Выбрать главу
Я — сын таго Краю‚ дзхе зброю народ Трымае у моцнай далоні‚ Дзе высака ўзьвіўся із нетраў‚ балот Сьцяг Бел-Чырвон-Белы Пагоні.

27 чэрвеня 1943 г.

Не змагу

Жытнёвае поле — валошак краса! Іскрыць на пялёстках сьлязінка-раса. Ільняныя косы з-пад сініх вянкоў Ў трымценьні плывуць‚ не знаходзячы схоў.
Зялёныя шаты‚ шаўковая рунь‚ І песенны звон‚ што разьліўся угрунь‚ І рэчка‚ і сад‚ і яловец‚ багун — Забыць іх ніколі й нідзе не змагу.

Васілішкі, 1944 г.

Песьні красак (з Купальскай Ночы)

Край балот‚ крыніц‚ азёраў‚ Скарбаў захаваных‚ Зрэб'я‚ багны‚ кроз‚ узораў‚ Сьвітак саматканых.
Край лягэнд‚ крыжоў‚ магілаў‚ Тугі нявыказнай‚ Курганоў‚ чароўнай сілы‚ Пушчаў непралазных.
Край цудоўных песень‚ казак‚ Палёў васільковых‚ Колькі зносіш Ты абразы Ад чужынцаў змовы!

Кліўленд — З.Ш.А.

Плача

Плача за сьцяною чараўніца-скрыпка‚ Навевае смутак новых шэрых дзён. Ў калідоры ціха хтось дзьвярыма рыпнуў; За вакном ліствою шапаціцца клён.
Я стаю задумны аб нязбытных мроях‚ Не кранае сэрца завадзкі гудок; Думкі-летуценьні мімавольным роем З славай Чарадзея прыплылі здалёк.

1950 г.

Родная старонка

Родная старонка! Ты ізноў ў пакуце. На Твае палеткі хлынуў град агню. Не пляце дзед лапці‚ седзячы ў куце‚ Ня мітусяць дзеці на дварэ ў гульню.
Ўсюды: на загонах‚ у гаі‚ у хаце‚ Ў гарадох і вёсках‚ уначы і ўдзень‚ З гостраю касою‚ нібы ў сенажаці‚ За людзьмі цікуе сьмерці чорны сьцень.
Шэры дым ад стрэлаў зацямніў лагчыны; Ад крыві народнай ўзьняўся цяжкі пах; Апаганіў вораг вольную дзяўчыну; У вачох Матулі незгасальны жах.
Але прыйдзе помста! Згіне непагода! Закрасуе славай наш агністы шлях‚ І над вольным домам вольнага народу Высака ўзаўецца пераможны Сьцяг.

Скрыбава, 1 чэрвеня 1944 г.

Штодзень

Штодзень чыгункаю вурчаць-пяюць вагоны‚ Імчаць няведама куды — у далячынь… О‚ дзікі лёс вайны! Зьнішчальнік ніў‚ загонаў! Спыні свой страшны шал! Хоць момснт адпачынь!

Разыйшліся сьцежкі

Разыйшліся сьцежкі Вузкія‚ крывыя‚ Разыйшліся полем Ў дальнія краі;
І сядзяць на ўзьмежках‚ На сівых руінах Людзі без патолі З сэрцам у крыві.
Горка плача Маці‚ Бедная галосіць; Ня ўцішыць ёй болю‚ Ня суняць сьлязы;
Выйдзе жыта жаці‚ Гляне на калосьсе І зальлецца болей Горкімі сьлязьмі.
Сумна на палетку‚ Родная Матуля! Плачаш‚ ня сьціхаеш Ты ўначы і ўдзень;
Больш ня ўбачыш дзетак‚ К сэрцу ня прытуліш‚ Бегаеш‚ ня знойдзеш Мейсца анідзе.
Разыйшліся сьцежкі Вузкія‚ крывыя‚ Разхыйшліся ў полі Ў дальнія краі.
Тлеюць галавешкі На сівых руінах‚ Скаргу-дым зь няволі Гоняць у гаі.

Рыд — Аўстрыя, 1949

Хутка

Восень спускаецца шэраю хмараю‚ Вецер у стрэхі гудзе‚ Сум неадчэпнаю цяжкаю мараю Поўніць дакучлівы дзень.
Прагна імкнецца душа супакоіцца‚ Воддаль ад чырвань-багны‚ Ды на чужыне чужая ваколіца‚ Людзі — чужыя сыны.
Тут не пачуць ні спагады слоў ласкавых‚ Ні спачуцьця‚ ні пяшчот; Зоркі?.. І тыя ня йскрацца нам краскамі‚ Ня усьміхнецца завод.
Ногі крывавяцца сьцежкай жабрачаю‚ Ў думках гаротны наш Край. Маткі няшчасныя давяцца плачамі; Ў сэрцы — балючы адчай.