Выбрать главу

Расказваючы сябру пра саракапятку, Аляксей асабліва, са значэннем падкрэсліў: і снарады ж маюцца! Яны вырашылі: знаходку неадкладна трэба надзейна схаваць, каб хто з паганай душой не пабачыў яе. Не ведалі яны тады, што гармата не магла страляць.

Расчараванне і крыўда абрынуліся на іх, калі на другі дзень яны прымчаліся на запаветнае месца да Окры. Аляксей падскочыў да гарматы:

— Вось яна, глядзі!

У запале радасці хацеў прадэманстраваць яе баявую гатоўнасць, клацнуць, як гэта рабіў чырвонаармеец з трохкутнікамі на пятліцах, замком, і аслупянеў: замка не было. Бездапаможна паглядзеў на Мішу. Той усё зразумеў. Яны разгублена прыселі на станіну. Маўчалі. Скулы на шчоках Аляксея напяліся і як закамянелі. Няўжо тут хто пабыў учора пасля яго? Не, быць не можа... А чаму — не можа? Магчыма, таксама хто ў венікі прыходзіў... Ён пашнарыў позіркам наўкола, шукаючы якіх слядоў. Не паверыў вачам, устаў, пераступаючы снарады, пахадзіў вакол гарматы. Нічога падазронага не прыкмеціў. Значыць — чырвонаармейцы выкінулі. Каб ворагу не засталася. Учора ён проста не заўважыў, што замка няма, узрушыўся, замітусіўся... Раптам ён шпарка крутнуўся да сябра.

— Паслухай, Міша, нікуды яны не панеслі яго, недзе тут закінулі.

— Хутчэй за ўсё ў рэчку,— адразу адгукнуўся Міша.— Выхапіў і шпурнуў вось тут. Давай пашукаем.

Спачатку яны торкалі жардзінамі ў дно, але гэта не давала надзеі на поспех. Натыкнецца жардзіна на цвёрды прадмет, выцягнуць — а то корч. Тады яны параздзяваліся, сталі нагамі мацаць. Вада ў рэчцы была золкая, мускулы скоўваў холад. Праз паўгадзіны — ажно зубы заклацалі. Выскачылі на бераг, сталі бегаць туды-сюды, махаць рукамі, прысядаць. Патаўкліся — і зноў у рэчку.

Так паўтаралася некалькі разоў. Метр за метрам даследуючы дно, яны ўжо далекавата адышлі ад гарматы. Аляксей прамёрз да касцей і стаміўся да знямогі, а Міша, быццам зусім не ведаючы стомы, таптаў і таптаў нагамі, усё роўна як уюноў у таптуху заганяў. Пад старой навіслай алешынай раптам спыніўся, як задумаўся чаго.

— Кажысь, нешта ёсць.— Сказаў так, што Аляксей адразу падсвядома запратэставаў: чаму «кажысь»? Ён прыблізіўся, датыкнуўся пальцамі да Мішавай ступні і пад падэшвай адчуў жалязяку. Адразу быццам сагрэўся, быццам вада ў рэчцы пацяплела. Жалязяку засмактала твань, і толькі частка яе вытыркалася з дна. Каб учапіцца за яе рукамі, трэба было ныраць. Нырнулі. Выцягнулі, паглядзелі адзін на аднаго і ціха, шчасліва засмяяліся.

Яны ачысцілі замок ад ілу, выцерлі насуха. Змазалі калёсным дзёгцем. Аляксей, як збіраліся, здагадаўся, што дзёгаць можа спатрэбіцца, і навышкрабаў з дзягцяркі састарэлыя астаткі. Вырашылі схаваць саракапятку і замок паасобку. Мала што можа быць? А так — калі немцы альбо паліцаі і знойдуць гармату — няхай пастраляюць. I снарады ж во ёсць — ды трасцы.

Загарнулі замок у Аляксееву споднюю палатняную кашулю, абкруцілі яшчэ нейкім брызентам, які валяўся пад станінай, аднеслі далей і закапалі пад вываратнем старой бярозы. Пазносілі снарады, склалі пад гарматай. На яе вавалілі ламачча — лоўж, ды і толькі. Міша залез на яго, прытаптаў, каб быў шчыльней, каб схову не відаць было. Потым як стаяў на ім, так і шлёпнуўся, сеў. I заспяваў:

Ра-асцвета-али яблони и груши,

Поплыли туманы над рекой...

— Наўкола вольхі, бярозы ды сосны, а ты — яблыні і грушы,— усміхнуўся Аляксей.— Не трэба. Каб не пачуў хто.

Бралася на змярканне. Лес стаяў маўклівы, прыціхлы. «Ці-іў, ці-іў» — тоненька пачулася невысока ў вецці. Воддаль застукаў дзяцел сваім моцным клювам. Праз мінуту зноў стала ціха — ні гуку. Усё замерла, прытаілася. Старыя разгалістыя дрэвы быццам цяжка і засяроджана думалі свае спрадвечныя патаемныя думы. Хлопцы таксама сцішыліся, нібы слухаючы што таямнічае зачараванымі душамі. Колькі паданняў, легенд і казак, быляў і небыліц, якія жудой захватвалі дух, нарадзіла ў людзях чараўнічае яднанне з лесам, пакланенне яго патаемнай усемагутнай сіле!..

Памалу пачаўся нясмелы дожджык, украдліва зашамацеў у каляным, пастарэлым за лета лісці. Аляксей паглядзеў на неба. Толькі там, адкуль раніцай льюцца зыркія сонечныя праменні, яно было празрыста-чыстае, а над галавой яго шчыльна засланілі хмары. Так, пачынаецца пара, калі халодныя дажджы будуць суткамі ліць на голую зямлю, расквасяць дарогі і сцежкі. А тым, для каго прыхавана сёння такая дарагая знаходка, трэба будзе пад пастаяннай небяспекай смерці ў любую пагоду, удзень і ўначы хадзіць па гэтых дарогах і сцежках...

Цяпер толькі Аляксей адчуў, з якім цяжарам навалілася на яго стома. Пацягнуўся, напружыўся і быццам скінуў з сябе штосьці непатрэбнае яму тут, лішняе цяпер.

— Пайшлі?