Паспрабавала ўявіць, як ён выглядае, ды неўзабаве, дарэмна патужыўшыся глуздамі колькі хвілін, і махнула на справу рукой: можа, таму, што бацькі ані дзеда ніколі не бачыла, знешнасці незнаёмых старэйшых мужчын намаляваць уяўленнем ніколі толкам не магла. Зморшчыны, вусы, магчыма, барада, скроні сівыя, мабыць, як у дзядоў вунь на дварэ ў альтанцы або ў фільмах - усё быццам правільна, ды разам з тым і не, бо на адзін капыл, трафарэтна, ненатуральна.
6.
Допіс ад Наны з яе адрасам і поўным імем Станіслаў Мікалаевіч атрымаў акурат дарэчы, так, як і спадзяваўся - дзесьці за паўгадзіны да адкрыцця банка. Перапісаўшы дадзеныя на асобную цыдулу, памкнуўся адчыніць файл са здымкам, але тут жа і адклаў справу: гэта не да спеху, можна будзе паглядзець і пасля, іншае цяпер галоўнае.
- Можа, і мне з вамі пайсці? - падазрона нецярплівым, быццам толькі таго моманту і чакала, калі ж ён урэшце пойдзе з хаты, голасам спытала, ледзь толькі ён падняўся з-за кампутара, Зіна і лісліва ўсміхнулася. - Раптам што якое на дварэ з вамі здарыцца? Вось прыхопіць вас неспадзеўна вашае сэрца - што тады, Станіслаў Мікалаевіч?
- А што, як чужаніцаў мне ў хату без ведама майго ды ў маю адсутнасць навядуць? - сказаў ён і перасмыкнуў знарок як мага больш пагрозліва плячыма. - Нічога мне не зробіцца. Калі што якое - Дарафеевічу з мабільнага патэлефаную. А ці табе.
- Ну, глядзіце самі, як вам лепш. Нейкі. нейкі незразумелы вы сёння, - дадала пад самы ягоны адыход Зіна і пайшла да сябе ў пакой, дзе ўжо колькі часу займалася, чутно было, прыбіраннем.
“Мабыць, зноў крываносага свайго чакае. І добра, менш на мяне ўвагі”, - падумаў ён і пайшоў на двор. Сышоў з ганка, акінуў паглядам лядашчую, аблепленую тонкім пластам тынку сцяну дома. Узгадаў, як, толькі-толькі перасяліўшыся ў яго, хацеў адразу ж заняцца рамонтам і ўжо сёе-тое пачаў перарабляць у верандзе, і міжволі парадаваўся цяпер, што далей гэтага не дайшлі рукі. Выдаткі немалыя, а дзеля чаго яно, усё тое кешканне з рамонтам, з увагі на сённяшні ягоны стан, было б? І галоўнае - дзеля каго? А так во калі і старонняму пяройдзе халупа ў спадкі, той жа Зіне, напрыклад, бо яна адна тут, апроч яго, прапісаная, - і не шкада.
Канечне, на добры лад, і каторай з тройцы жанчын, з якімі больш-менш сур’ёзна зводзіў у жыцці лёс, можна было б што-нішто пакінуць, але дзе іх цяпер, жанчын тых, шукаць? І што патрэбы шукаць - адно толькі клопату сабе ды людзям наробіш. Быццам годнае пачнеш рабіць, а яно, глядзіш, у рэшце рэшт возьме ды кепскім, як яно найчасцей і здараецца, неўпрыцям абернецца. Для яго яшчэ - як бы ні было, а вось для пляменніц.
І што яму тыя колішнія жанчыны - так, забава быццам, часовая прыхамаць. Ні да адной душою па-сапраўднаму і не прыкіпеў. І хацеў, можа, прыкіпець да каторай - а не атрымалася. Страху свайго, сябе самога здолець перамагчы - не атрымалася. А яно ж так заўсёды: чаго баішся, чаго найбольш асцерагаешся, тое і плішчыцца ў глузды, і шкрабе, і не дае спакою. З каханкаю ўпобачкі ляжаць, кахацца-мілавацца, захлынаючыся радасцю, і адначасна кожнае хвіліны баяцца, што вось возьме ды і перавернецца штосьці раптам у галаве, і пасунецца рука зладзейкаю да шыі сяброўкі - што за пакута. І такое, між іншым, здарылася з ім аднаго разу. Год сорак пяць было яму тады, можа, крыху болей. Добра, тэлефон зазваніў у вітальні, а то невядома чым неспадзеўнае нялюдскае насланнё і скончылася б.
Так вось і сталася, што з усіх ягоных каханняў найбольш вартым тое, бадай, нявіннае з юнацтва - да Маруты - у памяці засталося. Такім помным, наўздзіў трывалым аказалася яно, што аднойчы нават, гадоў дзесьці праз сем-восем па ад’ездзе з Лучая, надумаўшыся-такі пасля доўгіх ваганняў наведаць употай магілкі бацькоў, вырашыў разам і слядоў дзяўчыны пашукаць. Якраз жа на кладах і натыкнуўся на іх, ды запозна: дзед Антук, мяркуючы па надпісе на помніку акурат побач з магіламі Тарасевічаў, тры гады як памёр. Магіла старога з пастаментам ва ўзгалоўі, з купкамі кветак наўкола бардзюраў, папраўдзе, не так тады здзівіла яго сваёй просценькай густоўнасцю, як прыемна здзівілі і ўразілі дагледжанасцю магілы бацькоў. Так выглядалі, быццам учора хтосьці іх прыбраў: ні травінкі нідзе, ні апалага лісціка, ні следу занядбання. Хто б мог іх тут, дзе сваякоў нябожчыкаў нікога не засталося, даглядаць? Хто яшчэ, апроч Маруты, калі кветкі, што пры магіле Антука, што абапал помнікаў ягоных маці і бацькі, аднолькавыя?
Узрушаны ўбачаным на могілках, ён рызыкнуў тады заскочыць на зваротным шляху да станцыі ў Касцяніцу ў надзеі калі не спаткацца з Марутаю, дык хоць што-небудзь пра яе даведацца. Але дарэмна: усе тры касцяніцкія хаты ды подступы да іх так густа зараслі з усіх бакоў здзічэлым вішняком і арэшнікам, што і здалёк стала яму зразумела: хутару кранты. Больш ад тае пары ён Маруты не шукаў. Хоць і ўзгадваў часта - так, як узгадваюць тое, што і высілкаў, каб узгадаць, не патрабуе, што само міжволі ў голаў прыходзіць.