Пражаніна дыхтоўная, духмяная: гатаваць абедзве Тарасевічыхі, што мачыха, што Ксеня, умеюць. Ксеня адкладае трусіную лытку на патэльню, ставіць на прыпек - для Віцюні. Ён сёння даводзіць да ладу адзін з камбайнаў і вернецца дахаты добра калі апоўначы.
- А ты што не сядаеш, Стасік? - Мачыха здзіўлена глядзіць на яго, штурхае да стала. - Еш, пакуль цёплае.
- Я, мабыць, крыху пазней, - кажа ён і паказвае разгорнуты падручнік.
- Дачытаю раздзел і тады ўжо сяду.
- Відаць, добра накармілі ў дзеда. Ну, глядзі, як хочаш.
Жанчыны пачынаюць есці, а Стасік ідзе на веранду - быццам дачытваць распачатае. Сядзіць на зэдлі пры сходах, робячы выгляд, што чытае, чакае, калі жанчыны пойдуць з кухні.
Першая адыходзіць, саступіўшы Ксені па хвіліне спрэчкі месца пры мыйцы, мачыха. Праз колькі часу і Ксеня ідзе прэч.
- А як жа дзеўка, Стасік? - пытаецца наастатак і гарэзліва ўсміхаецца.
- Спадабалася?
- Дзеўка як дзеўка, - адказвае Стасік і, ледзь зачыняюцца за братавай дзверы, ляціць у кухню.
Есці пасля шчодрага пачастунку ў дзеда Антука яму яшчэ не хочацца, ды ахвота патрэніравацца ў карыстанні прыборамі, ды навучыцца валодаць імі так, як умее Марута, такая вялікая, што і аднаго імгнення патрываць няўсцерп.
Прыборы капрызяць, слухацца не жадаюць, быццам толькі і мараць пра тое, каб не дацца ў рукі, выслізнуць з пальцаў ды паляцець на дол. “Жах”, - узгадваецца сказанае Марутаю ля студні пра чужое страхавітае.
І тое - жах, і свайго, уласнае гадоўлі жахлівага, - з каптуром. Ды толькі думаць пра яго штохвіліны, як наўме зусім іншае, зусім Стасіку не хочацца.
Ён усхопліваецца з месца і адразу ж, яшчэ як след не прачнуўшыся, пачынае шукаць вачыма брата. Шнарыць паглядам па цемнаватай клуні і ўсё ніяк не можа спрасоння даўмецца, ці то вечар гэта яшчэ, ці то ўжо раніца. Так неўпрыцям змарыў яго сон, што ўсё дарэшты ў галаве зблыталася.
Прыкрытая сурвэткаю талерка з некранутаю порцыяй братавай пражаніны на зэдлі збоч тапчана - відаць, Ксеня прынесла, не дачакаўшыся мужа ў хаце - прыцягвае на хвіліну ягоны пагляд, збольшага вяртае да явы. Канечне, раніца ўжо, вось толькі не так штосьці навокал, як заўсёды.
Здорка коратка, быццам нехаця, абзываецца з куросадняў, але тут жа і заціхае, улагоджаны даверліва-прыязным шалясценнем крылаў дзясятка курыц і ціўканнем куранят у загончыку пры перагародцы.
Віцюні на месцы няма, а з хаты даносяцца праз панадворак трывожныя, нязвыклыя для гэткае пары - на дварэ яшчэ шаравата - сцішаныя адлегласцю гукі: ці то шэпт, ці то ўсхліпы.
Стасік ускідвае на плечы саколку, сунецца да выхаду.
Мачыха мітусіцца па пакоі з кута ў кут, падыходзіць раз-пораз да Ксені. А тая сядзіць на канапе, утаропіўшыся нежывым, мутным паглядам у адну кропку, зыбаецца ўбакі шырокім, распухлым ад цяжару ў жываце целам. Затым усхопліваецца з месца, дастае з пудэлка Віцюнеў дарунак, пярсцёнак, кідае на дол і пачынае таптаць яго нагамі. Топча так апантана, што, здаецца, на шчэпкі патрушчыць ім лядашчую, паточаную грыбком падлогу.
Не так у хаце, як было дагэтуль, але што ажно гэтак не так - і не адразу да Стасіка даходзіць. І толькі калі спыняецца ля весніц чужое аўто і трое мужчын уваходзяць, грукаючы чаравікамі, у пакой, ды адчайна пачынае галасіць Ксеня, ды кідаецца вопрамеццю на двор, трымаючыся даланёй за шчаку, быццам хоча пазбавіцца зуба, мачыха, робіцца зразумелым: нешта здарылася з Віцюнем.
4.
- Прачніцеся! Ды прачніцеся ж вы! Станіслаў Мікалаевіч! Прачніцеся...
Ён расплюшчыў вочы, хіснуўся наперад амярцвелым пасля доўгага нерухомага трызнення ў крэсле целам.
Зіна сядзела перад ім на кукішках, энергічна шкуматала пальцамі за рукаў джэмпера. За ёю, загароджваючы постаццю дзверы ў калідор і азіраючы спадылба пакой, пераступаў з нагі на нагу атлетычнага складу маладзён год трыццаці з вострымі, як у тхора, вачыма і кірпатым, крыху прыплюснутым, збітым набок, як у баксёра, носам.
- Раніца ўжо? - прамовіў Станіслаў Мікалаевіч і памкнуўся падняцца. - Раніца?
- Дзе ж раніца! Палова дванаццатай, уся ноч наперадзе. Я на хвілінку з дзяжурства прыбегла, уваходжу - а вы тут у крэсле седзіцё... Кампутар падключаны... непарадак, - лапатала Зіна. - Кладзіцеся ў ложак, а то зноў неўпрыцям седзячы заснеце...
- Як-небудзь ужо дам сабе рады, - сказаў ён неахвотна і падняўся з крэсла. І толькі расчыніў рот, каб спытаць, што гэта, маўляў, за старонні чалавек у доме, як Зіна апярэдзіла яго:
- Гэта Валерка, сваяк мой, адведаць мяне прыехаў, - сказала і ўзяла маладзёна за руку. - Калі вы не супраць, хай бы пераначаваў у маім пакоі. Ужо прабачце, што так неспадзявана, без папярэджання, атрымалася, што ж рабіць... Дазволіце?