Заціўкала птушка над галавой у вецці бярозы. Паспрабавала свой тоненькі спеўны галасок і змоўкла, нібы рыхтавалася, каб ужо заспяваць на ўсю моц і надоўга.
— Калі ён чытаў лістоўку, то дзе ўзяў яе? — гаварыла далей Надзя.— Нашу? Дык як яна трапіла да яго? Праз каго?
«Можа, трапіла і з іншага боку, ад Уладзіміра Якімава?» — мільганула ў Аляксея думка.
Надзя працягвала:
— Зноў-такі ж, калі лістоўка, то каго яна яшчэ сярод іх цікавіць? Пэўна ж, не аднаго яго... Усё гэта, Вера сказала, неадкладна пастараемся разузнаць і паведаміць вам... Ну, цяпер усё. Прывітанне Юру і ўсім астатнім.
— Наступны раз Юрка прыйдзе,— шматзначна сказаў Аляксей.
Яны развіталіся. Надзя, лёгкая, імклівая, як матылёк, хутка знікла за дрэвамі.
Аляксей ступаў шпарка, шырокімі не па росце крокамі. У партызанскім атрадзе ён стаў прывучаць сябе так хадзіць — каб як іншыя хлопцы, рослыя і статныя. А то паглядзіць на сябе як бы збоку — дык дрып-дрып, дрып-дрып... Цяпер ён не думаў, як яму трэба ступаць, а крочыў так хутка, бо думкі прыспешвалі яго. Газеты, лістоўкі... Трэба, каб іх таксама чыталі ўласаўцы, паліцаі. Абавязков трэба... Можа, каторыя абразумяцца. Славакі ж вунь, чэхі і нават немцы пераходзяць да партызан... Сярод гэтых гарачых думак найбольш востра гукалася адна: «А што калі і Яшку Трахімаву падсунуць «Вести с Советской Родины»? Ён намагаўся ўявіць, як бы павёў сябе Яшка і не мог. Аднак думка не цьмела, не размывалася.
Аляксей спяшаўся ў атрад, бо пра ўсё яму хутчэй трэба было далажыць камандзіру. Разважанні, накліканыя сустрэчай з Надзяй, захапілі ўсю яго ўвагу, але ў падсвядомасці ні на хвіліну не знікала адчуванне небяспекі, якая падсцерагала на кожным кроку.
Адмераў кіламетраў пяць. Наўкола было ціха, спакойна. Дарога ішла паўз лес. Пахла гарачай сухой зямлёю, нагрэтай смалістай сасной.
Ён спыніўся. На ўзбочыне сарваў рамонак і ўсунуў у пятліцу кашулі. «Кавале-ер!..» Слова прагучала весела і гарэзліва, стала святлей у напружанай душы, быццам пырснулі туды зыркія гуллівыя промні.
Непадалёку на ўзлеску пад лёгкім сонечным ветрам калыхала галінамі стройная кучаравая бярозка. Яна, аддзяліўшыся ад сваіх равесніц сасонак, горда красавалася на невысокім грудку. Аляксей на хвіліну залюбаваўся прыгажуняй. Спахапіўся, ступіў таропка.
— Хальт! — 3 лесу выскачылі трое.
Рука схапілася за «лімонку», падвешаную да рэменя. I абарвалася. Аляксей быццам выцяўся бокам аб нейкую нябачную патырчаку. У галаве бліснула: што так балюча рванула нутро? Ён упаў наўзніч і шырока расплюшчанымі вачамі пабачыў, як у небе калыхала галінамі бярозка.
Прайшло многа гарачкавых дзён і начэй у санітарнай партызанскай зямлянцы, у шпіталях, пакуль Аляксей зноў пабачыў тую гордую кучаравую бярозку на грудку. Журботным мысленным позіркам з далёкага-далёкага, з белай палаты на Вялікай зямлі. А яшчэ ён тады з ціхім здзіўленнем і ўдзячнасцю, ад якой стала цёпла сэрцу, падумаў: «Хто ж знайшоў мяне, бяздыханага, там, на дарозе?..»
...Маладыя гады... Усё тое помнілася Аляксею Пятровічу, быццам было яно ўчора.