Выбрать главу
   На Захад і Поўнач харобры Кейстут    Дружыну вадзіў, бараніў родны кут.    Гучней у званы б'е Сафійскі званар;    Гудзе звон, як Вітаўт — Вялікі Ўладар    Народ бараніў ад Усходняй пакуты    Й далёка за межы быў знаны, славуты.
   А князь Жыгімонт, што ліць звон загадаў,    Аб славе Радзімы званіў і сьпяваў;    Сапега Леў — спрытны ў палітыцы сват,    Ваяка ў вайне, ў мірны час — дыплямат;    Набаба Антон — атаман беларусаў —    Паўстаньне узьняў супроць панскіх прымусаў;
   Франціш Скарына — беларускі друкар —    Ён вынес наш друк на шырокі абшар;    Зьвініць, што мы маем «Літоўскі Статут»,    Ў ім «Права» на землю, на ўласны свой кут,    А Земскія Ўрады ўсе абавязкова    Павінны ўжываць беларускую мову;
   Зьвініць, інто Цяпінскі пісаў і жадаў,    Каб родны народ сваю мову ўжываў;    Князі Радзівілы, Сапегі й хто мог    Спрыялі друкарству ўва ўласных дварох;    Мамонічы-ж родам із-пад Магілёва    Друкарствам праславілі роднае слова;
   Зізаніна «Лексіс» выходзіць у сьвет,    Граматыку выдаў Сматрыцкі Малет,    Сымона-ж Буднога сам цар запрасіў,    Каб ён люд Маскоўскі культуры наўчыў,    I радасным зьзяньнем ўзыходзіла сонца    У наш «Залаты Век» на роднай старонцы.
   Гучней і гучней разьліваецца звон,    Пяе аб жыцьці беларускіх старон;
   I песьня нясецца далёка ў прастор,    Ў блакітнае неба, да сонца, да зор,    Зьвініць пералівамі музыка жвава,    Разносіцца ў сьвет Беларуская слава;
   Пяюць Ян Баршчэўскі, Рыпінскі, Чачот,    Што ў Краю жыве Беларускі народ;    Дунін-Марцінкевіч — пісьменьнік буйны    У творах адбіў быт свае стараны,    Франціш Багушэвіч — паэт Адраджэньня    I «Дудкай» і «Смыкам» натхняў пакаленьне;
   Кастусь Каліноўскі, што сьмела паўстаў,    Жыцьцё за народную волю аддаў;    Зьвініць: Няслухоўскі «Вязанку» зьвязаў,    Ядвігін Ша зь Цёткай у «Ніве» сьпяваў,    Карусь Каганец напiсаў «Шляхцюк Модны»,    Паўловіч Альбэрт — гумарысты народны
   — Усе праслаўлялі любімы свой Край,    I славай зьвінелі палеткі і гай;    Гарун — беларускі паэта-змагар    У скарбніцу нашу ўлажыў «Матчын Дар»,    Канстанцыя Буйла «Курганнаю Кветкай»    Праславіла гай, сенажаці, палеткі;
   Максім Багдановіч — мастацтва паэт —    Пэнтамэтр — пяць дактыляў, стройны санэт,    Тэрцыны, октавы, рондо, трыялет    Каваў, гартаваў і званіў у сусьвет;    А зь Нівы зьвініць, разьліваецца голас —    Купала, Гарэцкі, Бядуля, Ўласт, Колас,
   Гурло, Галубок, Аляхновіч, Чарот,    Зязюля й шмат іншых ідуць у паход;    I Лёсік Язэп — Адраджэньня салдат,    Сьвядомы змагар, беларус дэмакрат,    Грамыка, Сваяк, Цішка Гартны ды Леўчык    Народ вызвалялі ад цемры адвечнай.
   Грыміць навальніца, палае вайна,    Крывавіцца восень, зіма і вясна,    Ў крыві захлынаецца трэйці ўжо год,    Але Пярун ляснуў, і ўзьняўся народ,    Ідзе закладаць свой дзяржаўны падмурак,    Свой Край адраджаць скрозь завеі і буры.
   Прышоў Васемнаццаты радасны год,    Сваю незалежнасьць сьвяткуе народ;    Іскрыць Дваццаць Пяты ў Краю Сакавік,    Стырно ухапіў наш араты мужык;    Успомніў народ сваіх прашчураў славу,    Будуе сваю Незалежну Дзяржаву.
   Ідэя яе знайшла плённы свой грунт:    Варонка, Аўсянік, Крэчэўскі, Скірмунт,    Карач, Аляксюк, Бадунова, Козіч,    Ваяк гэнэрал Кандратовіч — крывіч,    Ластоўскі, Мамонька, Душэўскі, Цьвікевіч,    Уласаў, Лянкоўскі ды Смоліч, Лункевіч,
   Ладноў, Серада, Іваноўскі і Грыб,    Бялевіч, Захарка, Заяц, Езавіт,    Макрэяў, Вяршынін ды шмат змагароў    Даў Полацак, Віцебск, Смаленск, Магілёў,    Менск, Горадня, Вільня, Палесься нізіны,    Каб Край адрадзіць з-пад адвечных руінаў.
   I ў Случчыне створаны свой Камітэт;    Сьмяецца і плача ад радасьці дзед.    Ды чорнаю хмарай прышоў бальшавік    I зьнішчыў нам волю, што даў Сакавік,    Жаўрыд з Камітэту заарыштаваны,    Ў чужую Краіну на зьдзекі сасланы.