— Уласаўцы сталі насцярожвацца. Што такое? Апошнім часам і засады, і аблавы іхнія — найчасцей упустую. Партызаны спалохаліся, прыціхлі? Дык жа на чыгунцы то там, то тут грукоча, ляцяць пад адкос эшалоны.
3 лета ў вёсцы размясцілася буйная вайсковая часць уласаўцаў. Раскватараваліся па хатах.
На першым часе пры гаспадарах яны асцярожнічалі, паводзілі сябе з аглядкай. Але пакрысе насцярожанасць іхняя ўсё больш прытуплялася: каго ім, да зубоў узброеным, баяцца тут? У размовах між сабой у іх часам прарывалася такое, што адразу ўлоўлівала старонняе чуткае вуха: «Засада пад Рудзенскай...». «Аблава ў ваколіцах Баравухі...» Калі падобнае чулі і вяскоўцы, якія не мелі сувязі з партызанамі, усё роўна яны здагадваліся, каму трэба пераказаць пачутае: дзяўчатам-сакатухам — там жа, у партызанах, іхнія хлопцы... Нярэдка і такое бывала: на падпітку расхваліцца які-небудзь балбатлівы гора-залётнік перад дзяўчатамі, і сарвалася ў яго з языка: «Заўтра ўвечары, хай толькі лясныя бандыты ўздумаюць да чыгункі сунуцца — мы іх каля Баранаўкі, як зайчыкаў, возьмем...»
Праз гадзіну-другую па «жывым ланцужку» паляцелі звесткі гэтыя ў лес.
— А не прыкмецілі, можа, на каго канкрэтна ўпала падазрэнне? — Аляксей зноў засунуў торбачку пад рэмень, уважліва пазіраў на Надзю.
— Пакуль што не прыкметна такога. Тут яшчэ другое!..— Надзя сумна ўсміхнулася.— Многія вяскоўцы залічылі дзяўчат у здрадніцы Радзімы. Са здраднікамі знаюцца, значыць, і самі здрадніцы. У адкрытую сцёбаюць па вачах. Учора Валі Мікалаевай і Соні Паўленка папала. Ідуць яны па вуліцы, а Маруся Гузей ад сваіх весніц крычыць: «Што, панюхаліся ўжо?» I сыпанула абразы.
— Патрыё-ётка — Маруся! — крутнуў галавою Аляксей.
— Ага, ёй лёгка быць патрыёткай,— пакрыўдзілася Надзя.— Няхай бы яна пабыла на іх месцы. Соня расказвала, пасля якога нюхання яны ішлі з пагулянкі. Адзін уласавец так чапляўся да Валі! Набычана ўставіўся на яе і чаўпе: «От ты ўсё дзярэшся: мы і шкурнікі, і здраднікі... То чаго ж вы ліпнеце да нас? I зоркі разам з намі ў небе лічыце, і абяцаеце замуж за нас павыходзіць, як вайна скончыцца. Чаго?» А Валя — ты ж ведаеш яе хватку, не забыўся, можа, яшчэ? — сячэ і паліць: «Дзівак!.. Дык жа дзе цёпла, туды і рукі працягваеш, каб пагрэць іх. Зразумеў?.. А замуж я магу выйсці за цябе хоць зараз, толькі скажы мне па сакрэту, дзе немцы маёнтак табе выдзеляць за верную сдужбу. Хачу стаць графіняй. Ха-ха-ха!.. Ён звёў рыжыя бровы: «Кручаная ты дзеўка, Валянціна. І сапраўды, відаць, рукі пагрэць табе хочацца, і гэткай высакароднай карціць павыстаўляцца: усё вочы колеш. А што, калі б я цябе зараз да обер-лейтэнанта?.. Каб пацікавіўся бліжэй, што яно такое — тваё высакародства?» Гэта Валя толькі магла так — яна ўсміхалася: «Скажы мне, горды рыцар, як пішацца слова «дабро»? 3 вялікай ці з малой літары? — I не дала апамятацца ўласаўцу: — Не ведаеш? А вось обер-лейтэнант, відаць, ведае, што з вялікай. Хадзем папытаем?» Тут і Соня ўставіла сваё: «Не, давайце запросім обер-лейтэнанта сюды, у наш вясёлы гурт. Чалавек ён культурны, абыходлівы, з ім цікава будзе». «Не трэба,— запярэчыў уласавец. Пасядзеў, уставіўшы вочы ў дол, рэзка ўскінуў галаву: — Гляджу я на цябе, Валянціна, і думаю: да каго б ты была падобная, каб табе вусы прыклеіць?» «А няўжо падобная была б?» — пляснула Валя далонямі. Яна здагадалася, каго ён меў на ўвазе. I смуглявая ж, і нос з гарбінкай... Уласавец калюча, яхідна ўсміхнуўся, але адразу ж патух, прыгнуў плечы і нібы сціснуўся. «Кручаная ты, Валянціна, і дужа хітрая — усё на мазгі гарачым капаеш. Прызнайся, ёсць у цябе хто ў партызанах ці не?» «Ха-ха-ха! — закацілася рогатам Валя. Раўнуеш?»
