Неадкладна сабрацца ўсёй групай, каб параіцца, яны не маглі: глядзіш, кінецца каму ў вочы чаго раптам? Хіба вяскоўцу ў такую пару занятку няма? Увечары — іншая рэч: паспяваць, патанцаваць. I ўсё ж Аляксей, Міша і Юрка на колькі хвілін «збегліся». У Юркі. Размова была аднадушная. Выбар упаў на Юрку, Веру і Тоню Сяргееву.
Веру і Тоню нядаўна таксама прынялі ў групу. Наконт Веры ў Аляксея, канечне ж, ніякіх сумненняў не было. А вось пра Тоню супярэчлівыя думкі прыходзілі яму ў галаву. Слоў няма, дзяўчына шчырая, разумная, толькі ці дастаткова гэтага ў іхняй справе? Маларослая, хударлявая, сілы, відаць,— як у ката. А тут жа трэба будзе і страляць, і ўзрываць, і забіваць, глядзі што, давядзецца.
Па праўдзе кажучы, забіваць Аляксей і сам не быў гатовы. Але ж ён мужчына, ён дужы і сілай мужчынскай, і воляй.
Была яшчэ адна прычына, што прымушала Аляксея вагацца. Тоня — дачка старшыні калгаса, які эвакуіраваўся, у акупантаў, відаць, іхняя сям’я на асобым уліку. Адно падазрэнне дзяўчыны — і нітачка прывядзе ў іхняе падполле. Гэтую прычыну, праўда, Аляксей абвяргаў сваім уласным становішчам. Ён не выключаў, што і сам у гітлераўцаў на асобым уліку — былы ж сакратар камсамольскай арганізацыі. I ад яго нітачка можа прывесці. Так што выйсце адно: каб ніякага, ні малейшага падазрэння...
Па юнацкай наіўнасці, па сваёй прастаце душэўнай Аляксей не разумеў тады, што патрэбна бездакорна-тонкая, ювелірная работа, каб перахітрыць каварнага, мацёрага ворага. Але на такую работу яны па нявопытнасці, безумоўна, няздольныя былі. I толькі пазней самі падзеі іхняй барацьбы, як яны складваліся, раскрылі яму вочы на тое, што ім, «зялёным» падпольшчыкам спрыяла: яны ж жылі сярод сваіх людзей.
Калі Веру і Тоню прымалі ў групу, Аляксей спытаў у Тоні:
— Скажы чэсна, табе страшна ці не?
Яна задумліва паглядзела на чырвоную хусцінку, якую Вера акуратна складвала, паціснула плячамі:
— Сама не ведаю... Тата заўсёды гаварыў: «Чалавек, калі ён жыве для людзей, не павінен паддавацца страху».
Аляксей таксама помніў гэтыя словы старшыні калгаса Сяргеева, першага ў вёсцы партыйца. Сяргееў гаварыў іх на ўрачыстых мітынгах Першамая і свята Вялікага Кастрычніка, на сходах калгаснікаў, на пасяджэннях праўлення. Вяскоўцы паважалі і любілі яго. Можа, іменна глыбокая іхняя пашана да свайго старшыні выклікала лютую злобу бандытаў.
Познім зімовым вечарам, калі Сяргееў вяртаўся з МТС, двое перастрэлі яго ў лесе. Спынілі, папрасілі сярнічку. Адзін прыкурваў, другі стаў на палазы вазка ззаду. Стрэл у патыліцу паваліў Сяргеева ў вазку. Куля прабіла галаву, выбіла вока. Але другога стрэлу, у ляжачага, бандыт зрабіць не змог. Гарачы конь выратаваў старшыню: шалёна рвануў, і бандыт кульнуўся ў снег. Калі Сяргееў ачуняў, яму для самаабароны прапанавалі пісталет. Ён адмовіўся: суд жа пакараў злачынцаў.
Усё гэта прамільгнула ў Аляксея ў галаве, пакуль ён пазіраў на Тоню, якая, паўтарыўшы бацькавы словы, хвіліну сядзела моўчкі. Яна ў журботнай задуме крыху схіліла набок галаву з гладка прычасанымі цёмна-русымі валасамі і нагадвала сабой як бы насцярожаную пільную птушку. У абліччы яе пабачылася Аляксею нешта новае, нібыта яна адразу пасталела. I твар не такі дробны, як здаваўся раней, і шчокі не бледныя... Неспадзявана Аляксей збянтэжыўся яшчэ больш: у Мішавых зрэнках раіліся зыркія гарачыя іскрынкі, якія высвечвалі нейкі асаблівы бляск вачэй.
Сёння, калі Аляксей пераказваў дзяўчатам заданне, якое выпала на іх долю, Тоня зноў пабачылася яму такой, як тады пасля клятвы. Прыгадалася, як яна ўспомніла бацькавы словы. I Аляксею падалося неверагоднае: быццам не дачка паўтарыла тое, што гаварыў бацька, а той паўтараў, што аднойчы сказала яна. Дзіўнае ўражанне не адразу пакінула Аляксея і пасля таго, калі дзяўчаты пайшлі.
Было апоўдні. Дзень хмурыўся шэрай хмараю, што папаўзла па небе з захаду. Аляксей прынёс вады з калодзежа, пайшоў пад павець выстругаць аглаблю ў калёсы, бо старая зламалася. Стругаў і думаў: якая шкода будзе ворагу ад таго, што яны спілуюць тры-чатыры тэлеграфныя слупы? Замяніць жа іх — пусцяк... Але сэрца не хацела пагаджацца з гэтай думкай: пакуль сувязь не працуе, паязды не пойдуць, не павязуць, што неабходна фронту кожную гадзіну. Зноў жа, няхай чужынцы не спадзяюцца на спакойнае жыццё тут, няхай ведаюць: надыдзе час — не гэта ім будзе.
Пад вечар Юрка запрог каня, і яны з Верай і Тоняй паехалі на пожню за вёскай па сена. На возе ў іх ляжалі рубель і вяроўка, а пад пасцілкай, якую ўскінулі, каб не сядзець на голых дошках, былі схаваны піла і сякера. Аляксей з Мішам пайшлі да Сяргея. Ён жыў насупраць Гусачка. Утрох яны выйшлі на вуліцу, дэманстратыўна расселіся на лавачцы. Сядзелі доўга, гучна размаўлялі абы пра што.