Выбрать главу

Ад Модзевай хаты да котлішча дзеда Антука недалёка, метраў трыста, але каб іх адолець, не абы-якія спраўныя трэба мець ногі. Дзед з восені разараў пожню пад жыта, а прыйшла пара сеяць - увадначас занямог і не даў полю рады. Толькі з хваробы выкараскаўся - тут, як на тое, конь, якога заўсёды пазычаў дагэтуль у аднаго свайго старога лучаеўскага прыяцеля, здох. Так і засталася зямля ўзаранай, ды не засеянай, пабілася глыжамі. Глыжы запякліся па вясне на сонцы, скамянелі і цяпер, прымаскаваныя густою лебядой і тлустым, кусцістым пырнікам, нямала ствараюць перашкодаў таму, хто іх не заўважыць ды няўрокам аб каторы спатыкнецца.

На прызбе дзедавай хаты сядзіць дзяўчо ў стракатай паркалёвай сукенцы і вылушчвае са струкоў гарох, прынесены, мусіць, з поля ў нізіне на ўскрайку балота. Дзяўчына, відаць па ўсім, гарадская, хоць і трымаецца прыязна, нават ускоквае з месца насустрач неспадзяванаму наведніку.

- Да дзеда, напэўна? - кажа, расцягваючы злёгку словы і ідзе да хаты.

- Хадзі.

“Ветлівая, аднак”, - збянтэжаны такою нязвыклаю ўвагай да сваёй персоны, думае Стасік і сунецца праз панадворак да ганка.

Дзеўка з выгляду, папраўдзе, як хлопцы-аднагодкі ў кампаніі падчас гульні ў футбол кажуць, хвалячыся адзін перад адным сваімі прыдуманымі перамогамі, - нішто сабе. Быццам і звычайная, а ўсё адно прыцягвае. А вось чым прыцягвае - і не зразумець. Напэўна, вачыма, светлымі, як просінь неба ўвесну, і ад таго крыху журботнымі, крыху задуменнымі. Стасікаў досвед ўзаемаадносінаў з дзяўчатамі такі куртаты, што калі якое пачуццё спатканне з незнаёмкай у яго і выклікае, дык гэта адзіна разгубленасць.

- Марута, хто там? - абзываецца, на шчасце, з хаты гаспадар і, не чакаючы адказу, выходзіць на лядашчы рыплівы ганак.

- О, гэта што! Гэта - семкі! - Дзед Антук хвіліну трымае газету пе­рад вачыма, кладзе на застаўлены парожнімі бляшанкамі з-пад кветак падваконнік. Кветак ён ад часу паховінаў жонкі не трымае, выкінуць жа бляшанкі, відаць, старому шкада, вось і прыстасаваў іх для захоўвання нітак, голак, дратвы ды рознай іншай гаспадарскай драбязы. Бачна, што артыкульчык пра Віцюню ён ужо чытаў, а вось чым гэтак ці то расчараваны, ці то незадаволены - невядома. - Падумаеш: працаўнік, дбаліца... От паказаць бы вам, што пра мяне колісь напісалі ў газеціне - ото цымус!

- Пра вас? І што ж? - робіць выгляд зацікаўленасці Стасік.

Гісторыю, пра тое, як перакруцілі колісь, у даваенныя яшчэ часы, Ан-

тукову біяграфію журналісты падчас ягонае службы ў войску, зрабіўшы бацьку, простага жывёлавода, партыйным босам сельсаветаўскага значэння, а маці, даярку, лепшай ільнаводкай раёна, бадай, толькі зусім лянівы ў паселішчы не ведае. Ды стары заўсёды распавядае яе так ахвотна, што не выкарыстаць дзеля справы ягонага энтузіязму здаецца Стасіку недаравальным.

- Што, дзед?

Але дзеда Антука падсекчы на зазуб шчырасці і даверлівасці не так проста.

- Што? Сам ведаеш. Быў русавалосым - зрабілі чарнявым, ды і кучаравым яшчэ ў дадатак. Вось што. Напісаць, пане-браце, можна што заўгодна. Усё, што ў голаў узбрыдзе.

- Вы на Віцюню намякаеце, ці як? - збянтэжаны апошняю фразай старога, перапытвае Стасік.

- Можа, на яго, а можа - на каго іншага, - кажа дзед Антук і рэзкім рухам выхоплівае з кошыка за вушы труса. - Прыйшоў па справе, дык і кажы, што трэба, а не круці тут яйцамі. Круцель...

- Дык я гэта. вас жа слухаю.

Стары выцірае рукавом сліну, што асела на вуснах ды барадзе, калі хвіліну таму зайшоўся кашлем, сунецца ў сенцы рыхтаваць месца і начынне для забойства жывёліны.

К поўдню справа зроблена, і дзед Антук падае ўнучцы каманду наконт абеду: папрацавалі - след падсілкавацца.

Стравы простыя, звыклыя, свае: шчаўе, салата з цыбулі і радыскі з кропам, бульба. Затое яечня не абы-якая, а з варанай кілбасой. Кілбасу прывезла з Літвы, дзе жыве з бацькамі-настаўнікамі, Марута, і тут, у Касцяніцы, як і ва ўсім Лучаі, дзе і на смак яе даўно забыліся, бо дэфіцыт, такі пачастунак выглядае ледзь не княскім. Адзінае, што замінае Стасіку адчуць асалоду ад яго напоўніцу, - няўменне карыстацца відэльцам і ножыкам. У іх дома гэткімі дробязямі не пераймаюцца: галоўнае - пад’есці, а розным там гарадскім выбрыкам кшталту сталовага начыння ўвагі ніхто не надае. Нават Віцюня, які, здаецца, няблага-такі абцерся ў горадзе за гады вучобы, на правілы этыкету за сталом надта не зважае.