— Вось такое было там нюханне,— закончыла расказ Надзя.
— Што паробіш! — развёў рукамі Аляксей.— Пасушыце зубы з тымі кавалерамі, пафліртуйце...— і дадаў. весела ўсміхнуўшыся: — на карысць Радзіме.— У вачах яго раптам загарэліся хітрыя іскрынкі.— Толькі глядзіце там!.. А то хаханькі, хіханькі ды, чаго добрага...
Надзя засмяялася:
— Раўнуеш? Раўнуйце, раўнуйце, злей ваяваць будзеце. Зноў жа, мацней...— Яна не дагаварыла, што «мацней», толькі бліснула вялікімі белазорымі вачамі. Ды ёй і не трэба было дагаворваць, Аляксей усё зразумеў. Скаааў з вясёлай жартаўлівасцю:
— А мацней некуды. Зразумела? Так і перадай дзяўчатам... Але, Надзейка,—да справы. Што яшчэ ў цябе?
— Яшчэ Вера перадавала асабіста табе. Прасіла, каб слова ў слова. Адзін уласавец, з пастаяльцаў вашага двара, падышоў да маці вашай і кажа: «Хадзяйка, дзіўны сон сёння сасніў я. Быццам ёсць у цябе сын, і быццам пайшоў ён у савецкую банду. А мы твайго бандыта злавілі. I прысніцца ж!.. Дык што скажаш, хадзяйка?» Маму як токам ударыла: шапарнуў хто? Божа літасцівы!.. Узяла сябе ў рукі, усміхнулася: «Харошы сон». Уласавец здзівіўся: «Харошы? Чаму?» «Значыць, не зловіце». Ён збянтэжыўся: «Дык што, сапраўды твой сын не ў Германіі, а ў партызанах?» «Ну во, хто ж на жарт адказвае сур’ёзна? На жарт — жартам».— Яна завярнулася і пайшла ў хату, а ён услед ёй: «За такія жартачкі — каб гаўптман пачуў!..» — Над Надзіным тварам навісала кучаравая галінка бярозы. Дзяўчына сарвала лісток з яе, прыклала яго да вуснаў, быццам пацалавала, уздыхнула.— Гэта я слова ў слова пераказала. Цяпер вось яшчэ. Вера гаварыла, што да таго ўласаўца трэба ёй прыгледзецца. Раніцай пра сон выдумляў, а надвячоркам украдкі ад сваіх чытаў нешта. Паазіраўся, ці няма каго на двары, шмыгнуў пад павець, выхапіў з халявы бота нейкую паперку і прыпаў да яе вачамі. А Вера за ліпай, што ў вас за плотам расце, стаілася. Ён прачытаў, хуценька сунуў паперу назад за халяву. Пакрочыў не ў хату, а да весніц. Вера выйшла з-за ліпы, кашлянула. Крутнуўся, як на стрэл. «Ты што?!» «Як што? Нічога». «I сапраўды, што я пытаю?» Разгубленая, горкая ўхмылка скрывіла яго рот.