Выбрать главу

Зрэшты, і вартым апроч Маруты, аднак жа, лёс яго не абдзяліў. Было, было аднойчы. Лічаныя дні заставаліся ўжо тады да шлюбу, як вырашыў, паддаўшыся настрою, распавесці абранніцы сваёй пра Віцюню. Не ўсё, вядома, а так, збольшага, каб настрой яе намацаць ды паглядзець, як жа адрэагуе на гісторыю. Сёння распавёў, а назаўтра ўбачыў, як замітусілася ў клопаце абыходнымі шляхамі што-небудзь яшчэ ў дадатак да таго, што сам ёй сказаў, даведацца. На тым і скончылася любоўная ідылія, змізарнела пад ціскам жаночае перасцярожлівасці ды ўласнае ягонае (што ёсць, тое ёсць, з песні слова не выкінеш) маладушнасці.

Ад таго часу быццам прывід які тоўхаў яго праз усё жыццё ў цемя, не дазваляў нават перад самім сабою, а не тое што перад кім староннім, расчыніць дарэшты шлюзы даверу. І ні кніжкі ніякія не памаглі, ні псіхатэрапеўты вучоныя ды самадзейныя, колькі ні звяртаўся. Такі ён, той прывід, аказаўся на лекаванне няўразлівы. Што за прывід - вядома, але што пра яго ўзгадваць. Такое ўзгадваць - толькі лішні раз сябе цвяліць. Пачнеш занадта цвяліць і не заўважыш, як на прысак перагарыш. Ці ў спаруду ператворышся, захрасшы нагамі, бы тая жамярына ў загуслым цыманце, у лабірынце пакутлівых згадак. І не з такімі камянямі на душы, і не з чужымі, а собскімі, людзі жывуць і надта іх наяўнасцю не пераймаюцца. З такімі камянямі, што ягоны ў параўнанні з імі - нявінны камяк снегу. То што пакутаваць? Тым больш, што наогул цяпер іншы клопат для яго найгалоўнейшы.

З афармленнем завяшчання ўсё вырашылася хутка, за колькі хвілінаў. Дзяўчына ў банку па той бок перагародкі з цікаўнасцю зірнула на яго, штосьці ўсміхнулася, падала чысты аркуш і паперку з узорам запаўнення дакумента. Аркуш быў такі белы, што адбірала тая бель вочы, і Станіславу Мікалаевічу не адна хвіліна спатрэбілася, каб да яе прывыкнуць. Затое астатняе ўсё прайшло, як па масле, і неўзабаве тэкст завяшчання быў гатовы.

- А калі што якое, дакументаў шмат трэба будзе падаваць на атрыманне грошай, ці пашпарта толькі будзе дастаткова? - спытаў ён напрыканцы, перадаючы дзяўчыне паперчыну.

- Дастаткова будзе пашпарта, - адказала тая. - Галоўнае, каб дадзеныя скрозь, у завяшчанні і ў пашпарце, супадалі. Прозвішча, імя, імя па бацьку.

- Гэта добра. Дзякуй, - сказаў ён і пайшоў з памяшкання. Было яшчэ не позна, але адчуваў сябе кепска: у грудзях трымцела, дыханне раз-пораз збівалася з рытму, рукі лекацелі і так раптам узмакрэлі, быццам хтосьці знячэўку абліў іх вадой.

На дварэ было прахалодна. Ён нават сцепануўся ад холаду, выходзячы з брамы на ходнік. Безуважна, усё яшчэ заняты ў думках справаю з завяшчаннем, абмінуў шыхт матацыклаў збоч павароту, наблізіўся да постаці мужчыны з нацягнутай на вочы бейсболкай, што стаяў з роварам пры дзвярах у краму напояў і зацята, быццам толькі гэткага клопату праз дзень і меў, паліў.

- А, вось дык сустрэча! - Мужчына бліснуў вачмі з-пад бейсболкі, шпурнуў недакурак у сметніцу, хіснуўся Станіславу Мікалаевічу напярэймы з відавочным намерам падаць руку. - Як пачуваецеся?

- Як відаць, - адказаў ён і, робячы выгляд, быццам не дае рады пазнаць суразмоўцу, зморшчыў лоб ва ўдавана неўразуменнай напрузе. - Ты. - Ромак, - не выказваючы ані здзіўлення, ані намёку на крыўду ад забыўлівасці старога чалавека ці панібрацкага ягонага, знарочыста грубаватага - на “ты” - звароту, буркнуў той. - Прыходзіў да вас у кватаранты прасіцца, а вы адмовіліся. Не памятаеце хіба?

- Адмовіўся, бо не меў, мабыць, у тым патрэбы, - знарок як мага больш холадна, нават сувора прамовіў ён і падаў маладзёну руку.

- Можа, і так, але ж не самі адмовіліся, дзеўка вас падсуклеціла. Я ж не сляпы, бачыў, як пяяла вам штосьці ў вушы. Дачка яна вам, ці хто?

- Хто б ні была, - сказаў ён першае, што ўзбрыло ў голаў, але тут жа, адчуваючы, што іншага выпадку задобрыць гэтага ахмялелага, ачмуранага танным пітвом дзецюка можа не надарыцца, прымірэнча дадаў: - Вядома, жанчыны.

- Ну, не скажыце, - не пагадзіўся той. - Жанчына жанчыне розніца. Мая былая, напрыклад, зусім неблагая. Адно што выпівох не любіць, а так кабеціна - хоць куды.

Маладзён палез у кішэню пінжака, дастаў фотку, з навязлівасцю чала­века, якому ўсё адно, што казаць ці рабіць, абы толькі яго слухалі, падаў Станіславу Мікалаевічу.

- Ну, з выгляду, сапраўды, нішто. Але ж чаму тады, калі гэткая яна ў цябе добрая, дахаты не ляціш, а тут, пры краме, аціраешся?

- А таму, што разбегліся мы. Вось чаму...