І раптам ластаўка прысела на ўскрай кратаў‚
Зашчабятала штось ды зьнікла‚ нібы сон.
— Ляці ты‚ ластаўка‚ ляці да роднай хаты‚
Скажы‚ што сын іх трапіў у палон…
Слуцкі астрог, 1921
З падвалу сырога
Збалелыя грудзі
Занылі ад болю‚
Слязьмі затуманіла вочы;
Варожыя людзі‚
Зьнішчаючы волю‚
Пануюць над Краем‚ як хочуць.
Над ціхаю кручай
Пад ліпай шырокай‚
Дзе зь мілай сядзеў аж да раньня‚
Праз сьлёзы гаручы
У болі глыбокім
Угрунь адцьвітае каханьне.
Гляджу я ў вакенца
З падвала сырога;
Пяюць салаўі на прадвесьні‚
А ў душу ліецца
Каханьне… трывога…
Як любы вы‚ родныя песьні!
І лёгкія мары
Лунаюць да зораў
Пад сіні блакіт Беларусі.
Ніякія кары‚
Ніякая гора
Зрачыся Радзімы ня змусіць.
Слуцкі астрог, 1921
Песьня арыштанта
У падвале пад мокрым скляпеньнем
Арыштант галаву ўдол схіліў;
Па твары разьбягліся сьцені;
Ледзь-ледзь вуснамі ён шавяліў:
- І за што столькі цяжкае мукі
Мне ў юнацкія годы цярпець?
Як балюча мне зносіць разлуку!
З дня на дзень узірацца на сьмерць!
О‚ мой Божа магутныя сілы‚
Дай яшчэ колькі дзён мне пажыць!
Перад тым як зыйду я ў магілу‚
Дай паслухаць як пушча шуміць!
Дай пабачыць садок каля хаткі‚
Пачуць голас сясьцёр і братоў‚
Прытуліцца да роднае маткі‚
Рукі сьціснуць сябровак‚ сяброў!..
І ўзьняў галаву ў задуменьні —
Неба скрылік маркоціў вакно;
Раптам ясныя косы праменьняў
Зазірнулі ў вастрог на радно.
Любы тата! Харошы‚ мой мілы!
Каб ты ведаў‚ як цяжка мне тут‚
Ты устаў-бы з сырое магілы‚
Мяне вырваў-бы з гэтых пакут.
І няўжо ты ня чуеш‚ ня бачыш‚
Як нязломна стаю ў барацьбе;
Не пачуць ім ні енкаў‚ ні плачу…
Я — твой сын… Я іду да цябе.
Усё цішэй словы з вуснаў зьляталі:
— Родны тата‚ хадзі ка мне ў кут!
Маё сэрца цябе прычакала…
Не баюся ніякіх пакут…
Слуцкі астрог, 1921 г.
Як памру
Як памру‚ дык пахавайце
Ў Случчыне‚ дзе жыў;
Крыж і стрэльбу ў рукі дайце‚
Каб я й там служыў‚
Каб мой дух у блакіце сьнежным
Воляю лунаў‚
За Краіны незалежнасьць
Да змаганьня зваў.
Да змаганьня за спадчыну‚
За лясы‚ палі‚
За сум песень тых матчыных
Роднае зямлі.
Над гаямі хмары дымяцца‚
І пыліцца шлях;
Час надыйдзе і ўздымецца
Зноў Пагоні сьцяг.
Слуцкі астрог, 1921
Успамін
З-за сьцен высокіх сумна выглядае
Аблуплены цагельны шэры дом;
Ні сьпеў‚ ні сьмех з-за крат ня вылятае —
Усё агорнута сьмяротным сном.
Схіліўся вечар на гаі‚ палеткі;
Над домам плямы чорныя ляглі;
Галоўкамі ківалі сонна кветкі‚
Й здавалася‚ кудысьці ўдаль паўзьлі.
Раптоўна енк пачуўся за сьцяною;
Балючы стогн запоўніў ўвесь харом.
І сьціхла ўсё. І цяжкім сном‚ журбою
Чарнеў з-за сьцен цагельны шэры дом.
Ціхарэцкая — Каўказ, 23 чэрвеня 1924 г.
Шапелю Хведару
Хоць каты чырвоныя ў Слуцку ізноў‚
Хоць мы на далёкай чужыне‚
Пакуль у нашых жылах хвалюецца кроў‚
Датуль Беларусь не загіне.
Кіргхайм — Аўстрыя, 30 чэрвеня 1948 г.
Край
О‚ Край мой прыгожы! Край мілы‚ каханы!
Куды-б мяне лёс ні закунуў —
Усюды Табе я бязьмерна адданы‚
З Табою я ў кожнай хвіліне.
Цябе пакахаў я зь дзяцінай калыскі‚
Калі Маці песьню сьпявала‚
Калі да вакна нахіліўшыся нізка
Зязюля ў гальлі кукавала.