Выбрать главу

Кіргхайм — Аўстрыя, 25 кастрычніка 1945 г.

Марусі Гусаковай

З нагоды шлюбу
З Кірхгайму з-пад Рыду шлём Вам прывітаньне: Каб Ваша жыцьцё красавала штогод‚ Каб шчасна збыліся ўсе Вашы жаданьні‚ Каб стаў незалежным наш Край і Народ.

16 чэрвеня 1946 г.

Янку, Віктару і Толіку

Забытыя лёсам‚ у багне балеснай‚ Ня бачым мы ласкі‚ ня бачым пяшчот; Усё тут чужое: і людзі‚ і песьні‚ І неба‚ і птушкі‚ й гульні карагод.
І ўспомніў я сёньня далёку Айчыну: Гуляе там вораг — чырвоны груган. Ці-ж нам не баліць‚ што мы тут на чужыне? Ці-ж нам не баліць‚ што ў Краіне тыран?

27 студзеня 1947

Васільлеву Грыцьку

Братоў-украінцаў ў знак дружбы народаў Дачка Беларусі вітае. Хай воля Краін‚ незалежнасьць і згода У сэрцах гараць‚ расьцьвітаюць!

16 чэрвеня 1946 г.

Івонцы Шыманец

Застылі на ўзгорку таполі‚ Лагчыны у белі туманяцца Ды ўжо у гушчарах праз гольле Блішчыць беларуская раніца.
І хай туманы наўкол сьцелюцца‚ Рады мы свае перамножым‚ Праз буры‚ віхуры‚ мяцеліцы Мы ўзыйдзем на шлях пераможны!

Парыж — Францыя, 14 лістападу 1955 г.

Алесю Салаўю

Калі Пярун грымеў і ляскаў‚ Калі круціў буран ліхі‚ — Рукзак‚ сухар ды скарб каляска Замацавалі нам шляхі.
І мы пакрочылі па горах Праз Бадэн‚ Пёльтэн‚ Вэльс на Рыд І эўрапейскія прасторы Нагамі ўтоптвалі ў нябыт.

Кіргхайм — Аўстрыя, 7 траўня 1945 г.

Дарагая ня плач

Прысьвячаю Ані — сяброўцы СБМ

Чырванеўся усход‚ Край гарэў ў барацьбе‚ Люд няшчасны крывавіўся‚ гінуў. Ледзь шаснаццаты год Прамінуў у Цябе‚ Пакідала ты родну Айчыну.
Навакола кусты‚ Луг‚ загоны і сад‚ Дарагія ўспаміны аб клёнах… І заплакала Ты Ды пайшла ля прысад З болем сэрца ад крыўды праклёнаў.
Зімшэлася золь. Сумна ўдалеч глядзіш: Як сустрэнуць чужацкія людзі? Але ў думках скрозь боль Эс-Бэ-Эмаўскі крыж Упрыгожваў дзявочыя грудзі.
І ўсьміхнулася Ты‚ Прашаптала «бывай» Ды махнула рукою скрозь сьлёзы На бор цёмны‚ густы‚ На палеткі‚ ручай‚ На садок‚ на таполі‚ бярозы.
Дарагая‚ ня плач! На лёс не наракай! Прыйдзе час і скрыжуе дарогі. З дымам зьнікне палач‚ І мы вернемся ў Край На змагарным шляху перамогі.

Кліўленд — ЗША, 27 верасьня 1959 г.

На палетках слуцкіх

Слуцкія палкі

Над зямлёю Слуцкай стараны каханай Уздымаўся ўгору жудасны віхор; Наляцела хмарай‚ здрадна захаванай‚ Азіятаў войска на наш шыр-прастор.
Але ўжо ня згодны беларус гнуць сьпіну; Досыць пацярпеў ён шмат гадоў палон; Паўстае ён сьмела за сваю Краіну‚ За абліты потам дарагі загон.
У вачох бліскучых вызваленьня смага; Хай грымяць гарматы! Надыйшлі вякі‚ Калі за свабоду з агнявой адвагай Ў бітву рвуцца сьмела Слуцкія палкі.

Слуцак, лістапад 1920 г.

Сынкі мае

— Сынкі мае! — Гукнуў Бацька Булак-Балаховіч‚ — Адцуралася нас доля‚ Шчасьце нам ня зорыць.
Чужынцы ў Краю пануюць‚ Цэрквы зачыняюць‚ Камісары на руінах Баль-тэрор спраўляюць.
Ня мінуць нам зноў кайданаў‚ Ланцугоў няволі. Край наш родны! Зрабаваны! Край бяды! Нядолі!
Над Табою навальніца Згушчаецца лосна‚ Над Табою Ленін з Троцкім Снуюць свае кросны.