Выбрать главу

А Зоя Савельеўна і сапраўды імгненна заснула. У сне раз-пораз шукала яго руку, прыціскала да гарачай шчакі...

XI

Ранішнюю пабудку зрабіла «рама». Яна з’явілася высока над выспай, зрабіла шырокі круг і, відаць, нічога не выявіўшы, пайшла ў бок Паліка.

Асцярожна накрыўшы жонку шынялём, Хмара выйшаў з будана.

Пад ялінамі ў буданах-палатах зрэдку падавалі голас хворыя і параненыя. Стагналі яны асцярожна, здушана, відаць, баяліся, што пачуюць іх не толькі свае, але і тыя, што прытаіліся там, за балотам, у акопах і бліндажах, адкуль, хоць і зрэдку, прылятаюць снарады і міны і сюды, на выспу, ды шлях да буданоў ім заступаюць яліны: хапаюць сваімі магутнымі лапамі, у якіх яны і лопаюцца ад злосці, засыпаючы рыжай ігліцай парослую мохам зямлю.

Хворыя галодныя дзеці, наадварот, плакалі зычна, клікалі мам, прасілі есці.

Між панурых ялін, спатыкаючыся на карэннях, хадзіў вартавы. А каля «аперацыйнага» стала, засланага асакой і акрываўленай плашч-палаткай, сядзеў на перакуленым уверх дном вядры чалавек у чорнай скуранцы, з аўтаматам на каленях.

«Лявонаў? Ён. Вось дарэчы!»

Камбрыг Лявонаў, нібы пачуўшы несказаныя словы камандзіра, падхапіўся на ногі.

— Таварыш палкоўнік! Камандзір...

— Ціш-ш-ш, — прыклаў палец да губ Хмара. — Разбудзім...

— Рад за вас, таварыш палкоўнік, — ужо ціха прамовіў камбрыг. — Учора вечарам быў у мяне Вайцёнак, усё расказаў. Якое шчасце!

Яны адышлі ад шпітальных буданоў, уладкаваліся пад пасечанай асколкамі ялінай на пакрытай мохам калодзе. Леанід Пятровіч ад камбрыга Дубровіча ведаў пра цяжкае гора камбрыга Лявонава. У сорак першым, у час першай жа бамбардзіроўкі Мінска, загінула ўся яго сям’я: старэнькая маці, жонка, дзесяцігадовы сын і двухгадовая дачушка. Сам ён, работнік абкома, быў у камандзіроўцы і, калі вярнуўся ў Мінск, замест дома знайшоў груду яшчэ гарачае цэглы...

Парушыў маўчанне камбрыг.

— Добра, што Дубровіч вырваўся з блакады. Цяпер ёсць надзея...

— I рэальная, — падхапіў Хмара, рады, што цяжкія ўспаміны парушаны. — Надзея ёсць, і цвёрдая. Аб гэтым і пагаворым. Камбрыг «Разгрому» далёка?

— Ды не. Мы стараемся трымацца разам. Ужо тое-сёе плануем.

— Страты ў брыгадах — вялікія?

— Не вельмі. Каб не голад...

— Але, — спахапіўся Хмара. — Вы ведаеце гэтых... смершаўцаў?

Лявонаў апусціў галаву.

— Як жа так, а? Як вы дапусцілі?

— А што з імі зробіш? Улада! I якая!..

— Я расстраляю іх, — рэзка аб’явіў палкоўнік. — Усіх пяцёх. Як марадзёраў.

Лявонаў уважліва паглядзеў у вочы камандзіра злучэння, ціха прамовіў:

— Леанід Пятровіч, ды вы што? Вас жа потым...

— У брыгадзе ёсць юрысты?

— Не раю. Падумайце.

— У брыгадзе ёсць юрысты? — холадна паўтарыў палкоўнік.

— Ёсць.

— Падбяры траіх. Самых аўтарытэтных. За пракурора буду я сам.

...Праз тры дні на маленькай выспе, што згубілася сярод бяскрайніх Палі-

коўскіх балот, партызанскі суд прыгаварыў пецярых «асабістаў» да расстрэлу.

Ды расстралялі толькі аднаго, капітана, які падаў ідэю рэзаць шпітальных кароў. Чацвёра старшых лейтэнантаў збеглі яшчэ да суда, ноччу звязаўшы знясіленых голадам вартавых, што ахоўвалі іх зямлянку...

XII

Некалькі дзён у штабе брыгады «Лявона» чакалі бяды. Ды Масква, відаць, пра суд над «асабістамі» яшчэ нічога не ведала. Маўчаў «Цэнтр». Маўчаў і штаб партызанскага руху. Кожную ноч прыляталі цяжка нагружаныя транспартныя самалёты, кідалі ў вызначаны раён груз, — усё, што прасіў палкоўнік Леанід Пятровіч Хмара.

А прасіў ён нямала. I ляцелі з начнога неба на выспу непадалёк ад шпіталя: прадукты, скрынкі з патронамі і ручнымі гранатамі, і, што асабліва радавала партызан, — новенькія аўтаматы. Такой шчодрасці ні Хмара, ні Лявонаў і не чакалі.

Ажыў Палік! Былі створаны дзве роты аўтаматчыкаў, уключылі ў іх правераных у баях партызан-ардэнаносцаў. Роты так і назвалі: ардэнаносныя.

Да брыгад «Лявона» і «Разгром» далучылася яшчэ некалькі. Многія сотні людзей размясціліся на лапіку сухой зямлі пад векавымі ялінамі. Дзялілі патро­ны і ручныя гранаты, небагаты запас прадуктаў. I чакалі патрэбны сігнал.

Ды замест сігналу глухой душнай ноччу прыйшла ў штаб брыгады вестка чорная, нечаканая: у Бярэзінску фашысты павесілі Пятра Фаміча Кантаровіча. А адбылося ўсё так. У Бэрэзінск да бургамістра паслалі двух партызан, мясцовых хлопцаў, забраць падрыхтаваныя дакументы. Кантаровіч дакументы ім перадаў. Хлопцы схавалі іх у кішэні і падаліся назад. Ды тут, ужо за горадам, наскочылі на нямецкі патруль. Кінуліся да блізкага лесу, але бегчы заміналі доўгія, не для іх шытыя паліто, апранутыя імі для маскіроўкі. Скінулі. Уцяклі. Эсэсаўцы падабралі кінутую вопратку, а там, у кішэнях... сакрэтныя дакументы, падпісаныя бургамістрам Пятром Фамічом Кантаровічам...