— Ды не, чакаем.
— Ужо дачакаліся! Людзі гатовы? Выводзім на зыходную пазіцыю аўтаматчыкаў. На прарыў іх павяду я сам. А вы, усе камандзіры брыгад, застаяцеся тут. А як толькі мы і брыгада Дубровіча праб’ём абарону немцаў, уводзьце ў бой усе свае сілы і кідайце іх на правы фланг фашыстаў, у напрамку на Лепель. «Разгром» б’е па левым флангу ў напрамку на Бягомль. Усе астатнія сілы, што тут ёсць, уваходзяць у прабітую брэш ужо, калі мы адкінем карнікаў на тры-чатыры кіламетры. Усё. У добры час.
Крамнёў узяў свой аўтамат, на хвілінку прысеў на нары побач з камбрыгам Лявонавым.
За балотам нарастаў гул самалётаў.
* * *
...Вярнуўся ён гадзіны праз дзве, запэцканы глінай, мокры ад поту, але весела ўзбуджаны.
— Знайшоў! — яшчэ здалёк крыкнуў Соні. — I ведаеш, дзе апынулася? Пад ламаччам, каля самага выхаду з тваёй «келлі».
— Рацыя? Яна цэлая?
— Ды не, сумка. I паглядзі, як прашыла яе асколкам. Навылёт. Але карты нічога, карыстацца можна.
— А...
— Рацыя? — Вясёлая ўсмешка патухла ў вачах Крамнёва. Ён выпусціў з рук ражкі коўдры, і на траву пад Соніны ногі пасыпаліся нейкія рознакаляровыя абломкі.
— Гэта... усё?
— Усё. Бачыш, адна пацяруха. Прымусіць загаварыць гэта ламачча не змог бы і сам Крэнкель... Ды ты... чаго ты? — заўважыўшы слёзы ў Соніных вачах, раптам зазлаваў Крамнёў. — Кінь. Падумаеш, трагедыя. Знойдзем свой.
* * *
...У многіх месцах партызаны спрабавалі прарваць кальцо акружэння, а вось у гэтым ціхім гіблым месцы такога ўдару з неба, тылу і проста «ў лоб» фашысты не чакалі. Ад іх батальёна, што сумаваў тут многа дзён, ад удару магутных «Глаў» амаль нічога не засталося. Аўтаматы «Лявона» і «Разгрому», «танкі» Сімука і Дразда завяршылі справу.
Ліхаманкавая спроба фашыстаў замураваць прабоіну правалілася. Падаспелі савецкія танкі, што прарвалі фронт фашыстаў пад Оршай і цяпер крушылі іх тылы.
***
...Апоўдні бой ішоў ужо далёка ад Палікоўскіх балот.
А на Барсучыных гарах, на абрыве, што грозна вісеў над безыменнай рачулкай, стаялі генерал Дубровіч, палкоўнік Хмара, капітан Крамнёў і дзед Рыгор, — стаялі і глядзелі, як пакідаюць сваю немінучую магілу змардаваныя голадам людзі.
Нізка над зямлёй эскадрылля за эскадрылляй праносіліся самалёты.
На захад.
На Мінск.