай абароны. Правер, ці ўсё на месцы. Калі што — адзнач любую змену. Асобна зафіксуй больш-менш слабыя месцы ў абароне немцаў. Як лепш да іх падступіцца. Удакладні, якія змены адбыліся ў бліжэйшых гарнізонах. Ці на месцы артылерыйскія і мінамётныя батарэі.
— Зразумела, Мірон Ігнатавіч, — згарнуў сваю карту Сіўцоў. — Колькі ў мяне часу на гэта?
— Тыдзень. Сёння... чорт вазьмі, лета! Першае чэрвеня. Даложыш сёмага раніцай, і ні днём пазней. Ясна?
— Ясна, — усміхнуўся былы настаўнік.
— Ну то і добра. !дзі, ды асцярожным будзь. А мы тут, — камбрыг паклікаў Антона Сімука: — Людзі гатовы? Усе — на «круг». Паглядзім твае «танкі» ды праверым сваю артылерыю. Ці не завяліся краты ў ствалах нашых «саракапятак».
— Мірон !гнатавіч, хвіліначку!
Дубровіч спыніўся. Да яго з паперкай у руцэ спяшалася радыстка Соня Кавалёва.
— Што, Соня? — занепакоіўся камбрыг.
— Вось. З Масквы. З нашага штаба.
Камбрыг асцярожна ўзяў з рук дзяўчыны паперку:
«Віншуем Героем і званнем генерал-маёр. ЦШПР».
Дубровіч здзіўлена паглядзеў на радыстку, разгублена абвёў вачыма групу разведчыкаў, што з рыдлёўкамі ў руках насцярожана сачылі за ім, і неяк нясмела ні то спытаў, ні то загадаў:
— Што, хлопцы, пойдзем? Світае ўжо.
V
«Склады» зброі і боезапасу, як і падземныя сховішчы на Барсучыных гарах, знайшлі не адразу. «Круг», некалі здратаваны коламі брычак і аўтамашын, ботамі лесарубаў, што два гады цягалі сюды нарыхтаваны для шахтаў Данбаса крапежнік, зарос высачэзнай, па пояс, травою і папаратнікам, маладым арэшнікам, бярозкамі ды яшчэ чорт ведае чым, густым і калючым. Адзіная лясная дарога, што некалі вяла ад «круга» да льнозавода, а там — да невялічкай чыгуначнай станцыі, таксама зарасла непралазнымі кустамі арэшніку, што, відаць, і зберагло партызанскія сховы. А можа, і не гэта. Два трактары «чэтэзэ» з прычэпамі і бочкамі, некалі кінутыя ў зарасніках ядлоўцу, таксама ніхто не крануў. Ды і кратаць не было каму. Вёсак паблізу не было, а калі дзе і засталося некалькі хат, то ў іх жылі дзеці ды бабы, якіх у гэтыя страшныя дні ў лес абаранкам не завабіш.
Нарэшце знайшлі і адкапалі батарэю «саракапятак», прыкацілі на «круг», траву на якім сяк-так прымялі нагамі. Агледзелі. Дубровіч паківаў галавою: новенькія!
— А чорт іх тут узяў! — раўнадушна заўважыў Сімук, выціраючы травой перапэцканыя рукі. — Во, зірніце: на іх салідолу — на палец. — Крыху памаўчаўшы, нібы нешта прыпамінаючы, ажывіўся: — Мірон Ігнатавіч, — помніце, вы ў зямлянцы сказалі: «Паглядзім твае танкі». А што, калі і сапраўды гэтыя дзве ламачыны зрабіць танкамі?
— Ты, Антон, выпадкова не выпіў? — усміхнуўся камбрыг.
— Ды не, не даў Вайцёнак. А пра танкі я сур’ёзна. Бачыце, якія яны малыя ды зграбныя, — паказаў ён на «саракапяткі». — Стаў у прычэп і палі. А трактар... ноччу сам чорт не ўцяміць, паўзе гэта трактар ці танк. Раве матор, ляскаюць гусеніцы. I гармата пуляе. Кулямёты яшчэ можна паставіць, ручныя.
Камбрыг уважліва паглядзеў на свайго былога механіка, а Віктар Дрозд, які ў тэхніцы таксама «з’еў сабаку», нейкі момант стаяў і глядзеў на сябра разявіўшы рот. Потым ціха прашаптаў:
— Кулібін! Антошка, Сталінскую прэмію не гарантую, а вось фрыцаўскую балванку першай ступені атрымаеш абавязкова.
— Сам ты балванка, — без аніякай злосці буркнуў Сімук.
— Дрозд, кліч сюды хлопцаў, — абарваў драздоўскі гумар Дубровіч. — Хапайце гэтага аднарогага казла, паглядзім, як ён памесціцца ў прычэпе.
VI
«Рэканструкцыя» трактароў закончылася вечарам чацвёртага чэрвеня. Цяпер паўстала новае пытанне: дзе прытуліць «бронетэхніку» да часу, калі настане патрэба кінуць яе ў бой.