Выбрать главу
З тых пор я кахаю і сумныя песьні‚ І косы іскрыстых праменьняў‚ І краскі‚ што ўсходзяць у нас на прадвесьні І нас ажыўляюць натхненьнем.
Кахаю Краіны крывавыя раны — Ахвяры у Слуцкім паўстаньні‚ О меч‚ што для волі зь зялеза каваны‚ І Сьцяг‚ што лунае змаганьнем.

Скрыбава, 8 студзеня 1944 г.

То несьмяротны

Абапал ціхае ракі Грымелі ў Случчыне гарматы; Гайсалі ў вёсках гайдукі — Апрычнікі чырвоных катаў‚ Ды толькі быў то год дваццаты.
Із-пад саломянай страхі‚ З стагоў‚ із ямы пад вярбою Случчак выцягваў сваю збраю; Каб бараніць свае шляхі‚ Адрэз гатовы быў да бою.
Ўьвіліся вольныя сьцягі Над кожнаю сялянскай хатай; Няволі рвуцца ланцугі‚ Ушчэнт пакрышаныя краты — У бой крывавы йдзе араты.
За бацькам усхапіўся й сын; Адзеты ў зрэбную кашулю‚ Хлапец схіліўся да Матулі: — Даруй мне‚ Мама! Плакаць кінь! Багаславі! Іду пад кулі.
— Даруй‚ Матуля і бывай! У крыж чырвоны йдуць дзяўчаты‚ Ідуць на сьмерць за родны Край… Ўзьнялася Случчына заўзята… То Несьмяротны Год Дваццаты!

Парыж — Францыя, 20 верасьня 1955 г.

Лістапад

Агарнуў зямельку восеньскім надвор'ем Ў золаце пажоўклы месяц лістапад. Горасна шапоча колішнім прывольлем Зноў асірацелы паўразьдзеты сад.
Родная зямелька‚ зноў Ты закавана! Рэжуць Твае грудзі раўчукі ад сьлёз. Гоняць Тваіх дзетак ў сьвітках саматканых Ўдалеч ад радзімых імшароў і лоз.
Зморшчылася маці‚ плача па сыночку‚ Плача жонка‚ дзеткі‚ таты шкода ім. «Чорны Воран» цёмнай восеньскаю ночкай Роднага іх тату вырваў із сям'і.
Цяжка пераносіць зьдзекі ад чужынцаў‚ Слухаць бязупынны ад кайданаў звон. Вёскі саламяны‚ местаў камяніцы — Ўся краса Краіны трапіла ў палон.
Пушча Белавежа злосьціцца ад болю; Помстаю крывавай вышчарыўся гай; Грознаю лавінай рвецца із няволі Ў вогнішчы змагарным Беларускі Край.

Кліўленд — ЗША, лістапад 1958 г.

Гудзе над Случчу

Гудзе над Случчу навальніца‚ Дрыжыць‚ калышацца зямля‚ Ў Вагні пажараў Край дыміцца‚ Край мірнай працы‚ Край сялян.
Ўгары крумкач драпежыць чорны‚ Цікуе штось скрозь едкі дым‚ Але на варце непакорны Стаў бацька з сынам маладым.
Насупілася пушча строга‚ Шапоча гальлё галін‚ Шуміць узрушанай трывогай‚ Заве паўстаць на збройны чын.
І паўстаюць з сутоняў цьмяных Сыны лясоў‚ багны‚ балот; За Край свой родны‚ патаптаны‚ Няма нідзе ім перашкод.
Ды барацьба была няроўна. Загінуў дзед‚ і бацька‚ й сын. Зноў Край у цемрадзі астрожнай… Ды зорыць Слуцкі слаўны чын.
Міналі дні. Краіна ў ранах‚ Народ урынуты ў спалох‚ Але чын Случчыны ахвярнай Праменіць шлях да перамог.

Кліўленд — ЗША, 1958

То быў Дваццаты

Нахмурыў бровы сіні ранак‚ Туманіў дымам далягляд. Дрыжэў‚ крывавіўся ў ранах Ад выбухаў цяжкіх гармат Ў дваццатым годзе лістапад.
І ўзьвіўся Бел-Чырвона-Белы‚ Палошча ў сіню далячынь‚ Заве на бой адважных‚ сьмелых. Супроць варожае начы Заве на слаўны‚ горды чын.
І йшлі сыны палёў жытнёвых‚ Кашуляў зрэбных і былін‚ Бадзёра‚ поступам суровым Ішлі із пушчаў‚ із нізін — За Край паўсталі як адзін.
За Край зрабованы паўсталі‚ Адважна рушылі ў паход‚ Крывёй загоны палівалі‚ Каб Край ня ўмёр‚ каб жыў народ. То быў Дваццаты слаўны год.

Кліўленд — ЗША, 15 лістападу 1961 г.

Месяц Лістапад