Выбрать главу

Затрыманы заўважыў, што крыўдзіцеляў яго нешта бянтэжыла, зноў загаварыў прымірэнча:

— Развяжыце мне рукі, анямелі зусім. Я не збіраюся ўцякаць.

У сельсавет зайшоў задыханы Міхалка Мартынюк. Ён адвёз Альшэўскага на фельчарскі пункт і хуценька вярнуўся — бягом, відаць, бег.

— Тут каб і хацеў уцячы, дык не ўцячэш.— Палоннік натужліва ўсміхнуўся.— Вунь вас колькі! Адпусціце мяне, яшчэ не позна, я выканаю заданне камандавання, і вам даруюць.

Лаўрэнаў дастаў з нагруднай кішэні яго гімнасцёркі службовае пасведчанне, зрабіў адтуль выпіску.

— Развяжыце...— на момант запнуўся і дадаў: — лейтэнанта. Ды вачэй з яго не спускайце, а я хутка вярнуся.

Аляксею зрабілася непамысна: няхай бы ён не гаварыў — «лейтэнанта».

Затрыманага развязалі, пасадзілі на крэсле каля глухой сцяны. Гарасімаў сядзеў насупраць за сваім сталом, Аляксей каля дзвярэй, Міхалка — каля акна. Хлопцы былі з вінтоўкамі.

— Не, трыбунала вам не мінаваць, — грукатаў абураны голас ад сцяны.— Гэта ж дадумаліся — лейтэнанта Чырвонай Арміі вязаць! Трыбунал вам не даруе гэтага, не.

Гарасімаў абарваў яго: да вяртання лейтэнанта Лаўрэнава — ніякіх размоў!

Аляксей згаджаўся са старшынёй сельсавета: раз ужо затрымалі, значыць, трэба да канца, да высвятлення трымацца цвёрда і строга. Толькі вось лейтэнанцкая форма... Яна бянтэжыла. У яго былі глыбока паважлівыя пачуцці да чалавека ў чырвонаармейскай форме, у якім увасабляліся праўда і справядлівасць, мужнасць і самаадданасць. А тут...

Пад раніцу прыехаў Лаўрэнаў з трыма вайскоўцамі, капітанам і чырвонаармейцамі. Капітан уважліва паглядзеў на затрыманага, азнаёміўся з яго пасведчаннем.

— Я гэтага лейтэнанта не ведаю.

— Я вас таксама не ведаю, таварыш капітан,— адказаў той.— Ну і што з таго? Мала ў Чырвонай Арміі лейтэнантаў і капітанаў?

— Але ж мы, згодна з вашым пасведчаннем, служым у адной часці.

— Вось як? А я там нядаўна. Так-так, нядаўна, таму, відаць, і не сустракаліся.— Затрыманы пачаў узірацца ў твар капітана.— Ці, можа, я вас бачыў? Трэба прыгледзецца... Ну так жа, бачыў. Цяпер успомніў.

— Кажаце, бачылі? Таварыш Лаўрэнаў у штабе назваў мне прозвішча, якое тут вось,— капітан патрос пасведчаннем,— значыцца. Такога камандзіра ў нас няма. Я правяраў па спісу камсастава часці.

— Выходзіць, не запісалі ў спіс. Вунь жа ў вашых руках пасведчанне,— адбіваўся затрыманы. — Дарагія мінуты ляцяць, а вы тут валынку развялі. Я патрабую...

— Пасведчанне ваша фальшывае,— перапыніў яго капітан.— Зараз мы даставім вас у часць і там разбяромся.

Затрыманы ўсхапіўся з крэсла, люта рвануў кубікі з пятліц.

— Так, я не сталінскі халуй. Я лейтэнант непераможнай арміі фюрэра! Мы знішчым вас, нашы войскі заўтра будуць тут!

Аляксея як варам абдало. Подлы лазутчык — як ён можа гэтак! Чырвоная Армія заўтра так турне фашыстаў, што ў іх ажно пяткі заблішчаць!.. А капітан... Чаго ён спакойна з ім?..

— Ідзіце з намі.— Капітан бліснуў вачамі.

Аляксей слухаў іхнія крокі ў калідоры, пакуль не ляпнулі знадворныя дзверы.

— Час і нам,— сказаў Лаўрэнаў.— Золак займаецца, едзем другога шукаць.

Другога лазутчыка яны знайшлі хутка. Выпушчаная наўздагон куля Альшэўскага ўсё ж патрапіла яму ў бядро. Ён ляжаў у канаве пад вярбою. Не адстрэльваўся, здаўся. I папрасіў:

— Я ўсё раскажу, перавяжыце мяне.

Па дарозе, пакуль везлі яго ў медпункт, дзе ноччу перавязвалі параненага ім Альшэўскага, ён гугнявіў. 3 пасёлка Амерыка добра былі відаць паязды на чыгунцы, што пралягла недалёка, за балацявінай. У той час яны ішлі да Хальчы, невялікай лясной станцыі, якая была за пяць кіламетраў ад Старой Рудні і там разгружаліся. Падвозілі боепрыпасы, тэхніку. Лазутчыкі павінны былі асталявацца на гарышчы крайняй пустой хаты, гаспадары якой вясною памерлі, і адтуль перадаваць па рацыі звесткі аб руху паяздоў. Савецкую рацыю ім далі на выпадак, калі іх затрымаюць: не толькі дакументы — во і рыштунак...

Аляксей слухаў таропкую баязлівую споведзь гітлераўца, і яна дзіўна адгуквалася ў яго душы. Ён радаваўся: вораг выкрыты, злоўлены. Але разам з радасцю нагарнулася і горкая непамыснасць — пабачыў фашыстаў, выпаўзняў гэтых гадзючых, не ў мундзірах з іхняй брыдкай павучынай свастыкай, а ў гімнасцёрках з кубікамі на пятліцах і падперазаных рамянямі з пяціканцовымі зоркамі на спражках. Ці мог ён думаць, што такое будзе?.. Прыкрасць, здавалася, праймала ўсю яго істоту. У тыя, мусіць, мінуты Аляксей упершыню ўсур’ёз падумаў, што цяпер, хаця ён і не вайсковец, жыццё яго будзе вызначаць вайна.