Выбрать главу

XIII

У гэтую ж ноч, праз якую гадзіну ці дзве пасля весткі аб гібелі Пятра Фаміча, прыйшлі адразу дзве добрыя навіны: штаб генерала Баграмяна паведамляў, што авіяцыя фронтау гатова нанесці ўдар па абароне карнікаў там і тады, калі гэта будзе патрэбна партызанам.

На досвітку ў штабной зямлянцы камбрыга Лявонава з’явіўся прамоклы да апошняй ніткі Павел Сіўцоў, намеснік камбрыга Дубровіча па разведцы. Без лішніх слоў усеўся за стол, разгарнуў мокрую карту-двухвёрстку і, як нядаўна сам Дубровіч, тыцнуў арэхавым пруцікам:

— Прарывацца будзем тут.

Лявонаў зазірнуў у карту, на месца, дзе застыў пруцік:

— А ты добра ведаеш, што — «тут»?

— Ведаю. Толькі што адтуль выбраўся.

— Я таксама два дні назад ледзь адтуль выбраўся. — Лявонаў сеў за стол побач з Сіўцовым, адсунуў убок яго карту, ціха загаварыў:

— Так, адзін чалавек можа і выберацца. А сотні, тысячы? Не ведаю. Чэсна кажу, не ведаю, і не магу ўявіць, каму ўзбрыдзе ў галаву ідэя сунуцца сюды, з гэтага ці з таго боку.

Сіўцоў скупа ўсміхнуўся:

— Немцы, відаць, таксама так думаюць. Iграюць на губным гармоніку, п’юць шнапс. Спакойна жывуць. А дарэмна. Такое «непрыступнае» месца я ўжо бачыў. Там, на перашыйку, паміж двух «непраходных» азёр, дзе фашысты збіраліся нас пахаваць. А мы вырваліся, прайшлі, і брыгада вось тут, — Сіўцоў тыцнуў у карту арэхавым пруцікам, паглядзеў на камбрыга, відаць, чакаў, што ён скажа. Лявонаў маўчаў. Тады Сіўцоў рашуча аб’явіў, нібы ён сам тут усімі камандаваў: — Пройдзем і тут! Балота і сапраўды страшнае, на гэтым шырачэзным «акне» і трава не расце, ды мы, — паказаў ён на чатырох разведчыкаў, што прыйшлі разам з ім і ціха сядзелі на падлозе, — прайшлі цераз гэта «акно» тройчы ад краю да краю і па ўсёй шырыні. Знайшлі праходы, расставілі малапрыкметныя вешкі. Вады па пояс, а дзе і рукі з аўтаматамі трэба ўздымаць над вадою. Дно слізкае, абымшэлае, ды трымае. Ну а што нам трэба? Пройдзем!

— Я яшчэ раз праверу сам, — памаўчаўшы, падняўся Лявонаў.

— Правільна. Толькі ціха. Як бы раней часу не патрывожыць фашыстаў.

— Ціха хадзіць па лясах і балотах за тры гады мы навучыліся, — цяпер ужо стрымана ўсміхнуўся і камбрыг. — Сам мяне павядзеш?

— Ноччу?

— Ну а чаго марудзіць? Пакуль мокры па вушы і ў ваду зноў лезці не так страшна. Адпачывай. Апоўначы разбуджу.

***

Вясёлае чэрвеньскае сонца ўжо выкарабкалася з балотнай твані, калі Сіўцоў і Лявонаў, перапэцканыя гразёю, з’явіліся на выспе, непадалёку ад шпіталя.

— Можаш вяртацца на сваю гару, — стомлена прамовіў камбрыг, сцягваючы з ног размоклыя боты. — Цяпер мы ўжо самі. Скажаш Мірону Ігнатавічу, што самалёты...

— Ён ведае. Учора і мы атрымалі шыфроўку. I пра сігналы самалётам дамоўлена. Пададзім іх мы. А вы трымайце аўтаматчыкаў па гэты бок «акна», аж пакуль самалёты не адбамбяцца. Шырыня «акна» — метраў шэсцьсот, не трапіць бы пад свае ж асколкі. Як і дамоўлена, на прарыў пойдзем адначасова. Сігнал — чырвоная, тры зялёных, зноў ракета чырвоная. Секунды праз дзве-тры...

— Ведаю. Ад Дубровіча вярнуўся мой чалавек. !дзі, абсушыся. Сустрэнемся на вашай гары.

XIV

На фінішную прамую выходзіла аперацыя «Удар маланкі».

Роты аўтаматчыкаў падрыхтавалі сваіх праваднікоў. Імі сталі камандзіры аддзяленняў. Не раз і не два прайшлі яны па вызначаных разведчыкамі Сіўцова праходах, дзе-нідзе паставілі свае вешкі.

У брыгадных шпіталях рабілі з мячэўніку, трысця і сухога ламачча лёгкія плыты — «плывучыя насілкі» для параненых, хворых і дзяцей. Стварылі «Брыгаду жанчын», якая павінна пакінуць выспу ўжо тады, калі за балотам заціхне бой.

I вось трывожная цішыня зноў праглынула шматпакутны Палік.

Яшчэ да захаду сонца неба над балотамі апусцілася ніжэй, папаўзлі шэрыя хмары, неахвотна зацерушыў рэдзенькі дождж. Ён то спыняўся, то з той жа лянотай пачынаўся зноў. I людзі на выспе з трывогай пазіралі ў неба: «Прыляцяць ці не?»

Брыгадныя радыёстанцыі маўчалі. Маўчалі і фашысты. Патухлі і не з’яўляліся зноў ракеты над акопамі карнікаў, якія звычайна ўсю ноч паласавалі неба.

Апоўначы зусім нечакана ў зямлянку камбрыга Лявонава ўваліліся начальнік штаба партызанскага злучэння капітан Крамнёў і сувязны Рыгор Вайцёнак.

— Ну што тут у вас? Нешта ўжо дужа ціха, — кінуўшы на нары аўтамат, спытаў Крамнёў. — Зноў нешта здарылася?