Выбрать главу

Аляксандр КАПУСЦІН

УСТУП

Не цьмеюць у памяці ўдаўненыя жыццём падзеі грознага і цяжкага часу, калі юнакі і дзяўчаты майго неваеннаабавязанага пакалення ў першыя дні вайны ўступалі ў барацьбу з фашызмам. Жывуць у сэрцы іх дарагія вобразы. Колькі разоў збіраўся расказаць пра тое, ды ўсё адкладваў: ці хопіць творчага імпэту, каб напісаць пра іх так, як яны вартыя таго? А ўпартае жаданне аніяк не адступала, не знікала. Наадварот, з цягам часу яно ўжо чулася мне як абавязак. Перад памяццю і перад будучыняй.

У кніжцы Міколы Мятліцкага «Ружа вятроў» я прачытаў пранікнёны верш «Ветэран».

Яны, палёгшыя, прыйшлі

(Касцёр, як памяць, варушы!)

На покліч гэтае зямлі,

На покліч вашае душы.

Дык няхай родная зямля ведае пра іх, шчырых і мужных. Ім аддаю я сэрцам падказаныя мне старонкі гэтай аповесці.

ПА ДАРОЗЕ У АМЕРЫКУ

Кажуць, у памяці бываюць сімвалы. Аляксей Пятровіч не ведаў, так гэта ці не так, але кожны раз, калі пачынаў згадваць пра «сваю» вайну з фашыстамі ў падполлі, спачатку бачыў той вялікі куст бэзу, які заўсёды яму чамусьці здаваўся нейкім задумлівым і таямніча-змаркочаным. Можа, гэта ад журботнага голасу скрыпкі?

Куст караніўся пад вокнамі хаты яго дзядзькі Аляксандра, якія выходзілі на вясковую плошчу. У той, сорак першы, год вясна была сонечная, цёплая. Ціхімі надвячоркамі, начытаўшыся — рыхтаваўся да чарговага экзамену ў школе — хіміі ці фізікі, Аляксей выходзіў на вуліцу. Ад хаты дзядзькі Аляксандра ліліся то мяккія, меладычна-задумлівыя, то вясёлыя гукі скрыпкі. Дзядзька часцяком пасля работы, як казаў, «душу скрыпцы аддаваў». Аляксей слухаў музыку, і яму здавалася, што гэта бухматыя суквецці ігралі. Ён глыбока носам уцягваў перадвячэрняе волкае паветра — як піў тонкі саладкаваты пах бэзу. Іншы раз яму мроілася, быццам гэтая музыка чараўніцы-скрыпкі — музыка самога жыцця; так яно здавалася яму бясхмарна-светлым і святочна-ўрачыстым. Як цёплая ласкавая хваля, накатвалася, запаўняла яго сэрца салодка-ўзрушлівае пачуццё: міне год, і яго, маладога, дужага, шчаслівы лёс пакліча ў шырокі свет, дзе ён будзе вучыцца, стане інжынерам. Звыклая вясковая вуліца з драўлянымі хатамі і зялёнымі прысадамі каля іх, якая была перад вачамі, вяла яго тады прама да нязведаных цудаў і адкрыццяў. Аднаго разу, ахоплены гарачай узнёсласцю, ён не стрымаўся. Міма пратарахцела запрэжаная праворным калгасным стаеннікам фурманка, і ён услед ёй з пафасам прадэкламаваў:

Скора ў бляску вечара, ой, скора

празвініць на вуліцах трамвай.

О, мары, мары! Якія іншшы раз вы далёкія ад явы! Як глуміць вас няўмольная жорсткая рэальнасць! Праз месяц Аляксей з горкай роспаччу думаў: як жа так здарылася? Як?..

Успаміны Аляксея Пятровіча пра вайну найчасцей пачыналіся з той памятнай дарогі ў Амерыку.

...Фронт быў за васемнаццаць кіламетраў ад Аляксеевай вескі Старая Рудня, якая знаходзіцца на чыгунцы Гомель — Жлобін. Гітлераўцы, дайшоўшы да Дняпра, занялі Жлобін і Рагачоў. Удзень і ўночы ў небе вісеў цяжкі грозны роў нямецкіх самалётаў. Чулася артылерыйская кананада.

У пачатку ліпеня ў сельсавеце сабраўся адкрыты партыйна-камсамольскі сход. Гаворка ішла гарачая: трэба было на вызначаных вайскоўцамі рубяжах капаць процітанкавы роў, акопы і траншэі. На сходзе выступіў упаўнаважаны НКВД Лаўрэнаў. Ён расказаў, што немцы пераапранаюцца ў чырвонаармейскую форму і пад выглядам чырвонаармейцаў шкодзяць у нашым тыле. Значыць, кожнаму неабходна ўзмацніць пільнасць, глядзець ва ўсе вочы і быць рашучымі, дзе спатрэбіцца.

Мужчын у вёсцы засталося мала: старыя, хворыя ды юнакі, якія па ўзросце не прызываліся ў армію. Назаўтра пасля сходу старшыня сельсавета Міхаіл Гарасімаў сказаў Аляксею: «Запішы, камсамольскі сакратар, хлопцаў і дзяўчат, ну, тых, якія згодзяцца. Трэба стварыць групу народнага апалчэння».

Удзень яны, члены групы, як і ўсе, працавалі хто дзе, па начах ахоўвалі масток праз рэчку Окра на чыгунцы, калодзежы. Праз вёску праходзілі вайсковыя часці, везлі параненых, дык каб дыверсант не сыпнуў якой трасцы ў калодзеж і не атруціў ваду.

Аднаго разу пад вечар Аляксея выклікаў Гарасімаў. У кабінеце яго, калі хлопец зайшоў туды, сядзелі два вайскоўцы з кубікамі на пятліцах — лейтэнанты.

— Добры дзень,— сказаў Аляксей і з павагаю паглядзеў на лейтэнантаў. На момант у яго варухнулася зайздрасць да іх: ён заўсёды любаваўся акуратнай падцягнутай выпраўкай і прыгожай камандзірскай формай вайскоўцаў.

— Добры дзень,— адказаў вузкаплечы і хударлявы, які адразу нечага ўстаў. Другі, каранасты, моўчкі кіўнуў галавой.