Выбрать главу

Рахунак быў на месцы, ціхамірна ляжаў у выдзяўбанай, відаць, ранейшымі гаспадарамі дома ды прыкрытай шпалерамі нішцы ў сцяне пры самым ложку. Там, дзе паклаў яго год таму, калі пасяліўся ў гэтым лядашчым, не ў прыклад не так ужо і шыкоўнай, але больш-менш дагледжанай сваёй кватэры за паўтысячы вёрстаў адсюль, якую прадаў неўзабаве пасля інфаркту ды выхаду на пенсію па інваліднасці, дамку. У дамку, які і набыў, уласна кажучы, не так дзеля даху над галавой, як не ў апошнюю чаргу і з намеру займець перад сыходам у лепшы свет хоць якую капейчыну з розніцы між прададзеным і набытым. Розніца ж аказалася, зрэшты, не такой ужо малой, на такую ён, папраўдзе, нават і не разлічваў. І цяпер трэба было ёю як след распарадзіцца.

Распараджацца грашыма ён умеў заўсёды. Нават у найгоршыя часы, у разгар перабудовы і пасля яе, калі ўсё наўкола кулялася-грымела і людзі ўвадначас гублялі гадамі наашчаджанае падчас чарговых дэвальвацый, у яго неяк атрымлівалася так, што заставаўся ён калі і не ў выйгрышы, дык і стратаў асаблівых не цярпеў. Можа, таму, што абавязак Ксені памагаць адчуваў, што і рабіў рэгулярна, пераводзячы на яе рахунак раз у пару месяцаў, а то і часцей, нягледзячы на слабыя пратэсты жанчыны, сякія- такія сумы. Ды і сябе крыўдзіць не было жадання на радасць розным ліхвярам-прайдзісветам. Жыць больш-менш прыстойна захочаш - чаму толькі не навучышся.

Што спадкаеміцамі будуць пляменніцы, ён вырашыў даўно і беззваротна. Заўсёды гэта ведаў і, нават калі б яны ягонага дарунка з нейкіх прычынаў прыняць не захацелі, рашэння свайго нізавошта не памяняў бы. І не толькі з-за неабходнасці хоць да каго прыхінуцца душой у шарую, як зараз во, калі зусім занямог, гадзіну, не. Патрэба прыхінуцца - так, канечне, але ж не адна яна ім зараз кіруе. Хутчэй, можа, найболей ім, сем’янінам паводле складу характару ды адзінотнікам па волі лёсу, покліч сваяцтва кіруе, доўг крэўнай повязі, жаданне сплаціць блізкім людзям недададзенае (ці аднятае нават) іншымі блізкімі, тым жа братам. А яшчэ, мабыць, прыроджаная, што дасталася ў спадчыну ад маці, схільнасць да парадку, педантычнае, на мяжы самаедства імкненне ўсё даводзіць да ладу, рабіць так, каб ніякіх прагалаў у любой справе не заставалася. Што, між іншым, у асяроддзі, дзе ўсё неяк збольшага, абы-як, прыблізна, рабіць і не так ужо проста. А зрэшты, як яго, такое імкненне, ні назаві, усё будзе, напэўна, недакладна.

Адзінае, чаго б хацелася пазбегнуць, дык гэта даць падставу для роспытаў-росшукаў і здагадак старонніх людзей. Бо зусім не дзеля таго што Ксеня, што ён, адмовіўшыся ад уласнага мінулага, гэтулькі год жылі, не здымаючы ні на хвіліну масак. Так жылі, што калі дзе што і вытыркнецца з непажаданага - не іх будзе віна.

Час прыспеў, і трэба цяпер зрабіць апошні, рашучы крок. Галоўнае - перадаць спадкі. Не з рук у рукі, вядома, перадаць, а аформіць як след рахунак. Перааформіць або прыпісаць завяшчанне, а пасля ўжо паведаміць дзеўкам пра яго наяўнасць. І зрабіць усё як мага хутчэй. У такой справе - як з тым цымантам на заводзе. Прамарудзіш хвіліну, глядзь - а замес загуснуў ужо дарэшты, і ўсе старанні тады - кату пад хвост.

Ён падумаў, што вось жа схібіў, не аформіўшы завяшчання пры адкрыцці рахунка, але тут жа супакоіў сябе тым, што не збіраўся ж ён во гэтак хутка, усяго толькі год пажыўшы ў гэтым глухім гарадку, паміраць.

Дзяўчаты, відаць па ўсім, дружныя, таму ён аформіць рахунак на адну Нану. А там ужо яны самі неяк дадуць рады міжсобку разабрацца, родныя сёстры як-ніяк. Толькі вось як гэта зрабіць, каб не навесці, як абяцаў гэта Ксені, на бацькаў след ды не ўцягнуць праз тое няўрокам у злыбяду? Жылі дзеўкі бязроднымі гэтулькі год, пражывуць і далей. Часам яно і лепш таго роду не ведаць, чым штодня сцінацца пад цяжарам ведання.

Завяшчанне - гэта дробязь, напісаць яго - раз плюнуць. Але як пісаць, калі ён і імя Нанінага па бацьку не ведае? Не парупіўся ў свой час спытаць у Ксені, і цяпер лішняя загваздка. Ды і яе поўнае імя як гучыць? Нана? Нанэта? А можа, і зусім неяк іначай.

Зіна ўвайшла ў хату, кінула на стол пакунак з хлебам і лекамі, адчыніла лядоўню, стрэльнула ў ягоны бок няўхвальным позіркам.

- Во, за хлебам паслалі, а тут цэлы бохан амаль не крануты ляжыць,

- сказала дакорліва і ўзялася распакоўваць пакупку. - Ну, Станіслаў Мікалаевіч, ну ж жартаўнік вы, аднак.

- А ты не жартаўніца з гэтым сваім Валеркам! - знарок падпускаючы ў голас як больш непрыязнасці, выгукнў ён і нават тэпнуў сярдзіта, чаго даўно з ім ужо не здаралася, нагою. - Сваяк! Адведаць прыехаў! А як вярнулася на дасвецці з працы, дык з пакоя такія охі-ахі, такія стогны даносіліся, што хоць з дому ўцякай. Ну, Зінаіда...