У прысадах клікала кагосьці тоненькім галаском сініца. Па высокай травінцы ўзбоч лавачкі ўзбіралася і ніяк не магла ўзабрацца на верх божая кароўка. Настойліва старалася, але травінка пад яе цяжарам згіналася, яна падала і зноў лезла. Аляксей назіраў за ёю, а тым часам бакавым зрокам бачыў, як у Гусачковым акне не-не ды адхіляўся ражок фіранкі.
3 прыцемкам па вясковай вуліцы праехала фурманка з возам сена. Юрка, седзячы на возе, гучна паганяў каня:
— Но-о, цягнешся, ваўкарэзіна! Ужо б траву скуб, каб не такі лянівы быў.
Хлопцы зразумелі, ён узвышаў голас не на каня, а каб яго пачуў Гусачок і каб ім сказаць тое, чаго яны напружана чакалі.
Наступнай раніцай Гусачок, ходзячы ад двара да двара, крыўдліва бубніў сабе пад нос:
— Дык жа з усяго свету пазганялі, а мне шукай, нюхай. Што я, сабака? Яны, можа, пірэвіцкія ці чацвярэнцы, дык мне туды ляці? Крылле распластаў і паляцеў?..
Цяпер жыццё падпольшчыкаў зрабілася станам чакання і прагі дзеяння. Гэта падоўжвала дні і ночы, час як бы размываўся, губляў свае граніцы. Для іх ён цяпер стаў адлічвацца падзеямі.
САРАКАПЯТКА
Маці папрасіла Аляксея схадаіць у лес навязаць венікаў на зіму.
Лес быў недалёка, паўдужжам акаймляў вёску. Аляксей абрадаваўся яе просьбе. Як яму трэба было наведвацца туды! Збіраць зброю, патроны, гранаты. Праўда, ён ужо рабіў гэта неаднойчы, але таіўся ад маці. Яна дужа калацілася за яго — каб не трапіў у якую бяду, і ён ашчаджаў яе, няхай лішні раз не хвалюецца, не перажывае.
Апошнімі днямі прайшлі дажджы, пахаладала. У лесе было ціха, вільготна, вусцішна. Аляксей шастаў у гушчарніку ва ўрочышчы «Волнае» і каля рэчачкі Окра наткнуўся на невялікую гарматку. Ішоў, спатыкнуўся аб нешта ў траве, нагнуўся. Спалохана адступіў на крок: снарад! Павёў няўцямным позіркам наўкола і тады пабачыў яе. Зарасла травой у кустоўі, толькі задранае ўгору дула вытыркалася з вецця. Вось дык знаходка! I снарады вунь каля яе параскіданы... Глядзеў, як бы не верачы вачам. Потым падышоў, пакратаў дула, шчыток, гумавыя колы. Саракапятка. «Можа, якраз тая самая, што тады ў нас пад павеццю стаяла?» — і быццам з нейкай дзіўнай радасцю, і з крыўдай падумалася Аляксею.
Было гэта летась такой парою. Чырвонаармейская часць, якая накіроўвалася на фронт, спынілася ў вёсцы на прывал. У двор да Аляксея ўехала артылерыйская запрэжка. Чырвонаармейцы, каб не трапіць пад нямецкія бомбы, выпраглі коней, завялі іх у хлеў, гармату закацілі пад павець. Самі паселі на дровах, паразвязвалі свае рэчавыя мяшкі. Маці запрасіла іх у хату да стала — адмовіліся: пасядзім за сталом — дык яшчэ, чаго добрага, дадому захочацца. Яна вынесла ім гладышку сыраквашы з вяршком, Аляксей прынёс вядро яблыкаў. Прынёс і застаўся пад павеццю, разглядваў саракапятку. Круглатвары, з двума трохкутнікамі на пятліцах чырвонаармеец, хрумстаючы белымі зубамі сакавітую цітаўку, сказаў яму:
— Будуць, хлопец, у армію прызываць — у артылерыю прасіся. Артылерыя — бог вайны. Вось гэтая маленькая ды ўдаленькая ведаеш як смаліць па фашысцкіх танках? Лупане — сталёвы звер што свечка гарыць.— Як бы ў пацвярджэнне сваіх слоў ён падышоў да гарматы і зухавата клацнуў замком.
«Знахо-одка... «Сталёвы звер — што свечка гарыць...» Ды от што нам рабіць з ёю? Не вінтоўка ж, не граната...» Але бянтэжлівыя думкі, неспадзявана ўзнікшы, ненадоўга затрымаліся ў Аляксеевай галаве. Радасны, узнёслы настрой яго ўзяў верх. «Як — што? Лес жа наўкола, прыхаваем да пары да часу. Не сёння-заўтра з партызанамі звяжамся».
Пагалоскі пра партызан усё настойлівей хадзілі па людзях. Там поезд, які да фронту ішоў, пад адкос кульнуўся, там мост на шашы ўзляцеў у наветра... Раскрыліліся чуткі, што партызаны ў Завад, у Баранаўку і ў іншыя навакольныя вёскі, якія воддаль ад чыгункі, ужо наведваліся. «I ў нашу Старую Рудню, мажліва, таксама прыходзілі да каго? Дык да каго ж?» — ламаў галаву Аляксей. Ён перабіраў у памяці добры дзесятак вяскоўцаў, і да кожнага з іх была ў яго адна думка: да гэтага маглі. Але ж тут справа такая, што не папытаеш!
Цяпер, нястрымна радуючыся сваёй знаходцы, Аляксей сам сабе прыгаворваў: «Не сёння-заўтра звяжамся».
Дадому ён вяртаўся — як на крыллі ляцеў. Венікаў, канешне ж, таксама навязаў: няхай бачаць людзі, чаго ў лес хадзіў. Дома шпурнуў венікі ў кут — і хутчэй да Мішы.
— Цяпер у нас свая артылерыя ёсць,— выпаліў ад парога і прыкрыў рот рукою: ці няма яшчэ каго ў хаце? Агледзеўся — нікога не было.— Бог вайны!
— Які бог, што ты выдумляеш? — Міша ведаў, Аляксей дарэмна што плявузгаць не будзе, але аб чым гэта ён? — Не цягні, гавары хутчэй.