Выбрать главу

- Канечне, напісаць. Каб не чапіліся потым. Адно што Раман гэты. Яшчэ надумаецца знаёміць сюды прывезці. Бачыш жа, запрашаў іх стары.

- Не надумаецца. Я яго пару разоў так пужнула, што не насмеліцца больш назаляць. Ды ў мяне такое ўражанне, што Станіслаў Мікалаевіч і сам пазбягаў з тымі цёткамі спаткання. Спачатку прапанаваў быццам сустрэцца, а потым у хамут ударыў. І не рады ўжо быў, відаць, што напрасіўся.

- Чаму?

- А хто там ведае, у чужую душу не ўлезеш. Не такі быў чалавек наш Мікалаевіч, каб перад кожным стрэчным спавядацца. Меў, мабыць, нейкія важкія прычыны для гэтага. Але нам што да таго?

- І праўда.

- Дык што - адпісаць жанчыне?

- Рабі, як лічыш патрэбным. Каб потым, калі што якое, мяне не пашкала. Не я тут гаспадар.

- Ну ўжо ж, канечне, не ты, - не стрывала, каб чарговы раз не зыранізаваць, Зіна і рашуча націснула курсорам на пазнаку “адказаць”.

Не сумнявалася: менавіта вось гэткае развязкі нябожчык гаспадар больш за ўсё жадаў і ўсё магчымае дзеля таго, каб акурат гэтак, як ёсць, сталася, сам жа і парупіўся зрабіць.

8.

- А вы сумняваліся, казалі - падман. Грошы немалыя, ажно падумаць боязна. - Нана разгарнула рахунак, перадала сястры. - Містыка нейкая, дэтэктыў дый годзе.

- Немалыя, праўда, - азвалася Ала. - А во будзе, як заявяцца ягоныя сваякі ды пачнуць яшчэ судзіцца. Клопату тады не абярэшся. І грошай тых не захочаш, як пачнуць па судах цягаць.

- Не ўводзьце староннім у вушы, што гэтак падфарціла, то ніхто і не заявіцца, - падаў голас з калідора Павел. - Падумаеш, сваякі. Былі б тыя сваякі нармалёвыя - чужым не завяшчаў бы майно. Падзеліце ўклад - і ўся містыка, і ўвесь вам дэтэктыў. Прасцей трэба быць, жанкі, прасцей...

- Як ты, напрыклад, са сваімі гэтымі. Ага. Ну, а што дзеўка гэная, Зоя, ці як там яе? Патлумачыла яна табе што-небудзь у лісце? - не сунімалася Ала.

- Зіна? Не, нічагуткі. Толькі тое, што пра помнік на могілках турбавацца не трэба, паведаміла. Яна, маўляў, сама ўсё замовіць і зробіць, бо ёй ён таксама сёе-тое пакінуў. А болей - нічога. Ды няхай робіць, як хоча. Дзяўчына, відаць, увішная, гэткая міма рук нішто не прапусціць.

- Няблага ж, ён, відаць, ёй пакінуў, калі гэтулькі на сябе бярэ, - зазначыў Павел.

- Ну, а Раман што? Можа, ён што ведае?

- Раман? Скажаш! Быццам Рамана не ведаеш. Калі ён нават канверта не даўмеўся распакаваць ды паглядзець, што там у ім. Пагаварыць з ім, распытаць, ці што, пра таго чалавека? Мабыць, пасля крыху, як уляжацца ўсё.

- А можа, і не варта, - зазначыла задуменна Ала.

- Можа.

Колькі хвілінаў тройца сядзела моўчкі.

- А памятаеш, як аднаго разу, калі ў Закарпацці мы жылі, нейкі дзядзька падарункі нам да Новага года прыслаў? - парушыла маўчанне Нана.

- Мама яшчэ ледзьве прынесла іх з пошты, такі велізарны быў клунак. Лялькі, цукеркі, яшчэ нешта з ласункаў, абутак, вопратка. Памятаеш? То, можа, гэта ён і быў тады, гэты Станіслаў Мікалаевіч?

- Падарункі памятаю, як жа. А вось ці казала яна, ад каго - хоць застрэль, не ўзгадаю. Ды наўрад казала.

- А я памятаю: ад дзядзькі аднаго, сказала, і тут жа змоўкла ды рот даланёй прыкрыла. Быццам і не хацела нічога казаць, а прагаварылася міжволі. То, можа, сапраўды гэты Станіслаў Мікалаевіч нам які сваяк?

- Быў бы сваяк - так бы яна і сказала: ад дзядзькі, маўляў. Канкрэтна б сказала: ад вашага дзядзькі. А то ж - ад дзядзькі аднаго! Улоўліваеш розніцу? - зноў вымкнуўся, цяпер ужо з кухні, Павел. - Аднаго - значыць нейкага чужога, старонняга. Хіба не так?

- А потым - з імем тваім ды па бацьку імем яшчэ гэтая мітрэнга, - падтрымала мужа Ала. - Ці мог бы ён, каб быў нам сваяк, не ведаць нашых імёнаў па бацьку? Нават калі б і не родны быў дзядзька, а стрыечны, да прыкладу, і то ведаў бы. Канечне, ведаў бы. Не, тут не тое, не тое... Зусім не тое.

- Ну, можа і так, - пагадзілася неахвотна Нана. Мулкае адчуванне, што выслігвае з жыцця штосьці значнае, як выслізгвае з рук ды сплывае прэч няўдала схопленая лаўцом за хвост, але не ўтрыманая рыбіна, пазыбалася імгненне ў яе растузанай няпэўнасцю падсвядомасці і, заслоненае думкай, што нічога іншага, як пагадзіцца з жалезнай логікай сястры і швагра, не застаецца, патанула ў бясконцай чарадзе цяперашніх і імаверных наступных клопатаў.

9.

Была сярэдзіна жніўня. Ала і Павел Клімовічы ехалі на аўто паглядзець слынны на ўсю вобласць штучны вадаспад на месцы разбуранага старасвецкага млына за паўтары сотні вёрстаў ад іх гарадка. Колькі год ужо збіраліся да яго наведацца, ды, хоць і знаходзілася запаветная мясціна не так і далёка ад дома, ніяк не маглі вымеркаваць на тое часу. То адзін на працы, то другому з нейкае прычыны не да вандровак. Сыны, Данька і Лёша, ці не па тры разы ўжо ўмудрыліся з’ездзіць да таго вадаспада з экскурсіямі ад школы, а ім, бацькам, усё не выпадала. І вось нарэшце супалі ў абаіх тэрміны адпачынкаў, і магчымасць такая з’явілася.