- І здоба во яшчэ, і баранкі, і пернікі, усяго паўнютка, - ці то знарок не зважаючы на ягоныя словы, ці то прысаромленая пачутым, працягвала Зіна. - Якое марнатраўства, Станіслаў Мікалаевіч...
- Прабач, не здагадаўся паглядзець, - гэтаксама імгненна адыходзячы ад злосці, як і дазволіў ёй авалодаць сабою, адказаў ён і, вось ужо зноў заняты выключна думкамі аб рахунку, націснуў кнопку запуску сістэмы.
5.
Неўпрыкмет і надвячорак нахапіўся, а Нана ўсё сядзела пры тэлефоне і ніяк не асьмельвалася набраць нумар Станіслава Мікалаевіча. Двойчы ўжо тэлефанавала ёй сястра, пыталася, як ды што там са старым, угаворвала не камплексаваць, і ўсё дарэмна. Быццам няведамая нейкая, нябачная сіла спалярушыла Наніны глузды, не давала зрабіць тое, што і Але надоечы абяцала, і самой, адчувала, магло б дадаць унутранае раўнавагі. “Адкуль гэтая нерашучасць?” - круцілася ў галаве неадчэпная думка, і цяжка вызначыць было, чаго насамрэч было больш у той нерашучасці - боязі ці зацятага нейкага, незразумелага нежадання прадэманстраваць перад чужым чалавекам зацікаўленасць ва ўсёй дзіўнай гэтай, неспадзяванай, як снег на голаў сярод лета, гісторыі.
Але сядзець вось так склаўшы рукі таксама не выпадала, і яна, так і не наважыўшыся зняць слухаўку, вырашыла Станіславу Мікалаевічу напісаць. Адчыніла скрыню і ўздыхнула з палёгкаю: пакуль яна мучылася пры тэлефоне, стары, не дачакаўшыся, мусіць, ад яе весткі, сам ёй напісаў.
Як і папярэднія ягоныя допісы, гэты быў такі ж самы сухі і ветліва- стрыманы: ні эмоцыі, ні намёку на імкненне да хаця б якой-кольвечы большай, чым дагэтуль, ступені шчырасці. Вось толькі аб’ём ліста куды большы - амаль удвая.
Ягоныя справы нішто, але мае ён і сякія-такія клопаты. Па-першае, хоча даслаць ёй і сястры невялікі прэзент, а вось поўнага імя ды адраса ні адной, ні другой не ведае, то ці можна было б гэтую справу хуценька праз элетронны допіс уладзіць? Адрас і імя яму патрэбныя тэрмінова, бо заўтра з раніцы ён пойдзе па справах у горад, то вось і зручнасць была б разам і на пошту зайсці, адправіць падарунак, каб потым адмыслова нягнуткія свае старэчыя ногі лішні раз аб асфальт не біць. Па-другое, вельмі б яму хацелася займець здымак сваёй кампутарнай суразмоўніцы, дык ці не магла б яна што-небудзь на ўсцеху яму прыслаць?
Колькі часу Нана сядзела ў задуменні. Але нядоўга. Напісала поўнае сваё імя, адрас, прымацавала адзін з апошніх, зробленых сёлета падчас святкавання Новага года, здымкаў, не адсылаючы ліста, пайшла тэлефанаваць сястры.
Ала была ці то чымсьці вельмі занятая, ці то проста засмучаная: і слухала неяк наўздзіў няўважліва, і адказвала раздражнёна, быццам нехаця.
“Штосьці зноў з Паўлам, няйначай”, - падумала Нана. І не памылілася: памаўчаўшы хвіліну, сястра гучна ўсхліпнула, агаломшыла знаёмаю, колькі разоў дагэтуль выдаванаю тырадай:
- Усё, буду разводзіцца, не магу больш трываць. Зноў з бухгалтаркай сваёй скруціўся, зноў штодня апоўначы вяртаецца. Як жыць? Ну як, скажы? Гэта ж немагчыма! І яшчэ ўвагі нейкай асаблівай, паскуднік, патрабуе. Ой, прабач, штосьці я зусім расклеілася, і гаварыць нават не хочацца. Ты вось адна, і добра табе. Шчаслівая! І заставайся адна, не купляйся ні на якія мужчынскія абяцанкі.
І толькі калі Нана сказала пра намер Станіслава Мікалаевіча даслаць прэзент, крыху супакоілася, нават нібы павесялела.
- Прэзент? Ну, хай шле, хто ж ад прэзентаў адмаўляецца? А можа, там такі прэзент, што да скону нам яго на пражыццё хопіць. Ці, наадварот, можа, і зірнуць не будзе на што. Старыя - тыя яшчэ дзівакі, ты ж ведаеш. Падорыць на рубель, а думаць і казаць будзе ўсім пасля, што азалаціў.
Штосьці бурчэў, чутно было, шубуршыўся побач пры тэлефоне Павел, але слухаўкі ў Алы, каб, як заўсёды, скарыстаўшыся паўзай, уставіць у размову важкі свой, з’едлівы мядзяк, не выхапіў. Наадварот, неўзабаве, што зусім было на яго не падобна, сціх, быццам вады ў рот набраў - ці не загладжваў гэткім чынам перад жонкай правіну.
- Дык не адмаўляйся, няхай шле, - падсумавала Ала. - Можа, праўда, вартае там што. Не самім жа нам ехаць па той прэзент. Ага. Ад’ехацца не паспееш, як тут, глядзіш, прафураў розных, сучак юрлівых у хату навядуць.
Зноў штосьці жэкнуў, чутно было, Павел, зноў ўсхліпнула сястра, але Нана на тое ўжо ўвагі не звяртала.
- Добра, зараз жа адпраўлю яму адказ, - сказала і падсела зноў да кампутара. Шчоўкнула мышкаю, дачакалася сігналу “Ліст адпраўлены” і тут толькі спахапілася, што за размоваю з сястрой і забылася дадаць да допісу тое, што перад гэтым хацела: папрасіць Станіслава Мікалаевіча, каб прыслаў свой здымак.