Выбрать главу
   Але Незалежнасьць зрабіла свой крок,    I ў Краю разьвеяўся жудасны змрок,    Нядоля, як дым, адыйшла ў забыцьцё,    Ізноў Беларусы кіруюць жыцьцём;    Зьезд Случчыны вызначыў Слуцкую Раду,    Каб Край бараніць ад чужынцаў нападу.
   Пануе у Слуцку ізноў свой Урад;    Зьвіняць за ваколіцай песьні дзяўчат;    I ў кожным сяле з-пад саломяных стрэх    Званочкамі льлецца вясёлы іх сьмех;    Як толькі-ж Масква небясьпекай навісла,    Ўся Случчына дружна са зброяю вышла;
   Ідуць батальлёны, праходзяць палкі,    Грудзьмі за Радзіму стаяць Случчакі,    Адважна і сьмела імчацца у бой,    За волю, за чын ахвяруюць сабой,    Вішчаць, разрываюць паветра шрапнэлі,    Шапочуць стрывожана сосны і елі.
   Iзноў завіруха мяцеліць, сьняжыць,    Пакутнай няволяй над Краем імжыць,    Ды толькі Пагоні ня зьнішчаны Сьцяг,    Наш Бел-Чырвон-Белы ў надзейных руках —    Крэчэўскі з Захаркаю моцна трымаюць,    Ў палон не здаюцца, галоў ня схіляюць.
   Расьце наш народ, і расьце яго дар:    Дубоўка, Зарэцкі, Дарожны, Дудар,    Хадыка, Бандарына, Вольны, Багун,    Грышкевіч, Вішнеўская, Танк, Салагуб,    Язэп Падабед, Маракоў, Шашалевіч,    Кляшторны, Лужанін, Бартуль, Ільляшэвіч,
   Мікуліч, Цьвікевіч, Знаёмы, Скрыган,    Калюга, Радзевіч, Грыневіч, Пфляўбаум,    Арсеньнева, Геніюш, Чорны, Машара,    Жылка, Салавей, Бабарэка і Хмара,    Баркоўскі, Талерка, Сакол, Нікановіч,    Казлоўскі, Пятрусь, Іванова, Міровіч,
Пятро Глебка, Моркаўка, Трус, Галавач, Язэп Пушча, Івэрс, Ванаг, Крапіва, Крушына, Случчанін, Вольны, Хведаровіч, Зосім, Лебяда, Звонак, Аляксандровіч, Клішэвіч, Кавыль, Золак, Віцьбіч, Сяднёў — Сыны сенажацяў, вазёр і гаёў.
А годы мінаюць, мінаюць угрунь, Ў Краю каласуе паўстаньчая рунь, Вайною зь няволі ірвецца народ, Ідзе на Вялікі Народны свой Сход, Падтрымвае дружна загад Прэзыдэнта, Каб лютага ворага зьнішчыць дашчэнту.
Над поплавам белы расплыўся туман, Стагнаў старажытны асілак курган, Наўкол залаціліся жытні палі, Валошкі у жыце сінелі, цьвілі, Зязюля ў гаю, «колькі жыць», кукавала, Глыбока у сэрцы туга замірала,
Трымцелі над намі галінак лісты, Іх шэпт таямніча ў паветры застыў, Ў вушах звон цудоўны аб славе гудзеў, Зьвінеў пераможны ваяцкі напеў; Ён зваў да змаганьня адважных і сьмелых За Волю, за Край пад сьцяг Бел-Чырвон-Белы.

Скрыбава, красавік-ліпень 1944 г.