Выбрать главу
Паняволяць‚ закабаляць‚ Закуюць навекі‚ Адарвуць сыноў ад маткі‚ Аддадудць на зьдзекі.
Сынкі мае‚ сакаляты! Ці-ж нам трэ няволя? Ці-ж нам трэба паганяты На нашым-жа полі?
Сынкі мае‚ сакаляты! На каня! У зброю! Бі наезьнікаў праклятых! Гэй‚ наўскач! За мною!

Слуцак, лістапад 1920 г.

За Бацькаўшчыну

Ўжо нясуць хлапчука у зямлянку: У грудзёх рана сьмяртэльна была; Там чакала Матуля ад ранку — Пераведаць сыночка прышла.
Палажылі яго каля ганку. Акрываўлены ён застагнаў‚ Ў рукі крыжык далі й адразанку Й засьпяшаліся: — Хлопча‚ бывай!
Ня стрымалася Маці: — Мой сыну! Дарагі мой! Радзімы ты мой! Ты радзіўся ў ліхую гадзіну. Як мне жыць будзе беднай адной?
Пакажы‚ ці вялікая рана? Мабыць‚ моцна пячэ і баліць? — Ужо жыцьцё маё Богам забрана‚ Родна Матка! Ня доўга мне жыць.
Не баліць рана гэтак‚ як путы‚ Што прынёс нам з Масквы бальшавік. Ў кайданы зноў Краіна закута‚ Зноў пад паншчыну трапіў мужык.
Рана‚ што у грудзёх‚ мне салодка: Ў ёй ратунак Радзімы мае. Гуртам зьнішчым аковы-калодкі‚ Гэта рана нам волю дае.
А цяпер… Мая родная Матка‚ Паміраю!.. Навекі бывай! Даруй‚ Бацькаўшчына! Родна хатка! Даруй‚ родны народ!.. Родны Край!..
І памёр наш юнак‚ і ня ўбачыў‚ Як крывавіўся Край у асьцёх; З цяжкаю ранаю‚ але без плачу Ён аддаў маладое жыцьцё.

Слуцак, лістапад 1920

Бацьку

Загінуў Ты за Край свой родны‚ За волю‚ шчасьце‚ за народ. Цяпер ляжыш у зямлі халоднай Сярод дажджоў‚ агню‚ грымот.
Ня мог сьцярпець тэрор чырвоных‚ Глядзець на град народных сьлёз. На помсту зваў сыноў загонаў‚ Людзей гаёў‚ балот‚ бяроз.
Вучыў іх браць вінтоўкі ў рукі‚ Да сьмерці свой народ кахаць І гэраічна ў жорсткіх муках За лёс змагацца і ўміраць.
Цяпер ляжыш‚ а помста з сэрца Ўзьнялася ўгору‚ кліча ў бой. Мы прысягаем нашай сьмерцю Аслабаніць Край родны свой.

Слуцак, лістапад 1920

У вастрозе

Сяджу я ў вастрозе‚ а думкі мае Імчацца да любае хаткі‚ Імчацца да мілых палеткаў‚ ганей‚ Да роднае старэнькае маткі.
Збалелыя грудзі ірвуцца ў прастор; Гляджу ў далячынь праз ваконца‚ І хочацца чуць‚ як шуміць сіні бор‚ І хочацца яснага сонца.
Журботна на сэрцы. Сумую ўвесь дзень. Як радасна‚ сьветла на волі! Закрочу із кута у кут‚ быццам цень‚ Пакутны самотнага болю.
І зноў із-за кратаў гляджу у блакіт: Праносяцца вольныя хмары‚ І ймчацца далёка‚ да мілых ракіт Маскве непакорныя мары.

Слуцкі астрог, 1921 г.

Песьня вязьня

Ў Краіне «свабоднай» Сяджу я ў турме І суд «лжэ-народны» Чакаю сабе;
Смакую шчасьлівы Саўдэпіі «рай»‚ А ў вокна нудліва Нясецца «слу-шай!..»
Але я ня першы Папаў ў гэты «кут»; Жытнёвыя вершы Чакаюць прысуд;
Наўкола ад плачу Калоціцца «рай»‚ І нудна наўдачу Нясецца «слу-шай!»

Слуцкі астрог, 1921

Калі

Сяджу у лёхах я астрожных; Наўкола цемра… Цішыня да болю… А сэрца?.. Грукае трывожна: Калі? Калі я прычакаю волі?

Слуцкая вязьніца, 1921 г.

З-за крат

З турмы савецкае із карцарнай каморы Ірвуся думкамі да мілых‚ дарагіх; Ўжо колькі месяцаў крывавіць сэрца гора; Ні вестак‚ ні лістоў ня маю я ад іх.
Зірну ў вакно: праз краты бачу хмары; Нясуцца ў вышыне няведама куды; І цяжар роспачы прасочваецца ў мары‚ Ды душу раніць горыччу жуды…