Выбрать главу

I толькі паспела крыкнуць: «Што вы робіце, ірады!» Спачатку пачула, як надрыўна віскнуў Тузік, і амаль у той жа момант ад нясцерпна балючага ўдару ў жывот страціла прытомнасць. Да памяці прыйшла ад таго, што дужа змерўла, бо выскачыла ў адной сподняй кашулі. На плошчы нікога не было. Вось тады яна і загаласіла.

Пусёўкай звалі ў вёсцы адзінокую сварлівую старую, якая, як былая батрачка, займала палову хаты былога кулака, што выходзіла двума вокнамі на вясковую плошчу. Хто і чаму празваў жанчыну так, невядома было. Ніхто не ведаў ні яе прозвішча, ні імя. Можа, дзе ў сельсавеце яны і былі запісаны, але нікога не цікавілі — Пусёўка і Пусёўка. Яна не крыўдзілася, адгуквалася на гэтую мянушку. Акрамя Тузіка, белага сабачкі, у яе нікога не было. Затое сабачка быў нібы нейкім неад’емным прыдаткам да яе асобы: дзе яна, там і ён. У вёсцы амаль не было такога чалавека, з кім бы яна не пасварылася. За якую нікчэмнасць прычэпіцца, потым будзе хадзіць у сваёй нязменнай засаленай камізэльцы і бурчаць, бурчаць. А Тузік за ёю — след у след.

Толькі з адным Аляксандрам Несцеравічам у яе не было канфлікту. Яго яна паважала як сапраўднага інтэлігента — на скрыпцы ж іграў! Іншы раз па-суседску бывала і такое. Прыйдзе да яго, папросіць: «Сыграйце што-небудзь, шаноўны Ляксандра Несцеравіч, размякчыце душу — дужа ж яна нечага закамянела». Ён ведаў, што яна больш за ўсё любіла «Окрасился месяц багрянцем...» Іграў, яна сядзела на табурэтцы пры дзвярах (далей не праходзіла, казала, каб вышараваную падлогу не запэцкаць), і з маленькіх пабляклых вачэй каціліся слёзы. Тузік, тулячыся да ног жанчыны і задраўшы галаву з чорным носам-пятаком, пазіраў на яе і ціхенька скуголіў.

Дык вось гэтая Пусёўка і ўстроіла на плошчы «спектакль» па просьбе Аляксандра Несцеравіча.

3 тыдзень пасля таго старую на вуліцы ніхто не бачыў. А светлым сонечным майскім ранкам людзі пачулі ў яе хаце жахлівае выццё Тузіка. Дзверы знутры былі зашчэплены. Узламалі іх — яна была мёртвая. Пахавалі яе на вясковых могілках пад старой разлапістай бярозай, якая звесіла свае галіны-косы ледзь не да зямлі. На пахаванне сышлася амаль уся вёска. Па ёй ніхто не плакаў, маўклівыя людзі стаялі з панура апушчанымі галовамі. Аляксандр Несцеравіч, вярнуўшыся з могілак, адразу зняў скрыпку са сцяны і доўга іграў «Окрасился месяц багрянцем...»

Пра смерць Пусёўкі Вера праз сувязную Надзю Козыр, якая жыла на лясным пасёлку Верны, перадала Аляксею ў партызанскі атрад. Аляксей, Міша, Юрка і Сяргей прыйшлі да камандаіра атрада.

— Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца! — Аляксей выцягнуўся па стойцы «смірна».

— Ад імя ўсіх ці кожны будзе сам ад сябе? — усміхнуўся камандаір, і прадаўгаваты бледны твар яго са скуластымі шчокамі памаладзеў.— Звяртайцеся.

— У нас такая просьба: загадайце камандзіру саракапяткі, якую мы перадалі ў атрад, каб ён, калі будзе рабіць першы выстрал па ворагу, сказаў: «У памяць аб...» — Аляксей запнуўся, збянтэжана наглядзеў на хлопцаў. Скаааць «аб Пусёўцы» ў яго не паварочваўся язык. А як скажаш?.. Колькі секунд яны разгублена маўчалі. Знайшоўся Юрка:

— Аб партызанскай бабулі.

Смаляна-чорныя бровы камандзіра сышліся бліжэй адно да аднаго.

— Жарты жартуеце, моладзь? — Суровы ўважлівы позірк яго прайшоўся па засяроджаных тварах партызан.

— Не жартуем, таварыш камандзір,— сказаў Сяргей.— Мы просім.

Камандзір перапытаў:

— Не жартуеце, кажаш? — Ён пачынаў ужо здагадвацца, што за гэтай просьбай хаваецца нешта дарагое і важнае для хлопцаў, пра што ім зараз, відаць, расказваць было не да часу.— Добра, дам такую каманду. А чаму ў вас такая просьба — раскажаце мне другім разам.— I паўтарыў: — «У памяць аб партызанскай бабулі».

БЯРОЗКА НА ГРУДКУ

Сустрэліся яны ў ляску за пасёлкам. Надзя Козыр, тварам крыху падобная на манголачку, танклявая праворная дзяўчына, з’явілася перад Аляксеем, як з зямлі вырасла. Выскачыла з-за тоўстай хвоі, і не паспеў ён апамятацца, як яна чмокнула яго ў шчаку.

— А вось і я. Прынёс што?

— А як жа! — Аляксей выцягнуў з-пад рэменя палатняную торбачку — у такіх да вайны вясковыя школьнікі насілі кнігі і сшыткі,— дастаў з яе пакунак і працягнуў Надзі.— «Правда», «Советская Белоруссия» і лістоўкі. Якія ў вас навіны?