Выбрать главу

А неўзабаве і Стасік з’ехаў з бацькоўскага дому. Не развітаўшыся ні з кім, ні слова нікому, нават самым блізкім сябрам, нават Маруце, якая зноў заявілася на пачатку наступнага лета ў адведзіны да дзеда Антука, не сказаўшы, згроб у пляцак самае неабходнае з рэчаў і падаўся куды вочы глядзяць. Тады ўпершыню за ўвесь час, што доўжыліся дазнанне і суд ды месяцы невыказна пакутлівага існавання ў атмасферы цікаўнасці ды перашэптвання знаёмых і старонніх людзей, і парадаваўся ўпотай за бацькоў - што няма іх ужо сярод жывых, што паспелі сысці, не ўведаўшы ўсяго гэтага жаху, гэтае нялюдскасці.

Невядомасць бянтэжыла яго, але, папраўдзе, палохала не надта. І зразумела: як ні круці, а з усіх адведзеных чалавеку лёсам наканаванасцяў гэтая - няпэўнасці будучыні - у сямнаццаць не самая страшная. Ва ўсялякім разе так яму, Стасіку, тады яшчэ Тарасевічу (прозвішча ён пад заяву аб гарантыі неразгалошвання памяняў ужо пазней, па дэмбелі з войска, у год паступлення на завочнае аддзяленне тэхнікума) думалася.

Што цяпер раніца, а не вечар яшчэ, здагадацца было лёгка па паску сонечнага святла, што прабівалася ў пакой понізу гардзіны. Ды яшчэ па галасах з кухні - нягучных, знарочыста сцішаных, быццам суразмоўцы, што там гаманілі, адно толькі і мелі наўме, каб яго, нямоглую старую саву, няўрокам дачасна не пабудзіць. Адзін з галасоў быў Зінін, другі, мужчынскі, мяркуючы па ўсім, належаў доктару Мядзюту, мясцоваму медыцынскаму свяцілу. Голасу начнога візіцёра кватаранткі чутно не было.

Ён варухнуўся, звыклым жэстам рукі памкнуўся дастаць з пуфіка адзенне. Адзенне, аднак, там не было, і яшчэ не адна хвіліна спатрэбілася яму, каб уцяміць, што спаў ён, аказваецца, не распранаючыся. Але гэта, надзіва, не толькі не засмуціла яго, наадварот, чамусьці развесяліла ды дадало гумору.

- Вы прачнуліся, Станіслаў Мікалаевіч? - пачуўшы, мусіць, ягонае варушэнне, гукнула праз сцяну Зіна. - Тут Васіль Дарафеевіч да вас. Устанеце, ці яму ўвайсці?

- Падымуся сам, - адказаў ён і паспрабаваў перавярнуцца на бок, каб ямчэй было потым спускаць ногі на дол. Перавярнуцца, аднак, ніяк не ўдавалася: цела быццам скавала абручам, а рукі так спруцянелі, што і з выгляду нагадвалі прыхопленыя прымаразкам капусныя качарэжкі.

- Памагчы вам, можа? - западозрыўшы, мусіць, нешта не тое, зноў гукнула Зіна. - Дык жа кажыце.

- Дарафеевіч... - ціха паклікаў ён і ледзь-ледзь пасунуўся неслухмяным целам да сцяны.

Яны ўжо размаўлялі з доктарам каля паўгадзіны, а да сутнасці справы, да таго, што найбольш цікавіла Станіслава Мікалаевіча і найбольш яму цяпер абыходзіла, так усё яшчэ ніяк і не дайшлі. Дарафеевіч ветліва ўсміхаўся, распавядаў пра нейкія новыя метады лячэння, пра цуды выздараўлення, торкаў пад нос сігнатуры з апісаннямі лекаў, а як толькі даходзіла да галоўнага, адразу пачынаў муляцца, ды штосьці круціць-муціць, ды пераключацца на староннія тэмы. Урэшце Станіслаў Мікалаевіч не вытрымаў і задаў пытанне наўпрост:

- І колькі, па-вашаму, мне засталося ліпець?

Пытанне, хоць і прагучала неяк, як здалося яму самому, занадта ўжо па-кіношнаму, просталінейна, доктара, аднак, калі і збянтэжыла, дык ненадоўга, на адно імгненне, не болей. Наадварот, ён быццам даўно ўжо чакаў яго і цяпер мог, да радасці сваёй, скінуць з сэрца цяжар змушаных недагаворак і непрыемнага кружляння наўкола слізкай тэмы.

- Ох, майстар жа вы змушаць, Станіслаў Мікалаевіч, - сказаў і хутка, быццам, з боязі, што пацыент перадумае ведаць праўду, дадаў: - Ох, майстар! Ну, калі меркаваць па выніках ультрагукавога даследавання, то - з месяц. Плюс - мінус... Самі разумееце.

- Месяца мне дастаткова, - сказаў Станіслаў Мікалаевіч. - Упаўне. Упаўне дастаткова.

Лекар, збянтэжаны, мусіць, такою нязвыкла абыякавай рэакцыяй хворага на ягоныя словы, падняўся з месца, зазбіраўся адыходзіць.

- Калі што спатрэбіцца яшчэ - дайце знаць.

- Абавязкова. - Станіслаў Мікалаевіч прыўзняў голаў, варухнуў на развітанне рукою. - Дзякуй вам.

Сказаў тое і ўсміхнуўся: усё, што мела для яго значэнне, ён цяпер ведаў, астатняе, быў упэўнены, - справа характару. Характарам жа ды ўсім, што спрыяе яго гартаванню, як добрым, так і благім, Бог яго не абдзяліў. Галоўнае ж на гэтую вось хвіліну - падняцца.

Праз гадзіну ён быў на нагах. Калені і рукі няўзнак выпрасталіся, і ў галаве пасвятлела, і цела неяк увадначас наспружынілася - быццам сам Усявышні вёў яго ў патрэбным накірунку, надаючы моц для здзяйснення задуманага.

Першае, што ён зрабіў, адчуўшы якую-ніякую палёгку, - выправіў Зіну ў краму ды аптэку, хоць пільнай патрэбы ні ў харчы, ні ў леках не было. І, як толькі зачыніліся за кватаранткаю дзверы, адразу пасунуўся да ложка.