Выбрать главу
Ўжо на родных гонях ня стрымаць Пагоні. Ня стрымаць Пагоні‚ рвацца на прастор; Ўвысь узьняўся сьмела Бел-Чырвона-Белы; Бел-Чырвона-Белы залунаў да зор.

Васілішкі, 26 чэрвеня 1943 г.

Шапаціцца

Шапаціцца восень залацістым лістам‚ Валавяны хмары гоніць угары. Паравоз імчыцца з дзікім сьмехам-сьвістам Праз палі‚ балоты‚ цераз гушчары.
Кратае‚ казыча‚ хіліць вецер вецьце‚ Гойдае галінкі кашлатых сасён. Палахліва сыпле жоўтае амецьце Залаціста — лісты амярцьвелы клён.
Стужкамі удалеч распаўзьліся сьцежкі; Журавоў у вырай плыве ланцужок; Міла мне усё тут: імшары‚ алешнік‚ Саламяны стрэшкі‚ мурагу стажок.

Лістапад 1943 г.

Волю, славу здабывай

Кіньце‚ кіньце сьпеў тугі І бадзёрым крокам Праз палеткі‚ праз лугі‚ Як акінуць вокам‚
Сьмела‚ радасна шагай! Волю‚ славу здабывай!
Хай наўкол сьнягі‚ туман! Ныюць у грудзях раны! У бязьмежны акіян Стараны каханай
Сьмела‚ радасна шагай! Волю‚ славу здабывай!
І адказам на тэрор‚ На Крывіцкіх гонях‚ Дамо ворагу адпор Пад сьцягам Пагоні.
Сьмела‚ радасна шагай! Волю‚ славу здабывай!

Скрыбава, 30 сакавіка 1944

Няма нам перашкод

Радзіла нас арліца Быў бацькам карабін; Маланкі ў навальніцу Нас песьцілі ў вагні;
Выхоўвалі нас буры‚ Баюкаў сівы бор; Скрозь хмары і віхуры Шугалі мы да зор
Гарыць паходняй раньне Ідзём мы у паход Зацятыя ў змаганьні‚ Ня знаем перашкод.

Скрыбава 1944 г.

Даволі

Даволі зьдзекаў і прымусаў! Даволі глуму і пакут! Хачу быць вольным Беларусам‚ Аслабаніць свой родны кут!
Няхай не страшаць нас тэрорам‚ Ні Салаўкамі‚ Калымой!.. Людзкая помста бурным морам Зальле чужацкае ярмо.
Пад сьцягам Бел-Чырвона-Белым За Волю‚ Праўду‚ за Штандар Іду я ў бой адважна‚ сьмела; Я — сын Свабоды. Я — Змагар.

Скрыбава, 26 красавіка 1944 г.

Іграе і плача

Іграе і плача ў тваіх руках скрыпка. Звон струнаў аб горы пяе. Дрыжыць серабрыстая ценкая нітка‚ Да зброі‚ да волі заве.
Пяе аб вялікіх‚ страшэнных пажарах‚ Аб тым‚ што наблізіўся кат‚ Аб нашых зялёных загонах-абшарах‚ Дзе марна гібее наш брат.
Пяе і імчыцца той сьпеў з буйным ветрам На сьветлы‚ прывольны наш шлях‚ Заве беларусаў із процьмы‚ із нетраў Пад Бел-Чырвон-Белы свой сьцяг.

Скрыбава, 3 красавіка 1944 г.

Дэлегат

Із вясковай хаты выбеглі дзяўчаты Выбеглі у поле на шырокі шлях; Сёньня ад аратых едуць дэлегаты‚ Едуць шукаць волі пад Пагоні сьцяг.
Сонейка іскрыцца над чыстай крыніцай‚ Ў празрастыя хвалі кідае прамень; Раптам над сталіцай бурнай навальніцай У блакітных далях разарваўся дзень.
Загулі гарматы з-за клёнаў кашлатых‚ Засланілі неба зялезным агнём‚ Ды жаўнер-араты ў барацьбе зацяты За кавалак хлеба‚ за радзімы дом.
А ў сталіцы Менску з-пад Бранску‚ Смаленска‚ Із-пад Бельску‚ Вільні‚ з Палескіх балот На загад Краіны сходзяцца мужчыны‚ Сходзяцца жанчыны на Вялікі Сход.
Дэлегат з Дубровы выступіў з прамовай: Ў бой супраць камуны за радзімы Край! Як зялезным звонам‚ ён агністым словам Заклікаў з трыбуны хлопцаў на «зважай!»

Чэрвень 1944 г.