Выбрать главу

— Гут, матка, гут.

Выходзячы з двара, па-гаспадарску, быццам ён тут жыў, зачыніў і зашчапіў весніцы. На вуліцы весела загергетаў, перагаворваючыся з другім — які выйшаў з двара цёткі Таццяны.

— Гад, яшчэ з усмешачкай і з музыкай,— вылаяўся Аляксей, праводзячы вачамі гітлераўца, які накіраваўся да двара дзядзькі Сідара.

Аляксею падабалася бачыць усмешкі на тварах людзей. Яму і самому хацелася тады ўсміхацца, гаварыць прыемнае, адгуквацца дружалюбнай даверлівасцю і шчырасцю. Можа, таму тая халодна-цынічная ўсмешлівасць гітлераўца ўразіла яго так горка і балюча. Ёю ж чужынец апаганіў тое непаўторна высокае і чыстае, што было для Аляксея ў самой прыродзе і чалавечым прадвызначэнні ўсмешкі, заключанае ў ёмкім слове: высакародства.

Пацяклі дні, поўныя трывог і смутку. Як жыць далей? Што рабіць? Дзе выйсце?.. Гэтыя няўмольныя пытанні бязлітасна прыгняталі Аляксея. Але ён тады яшчэ не разумеў, што яны, мардуючы душу горкім разладам, пакрысе спялілі ў ёй непрымірымасць.

Ды хто б мог падумаць, што так страсяне яго, так западзе яму ў сэрца нечаканая гутарка з Верай?!

Яны са старэйшай сястрою Верай капалі ў садзе бульбу. Ціха было ў наваколлі. Яблыні, антонаўка і пепінка, нізка схіліліся да зямлі. У тое лета добра ўрадзіла садавіна, і нерухомыя дрэвы, здавалася, знемагліся пад цяжарам сакавітых пладоў. Зямля шчодрылася буйнымі клубнямі бульбы. Вера, увогуле не замкнутая дзяўчына, увесь час маўчала.

Стомлена атухала ружовая зара на палапленым белымі аблачынкамі высокім небе. Вера нарэшце разагнулася, адкінула з ілба пасму русявых валасоў. Паглядзела на зару, пакратала замурзанымі зямлёю пальцамі чырванабокую пепінку. Павярнулася да Аляксея, які стаяў крыху воддаль і быццам нечага чакаў ад яе. Раптам, нібыта імкнучыся падмацаваць словы голасам, з прыціскам на кожным слове прамовіла:

— Не, братка, не будуць фашысты нашымі гаспадарамі, не жыць ім на нашай зямлі.— Голас яе, звычайна звонкі, пявучы, прагучаў хрыплавата, мусіць, ад узрушанасці.

Аляксей не здзівіўся б так, каб у тую мінуту грымнуў гром, як гэтым яе словам. Не самім словам, не, а таму, што пачуў іх ад яе. У школе Вера вучылася пасрэдна, падленьвалася. Ні ў якім грамадскім жыцці не ўдзельнічала і, як кажуць, у той бок не глядзела. Затое вечарынкі любіла. Патанцаваць, паспяваць. Праўда, і папрацаваць як след магла. I дома па гаспадарцы, і ў калгасе. Словам, Аляксей, камсамольскі актывіст, глядзеў на яе як на чалавека інертнага, маласвядомага, а тут — такі парыў патрыятычнага пачуцця, такая перакананасць і вера!

— Думаюць, заваявалі... Не, трасцы.

Іхняя бабка Алёна, жанчына міласэрная, але рашучая, заўсёды, калі хацела катэгарычна сцвердзіць якую думку, ужывала гэтае слова — трасцы. I Вера прамовіла яго, як бабка — працяжна, з прыціскам. Хвіліну памаўчала, раптам ціха заспявала: «Не спи, вставай, кудрявая, в цехах, звеня, страна встает со славаю на встречу дня». Толькі спяванне тое, якім яна ці то хацела заглушыць сваю роспач, ці, можа, выказаць балючы бяссільны выклік ворагу, атрымалася як з плачам, як скрозь слёзы. Можа, яна і заплакала — бо нагнула галаву і адвярнулася.

Увечары яны доўга не клаліся спаць. Штосьці гаварылі і гаварылі адно аднаму, а што іменна, пэўна, і не маглі б пераказаць. Адно выразна адчувалі: падсвядомае неспатольнае жаданне аднадумцаў выгаварыцца.

У іхняй вялікай сялянскай сям’і любілі песню. I бацькі і дзеці — усе. Бацька заўсёды казаў: «Песня і музыка патрэбны чалавеку, каб душа яго не чарсцвела ад жыццёвых нягод». Ён купіў дзецям гітару, мандаліну, балалайку. Таму хата іхняя ніколі не зачынялася для дзятвы з усёй вуліцы. Да Аляксея ішлі яго дружбакі, да Веры яе сяброўкі, да Надзі — Надзіны.

Пад фашыстам якія могуць быць песні? Так Аляксей думаў на першым часе. Але маладосць брала сваё. Пакрысе зноў зарыпелі ў іхнім двары весніцы. Прагныя ўспаміны пра вучобу ў школе, гаворкі пра кнігі і кінафільмы, якія чыталі і глядзелі ў свой зорны час, цяпер такі далёкі і недасягальны... А на давяршэнне ўсяго — у хоры зладжаных галасоў да болю блізкія сэрцу мелодыі пад гукі струн.

Часам, забыўшыся пра вайну, Аляксей чуў у сабе такое радасна-хвалюючае пачуццё, якое ахоплівае чалавека на беразе ракі ў пару вясенняга разліву. Аднак праз хвіліну-другую яго пранізвала жорсткая думка: «Вайна ж...» А душа міжвольна колькі секунд ўсё яшчэ поўнілася тым веснім адчуваннем. I ён, быццам жадаючы пераканацца, што было наяву, а што яму ўяўлялася, паўтараў: «Вайна ж...»

Усе, хто прыходзіў тады ў Аляксееву хату, пакрысе пачалі разумець, што іхнія зборышчы з кожным разам больш збліжалі і згуртоўвалі іх. У трывожных пачуццях, у прытоеных, як маўклівыя замовы, неспакойных думках, у скупых, але са значэннем сказаных, а то і безаглядна адкрытых словах.