Хлопец бачыць, як спраўна дае рады прыборам, быццам нарадзілася з імі ў руках, Марута, і яму ўпершыню ў жыцціі няёмка за сябе. Ён спрабуе рабіць так, як робіць дзяўчына, і сёе-тое ў яго, праўда, атрымліваецца. Але коштам такое напругі, што, здаецца, ускочыў бы з-за стала і пабег куды вочы глядзяць.
Ды - нельга, так што міжволі даводзіцца трываць. І не проста трываць, а яшчэ і на дасціпныя Маруціны пытанні ў перапынках між тымі трыванкамі адказваць. Добра, дзед Антук жуе памалу, дык хоць збольшага зарыентавацца ва ўласных рухах застаецца Стасіку хвіліна. І ён упарта працягвае капіраваць рухі і жэсты дзяўчыны. Ён - упарты ад нараджэння і, нягледзячы на не такі ўжо і значны жыццёвы досвед, дакладна ведае: кінуць у роспачы пачатае - апошняя справа, наступствы якой калі каму і могуць абыходзіць, дык найперш сабе самому.
Праз паўгадзіны абед заканчваецца, час Стасіку адыходзіць дадому. Марута мкнецца ў кухню мыць посуд, але дзед Антук распараджаецца па-свойму: калі ўжо госць у хаце, дык госць, калі ўжо прынялі яго, то і праводзіць трэба як след. Ці то гэтак прыколваецца стары, ці то гаворыць усур’ёз, не зразумець. Хутчэй за ўсё жартуе, ды Марута ўспрымае дзедавы жартачкі за святую праўду і выходзіць следам за Стасікам на двор.
Колькі часу абодва крочаць моўчкі. І толькі параўняўшыся з Модзевай хатай, смялеюць, распачынаюць гаману. Дакладней, Марута распачынае. Зачэпка для гамонкі - спусцелае Модзева жытло. Дзяўчыне карціць зазірнуць у вакно хаты, дагэтуль яна гэта рабіць баялася, а вось цяпер, маючы добрага хаўрусніка, магла б, маўляў, і рызыкнуць.
Ды ўгледзець што-небудзь праз запарушаную пылам шыбіну адзінага не запятага знутры фіранкамі вакна не так проста. Апроч печы, што няўклюдна прыхінулася да сцяны праваруч ад увахода і страхавіта зеўрае ў вакно разнасцежаным чорным прыпекам, нічога не бачна, і дзяўчыну гэта расчароўвае.
- Невясёлае відовішча, -- кажа яна і хукае вуснамі на пласт пылу. - А дзед, уяві сабе, зусім не баіцца. Ссыпаў тут зерне ў сенцах і штодня ходзіць па яго для курэй. Набярэ ў гарнец, а потым сядзе яшчэ на парозе ды папаліць у самоце. Нервы ў чалавека! Мяне ўчора пасылаў па тое зерне, але я не магу адна адважыцца, страшна.
- Марута - літоўскае імя? - знарок, каб перавесці размову на што-небудзь весялейшае, пытаецца Стасік і першы адыходзіць воддадь ад вакна.
- Канечне. Бацькі наўмысна далі такое, каб з літоўцаў не вылучацца. Тыя вельмі любяць сваё, вось і даводзіцца міжволі падрабляцца.
Над студняй ля ўзножжа пагурка нейкая дробная жамяра таўчэ мак, і яе так шмат, быццам зляцелася сюды з усяе акругі. Гэта дзіўна, бо побач балота і іншага, больш вольнага месца разгуляцца крылатаму кузюрству зусім не бракуе.
Хочацца піць. Стасік адчыняе века студні, набірае конаўкай з вядра вады, робіць колькі глыткоў. Спахапіўшыся, што, мабыць, трэба было спачатку прапанаваць дзяўчыне, падае ёй конаўку. Але яна адмаўляецца.
- Я не магу з калодзежа піць, - кажа і, дэманструючы гіду, прыкрывае рот тонкімі, з вузенькімі карункамі манікюру, пальцамі. - Наш сусед па лецішчы ў студні ў сябе на ўчастку летась утапіўся, дык як згадаю пра тое - аж млосна робіцца. Артыст, званнем нейкім не ўганаравалі, то абкруціў сябе ланцугом і сігануў у прадонне. Толькі праз месяц знайшлі, рука з вады вытыркнулася. А датуль ваду пілі... Жах...
- Сапраўды, - кажа Стасік і міжволі дзівіцца, як увадначас перамяніліся пры згадцы пра страшнае вочы дзяўчыны, перарабіліся са светлых-блакітных на цёмна-сінія. Як надвор’е ўвосень: толькі што сонца свяціла, а вось табе - аблачына, ды такая, што да вусцішу адзін крок.
- Ну, мабыць, далей я не пайду. - Марута спыняецца, падае хлопцу руку. - Прыходзь да нас. Дзед як дзед, а я радая буду. Па гарох, можа, разам сходзім, а то адной сумна. І страшна, папраўдзе, такія тут у вас жарсці наўкола... - кажа і, быццам спахапіўшыся ды засаромеўшыся, што вось жа гэтак зляцела з вуснаў двухсэнсоўнае пра сумесную выправу па гарох, адводзіць убок пагляд зноў светлых-светлых сваіх, пад колер не скалыхнутага ані подыхам вятрыска паветра, вачэй.
- Доўга ж штосьці ты бавіўся ў Чабана. - Мачыха вымае з кошыка асвежаваную тушу труса, кладзе на стол. - Ого! Здавалася, такі вялікі звяруга, а во - колькі тут таго мяса, хіба што раз сям’ёю пад’есці. Ну, але ж будзе вячэра, - кажа ды, узброіўшыся нажом, пачынае рэзаць труса на кавалкі.
Мачыха рэжа тушку, а Стасік ідзе ў клуню. Але гэтым разам без падручніка: іншае ў галаве. Іншае мільгаціць у глуздах, адбірае раўнавагу, ды толькі нават самому сабе ў тым прызнацца - хіба адважышся?