Выбрать главу

— Загонім на наш бугор, — як нешта даўно вырашанае аб’явіў Сімук. — Усё роўна раку давядзецца фарсіраваць, немцы ж на тым баку.

— А пройдуць праз гэтыя джунглі твае «браневікі»? — усумніўся нехта з былых трактарыстаў.

— А куды яны дзенуцца?

Сякая-такая дарога на «бугор» усё ж была, — гэта прасека, якую зрабілі ў сорак першым «акружэнцы», калі на перадках ад брычак цягалі ў лагер кінутае разявамі-інтэндантамі дабро.

...Раніцай пятага чэрвеня 1944 года «танкі» Антона Сімука і Віктара Дразда, пасля надзвычай цяжкага шасцікіламетровага пераходу, выйшлі на зыходную пазіцыю.

VII

Вечарам гэтага ж дня палкоўнік Леанід Пятровіч Хмара і сувязны Рыгор Вайцёнак пакінулі Барсучыныя горы.

Перад тым як развітацца, камбрыг Дубровіч і камандзір злучэння правялі нараду сам-насам.

— У цябе, Мірон Ігнатавіч, цяпер ёсць радыёстанцыя і радыстка, якая ведае ўсе патрэбныя пазыўныя, — ціха гаварыў палкоўнік. — У мяне будзе таксама. У брыгаду «Лявона», калі помніш, мы паслалі радыста Крамнёва, такога рыжага старшага сяржанта. Спадзяюся, што ні з ім, ні з яго радыёстанцыяй нічога не здарылася. I як толькі я адшукаю Лявонава, адразу ж звяжуся з «Цэнтрам». У мяне там ёсць надзейныя людзі. Папрашу, каб у той час, калі мы рашым пайсці на прарыў, наша авіяцыя нанесла ўдар па ўчастку абароны немцаў, які мы ім пакажам. Ну а калі так не атрымаецца, ударым сваімі сіламі.

— Людзі твае там... траву ядуць... Ці падымуцца?

— Папрашу, каб неадкладна падкінулі прадукты. Толькі знайду, куды іх кінуць.

— То-та. Кругом на дзесяткі вёрст — балота...

— Вайцёнак казаў, што ў Лявонава ёсць энзэ. Дзесятак кароў і коней.

— Вось гэта ўжо нешта рэальнае. А я тут, у лагеры, шпіталь падрыхтую. Крамнёў таксама звяжацца з «Цэнтрам» ды са штабам Баграмяна. Папросім медыкаменты, добры хірург у мяне свой ёсць. Ну а прадуктаў і патронаў цяпер у мяне на адзін добры бой хопіць. А там...

— А там, думаю, ад немцаў і духу не застанецца. Фронт, відаць, ужо каля Оршы.

— Леанід Пятровіч! На вайне і вярста — дарога доўгая.

— Сёння не сорак другі. I не сорак трэці...

VIII

А ў гэты час Рыгор Вайцёнак, Антон Сімук і Віктар Дрозд на Рыгоравай лодцы гойсалі па рачулцы, што надзейна ахоўвала Барсучыныя горы.

Дзед Рыгор сцвярджаў, што на рачулцы, дужа глыбокай, ёсць перакат, даволі вузкае месца з нізкімі, але трывалымі берагамі, і што цераз гэты перакат партызаны дваццатых гадоў вазілі з зарэчных лугоў сена ў свой лагер, на гару.

Як і заўсёды, памяць не падвяла старога разведчыка. Перакат — вады паўаршына, дно — жвір, хоць цяпер залівай гудронам, — знаходзіўся трошку бліжэй, чым яго шукалі. Вось толькі правы, патрэбны партызанам бераг, аказаўся не такі ўжо і нізкі, бо ціхоня-рака за доўгія гады падтачыла і яго.

Ды бяда не дужа вялікая. Дзесятак добрых хлопцаў, дзесятак рыдлёвак, гадзіну-другую працы, і каці, хоць на легкавушцы!

...Вечарам, за гадзіну да адплыцця Вайцёнка і Хмары, «танкі» Сімука і Дразда памянялі пазіцыю, сталі ў кустах маладога арэшніку насупраць перакату...

IX

Прадчуванне не падманула Леаніда Пятровіча: «худзенькая, беленькая» і сапраўды аказалася яго жонкай, Зояй Савельеўнай Хмара.

З дапамогай старога Вайцёнка ён адшукаў яе на малюсенькай выспе сярод гразкіх балот. Тут рос дзесятак-другі старых ялін, на карослівых шэрых ствалах якіх, нібы струпы ад застарэлых язваў, віселі камякі даўно засохлай смалы. Пад гэтымі ялінамі, пад іх цяжкімі, амаль чорнымі лапамі і размясціўся шпіталь брыгады «Лявона», — некалькі буданоў, складзеных з такіх жа яловых лапак.

Зоя Савельеўна Хмара, адзіны хірург шпіталя, рабіла аперацыю. Мала­ды партызан, распрануты да пояса, ляжаў на «стале», складзеным з жардзін і засланым асакой і нямецкай стракатай плашч-палаткай. Мажнога складу мужчына, відаць, асістэнт хірурга, у некалі белым халаце, стаяў ля «стала» і звычайнай сталярнай нажоўкай адпілоўваў партызану левую пасінелую руку. Прыгожы твар партызана быў белы, засыпаны буйнымі кроплямі поту, рот і вочы шырока раскрыты. Здавалася, зараз ён закрычыць і скочыць на дол, усланы рыжай ігліцай. Але хлопец — маўчаў. Глядзеў у неба і маўчаў.

Каля мужчыны з нажоўкай са шпрыцам у руках стаяла яна, Зоя Савельеўна Хмара. Твар яе таксама быў белы, і яна таксама маўчала.

Маладзенькая дзяўчына ў светлай паркалёвай сукенцы стаяла ля галавы хлапца, трымала яго правую, здаровую, руку і раз-пораз падносіла да яго кірпатага носа бутэлечку, — відаць, гэта быў нашатырны спірт. Дзяўчына таксама маўчала, а па яе амаль дзіцячым твары каціліся празрыстыя слёзы.