Выбрать главу
Ходзіць шляхам зорным‚ Ходзіць ля прысад Даўні‚ непакорны Месяц Лістапад.
Штось шапоча ў вецьці І ляціць‚ ляціць‚ Залатым амецьцем Сыпле‚ шалясьціць.
Смуткам плешчуць хвалі Ў Лані берагі‚ Дзе калісь луналі Слуцкія сьцягі.
Кожную палянку‚ Кожны куст‚ ручай Трапнай адразанкай Бараніў Случчак.
Ў барацьбе заўзятай Ён ня чуў пакут‚ Бараніў зацята Свой сялянскі кут.
І плюскочуць хвалі. Шамаціць трысьцё: Там ахвяравалі Случчакі жыцьцё.
Гаманілі й ветры З гольлем верхалін‚ Зазіралі ў нетры‚ На мурог-кілім.
Ды не падлічылі Тых палян лясных‚ Што крывёй скрапілі Случчыны сыны.

Кліўленд — ЗША, лістапад 1962 г.

Былі гэроі

— Скажы мне‚ тата‚ ці то праўда‚ Што наш народ калісь з пагардай Адкінуў рускае ярмо? Ўхапіўся ён за зброю дружна‚ І залунаў кліч сьмелых‚ мужных: «Лепш сьмерць‚ чым Волю аддамо».
— Было‚ сынок… Было ў нас золка‚ Ды раптам залунаў вясёлкай Наш Дваццаць Пяты Сакавік. І радасьць расплылася ў хатах: Вяселяцца хлапцы‚ дзяўчаты‚ А за стырно стаў наш мужык.
Але чырвонай бліскавіцай З Масквы ўзьнялася навальніца І засланіла небасхіл. Забіў народ наш на трывогу І засланіў грудзьмі дарогу; На сонцы бліснулі штыхі‚
Гулі гарматы‚ кулі пелі‚ Ад дыму людзі пашарэлі‚ Страчыў няўтомны кулямёт; Крывёю кожны крок быў зьліты‚ Чарнела поле ад забітых — Так бараніўся наш народ.
Але ня нам спрыяла доля‚ Не дзеля нас бліснула Воля. Ахвярныя ў зямлю ляглі… Дык вось‚ сынок… Былі гэроі‚ Стаялі да канца са зброяй… Спачылі у сырой зямлі…

Кліўленд — ЗША, лістапад 1962 г.

Паслухай, што кажа курган

Аднойчы улетку па Слуцкай зямлі Ледзь бачнаю сьцежкай паволі мы йшлі; Вакол нас сінеўся лес цёмны густы, Аб нечым таемна шапталі кусты, Курган уздымаўся, як сьведка забавы, Як сьведка былой Беларускае славы.
На ім дуб-асілак ўвесь мохам парос; Ён шмат наглядзеўся на мора ад сьлёз; Зялёны мох вылез з глыбокіх маршчын, Шырокі цень кідалі шапкі галін, Дуб нас заклікаў, даючы адпачынак, Пад свой густалісты зялёны абдымак.
Бадзёра падходзім пад цень, нібы ў дом; Шапочуць аб нечым лісточкі кругом; Мы селі (Нас хутка агортвае сон) I чуем, — здалёк набліжаецца звон. Курган застагнаў, дуб над ім нахіліўся, А зь лісьцяў зялёных сьпеў дзіўны паліўся.
   Сьпеў дзіўны асілкаў Славян-Крывічоў,    Зь ім раптам злучыўся напеў дрыгвічоў,    Азваўся ён рэхам сярод Севяран,    Радзімічаў, Вяцічаў, сьмелых Драўлян,    Высока ў блакітную далеч узьвіўся,    Магутнаю славай над Краем расплыўся.
   Сьпявалі, як князь Рагвалод ваяваў,    3 чужацкай апекі народ вызваляў,    Як княжна Рагнеда любіла народ,    Як князь Чарадзей сабіраўся ў паход,    Як воўкам вяртаўся сярод цёмнай ночы —    Гарэлі агністыя князевы вочы.
   Як княжна Прадслава на перапіс кніг    Найлепшых гадоў не шкадуе сваіх,    Як Клімант Смаляціч, Смаленскі Аўрам,    Кірыла із Турава роднага нам,    Інкогніта «Слова аб Полку Ігора»    Культуру народу ўздымалі угору.
   Сядзім, не варушымся; як скрозь туман,    Шмат войска выходзіць зь лясістых палян;    Вакол вецер стогне, галосіць, сквіліць —    То Міндаўг выходзіць свой Край бараніць,    (Адзін із славутых князёў Наваградку    Ўстаўляў Беларускага Права парадкі).
   Мы слых навастрылі; звон гучна званіў;    I чуем: Вялікім палітыкам быў    Князь дзейны й разумны ваяк Гедымін;    Пасьля Гэдыміна Альгэрд, яго сын,    Краіну сваю бараніўшы з Усходу,    Вялікую славу здабыў для народу.