— Трэба тэрмінова завезці таварышаў камандзіраў у Амерыку. Запражы каня і завязі,— загадаў Аляксею Гарасімаў.
— Ага, тэрмінова,— падхапіў хударлявы.— Вайна, хлопец, не чакае.
Калгасны двор знаходзіўся недалёка, і мінут праз дзесяць Аляксей падкаціў да сельсавета.
Лейтэнанты хутка паклалі на воз свае рэчавыя мяшкі, спрытна ўскочылі самі. Рахманы канёк, падахвочаны пужкай, праворна затупаў па праторанай пасярод вуліцы калёснай дарозе.
Амерыкай называўся невялікі пасёлак. Ён туліўся на пагорку па правы, калі ехаць на Жлобін, бок чыгункі. Увосень, вясною і нават улетку пасля добрага дажджу балацявіну, што з усіх бакоў акружала яго, запаўняла вада, і ён быў як на востраве. Таму і Амерыка.
За вёскай хударлявы лейтэнант спытаў у Аляксея:
— Ты камсамолец? — Пільны востры позірк яго ўпіўся ў твар хлопца.
Аляксей Пятровіч адказаў яму так:
— У нас усе камсамольцы.— Адно яму цвёрда падалося тады: што адказаў як трэба, з годнасцю.
Лейтэнанты пераглянуліся. Гэтая пераглядка чамусьці нядобра кальнула Аляксея. Яму закарцела ў сваю чаргу спытаць: «А вы чаго ў Амерыку едзеце?» Ды ён адразу прыкусіў язык: у вайсковых людзей такое не пытаюць.
Нейкі час ехалі моўчкі. Потым азваўся лейтэнант:
— А камуністаў у вас многа?
Аляксей збянтэжыўся: што сказаць? Па-першае, ён не ведаў колькі, а па-другое — навошта ім гэта, чаму дапытваюцца? Трэба — дык маглі ж у сельсавеце ў старшыні спытаць. Аднак неабходна было нешта адказваць. I ён спакойна адказаў:
— Не ведаю.
Спакойна... Але які гэта быў цяжкі спакой! Грудзі, раптоўна наваліўшыся, распіралі трывога і страх, у галаве да звону ў скронях забілася: «Што, калі гэта тыя, пра каго гаварыў Лаўрэнаў?»
Уз’ехалі на грэблю, якая пралягала праз балацявіну. Яна была даўжынёю метраў дзвесце. Колы па восі хаваліся ў вадзе — напярэдадні ўсю ноч ліў дождж. Конь сам адчуваў дарогу, а Аляксею ўсё нечага карцела кіраваць ім.
I на сярэдзіне грэблі рука раптам паміма яго волі тузанула за лейчыну. Паслухмяная жывёліна ступіла ўбок і ўгрузла пярэднімі нагамі ў твань. Рывок — і перадок воза скаціўся з грэблі, а конь ужо загруз на ўсе чатыры. Ён стаў ліхаманкава тузацца з усёй сілы, храпці, але зразумеўшы, што гэта марна, заціх, зняможана ляжаў брухам на твані.
— Ах ты, воўчае мяса, дарогі табе не было! — пачаў Аляксей з прытворнай злосцю лаяць яго.— Цяпер во вылузвайся са скуры, дурань.
— А ты куды глядзеў! — вызверыўся на хлопца хударлявы лейтэнант.— Вось так вы дапамагаеце Чырвонай Арміі.
Аляксей саскочыў з калёс, боўтаючыся як не па пояс у вадзе і багне, учапіўся за аглаблю.
— Зараз мы ўдвух... Зараз выберамся,— паўтараў ён, імкнучыся заспакоіць і сябе, і іх. Тым часам разумеў, што то без добрай дапамогі ім не выкараскацца. Прытвараўся ж, каб паказаць, што ніякага падазрэння ў яго не ўзнікла і ён шчыра стараецца, бо мусіць выконваць загад старшыні. А ў галаве круцілася разгубленая думка: «Што рабіць, што?»
Конь яшчэ зрабіў некалькі беспаспяховых намаганняў выбавіцца з багны і канчаткова змірыўся са сваім становішчам.
— Ты што, не бачыш, смаркач? — узарваўся хударлявы.— Людзей трэба паклікаць, людзей!
Яны сядзелі ў задку калёс, які завіс на гаці. Падабралі пад сябе ногі, рэчавыя мяшкі трымалі на каленях.
«Во-во, людзей паклікаць»,— абрадаваўся Аляксей словам лейтэнанта. Па праўдзе кажучы, яму было боязна з гэтымі загадкавымі вайскоўцамі. Калі яны на самай справе нямецкія лазутчыкі, дык яшчэ застрэляць альбо ўтопяць у гэтым балоце.
— Ну, тады я мігам,— адказаў Аляксей з гатоўнасцю, але, зноў жа стараючыся не паказаць сваёй радасці.
Змяркалася.
Усю дарогу Аляксей бег трухам. Па меры таго як аддаліўся ад грэблі, думкі яго ахалоджваліся, спакайнелі. Чаго тут панікаваць? Калі разабрацца, дык і няма ніякіх падстаў біць трывогу. 3 залішняй падазронасці, са страху можа паказацца чорт ведае што. Былі б яны фашысты — утапілі б яго ў багне, і толькі таго. Нават не стралялі б, каб кулю не псаваць і не выдаваць сябе стрэлам... Прыбліжаючыся да сельсавета, Аляксей ужо зусім засумняваўся ў сваіх падазрэннях. Наадварот, усё больш думаў, што можа трапіць у недарэчнае становішча. Засмяюць яго, як Грышку Беразянку. Пры ўспаміне пра Грышку Аляксей нават усміхнуўся: во храбрэц!
Той вартаваў калодзеж і заснуў каля сахі. На досвітку цётка Арына стала чэрпаць ваду, ён спрасоння прыняў яе за нямецкага шпіёна і ўзняў вэрхал: «Стой, страляць буду!..» Смеху было!.. На ўсю вёску. «Цяпер ён на мне адыгра-аўся б, паце-ешыўся б»,— падумаў Аляксей. I на-ват уявіў, як Грышка, схапіўшыся за жывот, закатваецца рогатам.
У сельсавеце, акрамя Гарасімава, знаходзіліся ўпаўнаважаны НКВД Лаўрэнаў і ўчастковы міліцыянер Альшэўскі. Усе трое былі нейкія ўзбуджаныя. Відаць, у іх адбывалася гарачая гаворка.