Выбрать главу

І, не дачакаўшыся згоды, хуценька павяла госця ў свой пакой.

- Хай сабе, - не жадаючы пакідаць сітуацыю ў стане двухсэнсоўнай няпэўнасці, хто ж тут у хаце гаспадар, прамовіў ён наўздагон пары і пайшоў да ложка.

- Усё, я адыходжу, - гукнула праз колькі хвілін з калідора Зіна. - Не забудзьцеся зашчапіцца, Станіслаў Мікалаевіч, а то ўлезе хто паначы ў хату, пакуль спаць будзеце.

Зініна заўвага раззлавала яго.

- І што тады? - сярдзіта азваўся ён і ўзяўся рассцілаць ложак.

Кульнуўся не распранаючыся на прасціну, выцягнуў з асалодаю ўздоўж сцяны ногі. Уявіў, як уранні задасць Зіне прачухонца за тое, што прывяла без дазволу ўнаначкі незнаёмага дзецюка, але тут жа і супакоіўся. Што Зіна побач, што незнаёмец гэты, што яшчэ хто - якая яму розніца? Гэтулькі людзі не жывуць, колькі год ён ужо нічога і нікога не баіцца. Быў калісьці страх, і не абы-які, ды сплыў... Адбаяўся сваё, час і якую-ніякую харобрасць, хаця б і дзеля выгляду, хаця б і перад самім сабою, урэшце прадэманстраваць...

Зрэшты, можа, нават і не страх то быў тады, у бацькоўскай лучаеўскай хаце, а хутчэй - помарак. Быццам хто знячэўку ледзяною вадой абліў ці ўшчыкнуў спрасоння так моцна, што ажно ў глуздах ды ва ўсім целе тое ўшчыканне натужліва-спружыністым болем азвалася. Такі страх, што не ад натуры ідзе, як звычайна, а ад свядомасці, ад жадання хаця б збольшага даўмецца, як яно, такое вось нялюдскае страхоцце, магло з табою ды з тваімі блізкімі ўчыніцца.

Ягоны брат Віцюня, пра чалавекалюбства якога ды працавітасць у газеце нават напісалі, - забойца, ды яшчэ і серыйны? Той самы душагуб, пра яко­га ў наваколлі на сотню вёрстаў адно і размоваў было і якому якіх толькі пастак не стаўлялі, каб злавіць ды абясшкодзіць, пінкертоны мясцовага і нават сталічнага разліву? Не бадзяжка які-небудзь бяздомны з-пад моста, а зычлівы брат ягоны адзінакроўны? З-за якога невінаватага небараку Модзю ў меху ў раку скінулі? А праўдзівы забойца ўвесь гэты час у клуні на тапчанчыку, на чысцюткай прасціне спакойна сабе спаў і гора не ведаў. Прыцемкам высочваў дзе-небудзь у ціхім месцы адзінокую маладзіцу, садзіў у аўто, адвозіў у глухое месца паблізу Касцяніцы, гвалтаваў, накідваў на шыю пельку, душыў, а потым вяртаўся дадому, мыў рукі, падносіў жонцы ці мачысе пярсцёнак з рукі няшчаснай, перакідваўся са Стасікам словам- другім і засынаў, як забіты. І ўсё гэта брат-апякун ягоны, Віцюня?

Ды як ні хацелася верыць, што ўсё гэта няпраўда, лухта, веры даць давялося. Шостая ахвяра, жанчына не баязлівага, відаць, дзясятка, дала рады вырвацца з рук забойцы. Дзеду Антуку закарцела сярэдначы папіць сцюдзёнай вады са студні, пайшоў да яе, а маладзіца тая, ахвяра, убачыўшы святло ад ягонага ліхтарыка, і паклікала ўпомачкі, закрычала штомоцы. Гвалтаўнік збег, а яе паказанні і сталіся потым нітачкай, што прывяла ўрэшце да астатніх братавых злачынстваў.

Віцюня паводзіў сябе падчас следства спакойна, ва ўсім прызнаўся, і нават, як казаў пасля галоўны дазнаўца, даволі ахвотна. На пытанне, ці адчуваў калі-небудзь жаданне задушыць жонку, адказаў станоўча, дадаўшы, што стрымлівала ад фатальнага кроку думка пра дзяцей. Адзінае, што выклікала ягоную нечакана эмацыйную нязгоду, - тое, што ўсіх забітых ім жанчын ён быццам бы гвалціў. “Толькі траіх, а не ўсіх пяцярых, як вы кажаце”, - выгукнуў з выглядам абражанае нявіннасці і пасля гэтага ўжо не прамовіў больш ні слова.

Па годзе дазнаўства Віцюню прыгаварылі да пакарання смерцю. Гэта і быў той момант, ад якога Стасік і перастаў чаго б то ні было баяцца. Раз і назаўсёды пазбыўся страху. Апроч аднаго і, мабыць, самага невыноснага, які толькі можна ўявіць, - заўсёднага, неадчэпнага страху быць пазнаным. Штодня ўдаваць з сябе кагосьці іншага, быць не тым, хто ты ёсць насамрэч паводле сутнасці сваёй і нараджэння, - што можа быць горай?

Першая знікла тады з поля зроку Ксеня - неўзабаве па судзе. З’ехала з дзіцем на руках і з другім ва ўлонні ў Грузію, дзе жыла на той час ці то нябожчыка бацькі яе, ці то сканалай падчас позніх родаў маці нейкая далёкая сваячка, ды і растварылася ў людской масе на дзесяць гадоў. З’ехала б, пэўна, і раней, як толькі ўсё раскрылася, але нельга было, бо мусіла даваць паказанні. І ўсё ў атмасферы падазронасці, касых паглядаў людзей. А то і непрыхаванай нянавісці. Штодня быць з чалавекам упобачкі і не здагадвацца, чым ён жыве, чым дыхае, - як гэта? Хто дасць веры, што такое магчыма?

Дасталося людскога асуджэння і мачысе: залатых каронак, бач, наставіла ў роце з нарабаванага, а спытаць, адкуль тое золата ўзялося, не парупілася - ці можа такое быць? Няўжо не здагадвалася, што да чаго? Жанчына пажыла ў хаце разам са Стасікам да суда над Віцюнем і, як толькі стаў вядомы вырак, пераехала дажываць век у горад да сына з нявесткаю.