Ціхоня ўзяў у дзве рукі сякеру, чамусьці пакруціў яе перад вачыма, нібы правяраючы, з жалеза яна, ці так з чаго, прымерыўся і лупянуў так, што аж вушанка наехала на вочы. Лязо крыху ўдзюбнулася ў камель, але ён i не думаў расколвацца. Ціхоня пачаў пляжыць раз-поразу, кругляк стаў падобны на тую здзёўбаную калодку, на якой Казырок сек дровы, аднак нічога не выходзіла.
— У цябе яшчэ горш, як у мяне, — сказаў Мокрут і пачаў расцягваць папружку свае кожанкі. — Трэба з другога боку паспрабаваць.
Ён распрануўся, ледзь не сілаю забраў у Ціхоні сякеру і пачаў з усёй моцы біць вастрыём па другому разрэзу кругляка, стараючыся цаляць у адно месца. Аднак чым мацней ён замахваўся, чым старанней намагаўся ўклініць сякеру на адной рысе, тым больш падводзілі яго рукі: белыя драпінкі ўзнікалі пасля ўдараў то ў адным месцы, то ў другім.
— Не, гэтага нельга раскалоць, — сказаў нарэшце Мокрут. — Цемнавата ўжо, ды і сякера вельмі лёгкая. Ну, што гэта за сякера? Калі б маім калуном!
Пры апошніх словах старшыня глянуў на Ціхоню, i раптам яму стала няёмка. Успомнілася, што Ціхоня не адзін раз быў у Мокрута дома і напэўна заўважыў, што калун гэты даўно ляжыць на дрывотні без тапарышча. Бачыў ён, вядома, i тое, што старшыні коле дровы «кульгавы начальнік» і зусім не калуном, нават не сякерай, а нейкай аднаручкай.
— Гэта ўжо, мабыць, паляжыць да вясны? — звярнуўся Мокрут да гаспадара. — Адтае, памякчэе.
— Чаму? — мякка не згадзіўся Сямён. — Яго можна i цяпер раскалоць.
Ён неяк па-свойму, цэпка і ўпэўнена ашчаперыў пачырванелымі ад марозу шырокімі далонямі кругляк, пакруціў яго ў адзін бок, у другі, выбраў месца і, здавалася, зусім лёгка, нават без размаху секануў. Лязо адразу ўелася ў дзерава, перарэзаўшы ўпоперак усе мокрутавы надзёўбванні. Сямён лёганька, нібы з ласкай, пастукаў правай далонню па кончыку тапарышча, сякера паслухмяна выскачыла з кругляка. Тады ён зноў паціху падняў сякеру, прыціснуў яе перад самым ударам так, што яна аж свіснула ў паветры, i кругляк разваліўся папалам.
— Глядзі ты! — здзівіўся старшыня. — Не быў бы то гаспадар!
— А мы з табой даўно сякеры ў рукі не бралі, — надзяваючы рукавіцы, прамовіў Ціхоня, — то давай так і скажам. У мяне жонка ўсё вязе на сваіх плячах, а ў цябе…
— Ну, кінь ты, — крыху сумеўшыся, сказаў Мокрут і неўпрыкметку паглядзеў на свае далоні. Шчымелі ў чалавека далоні, трэба было так і чакаць, што праз якую гадзіну на іх усхопяцца белый пухіры.
— Аднаму я толькі рады, — не сціхаў участковы, — што сам старшыня сельсавета пляжыў сёння калгасніцкую антонаўку. Ды з якой ахвотай!
— Прыкусіш ты нарэшце?.. — рэзка кінуў Мокрут, а сам усё ж такі засмяяўся, вінавата пакруціў галавой.
— То можа зойдзем у хату? — не надта настойліва прапанаваў Сямён Казырок, калі ўжо і Васіль Печка, увесь скурчаны, заснежаны, з папкай пад палою з’явіўся ў двары і ніхто больш не збіраўся калоць дровы.
Пасля запісу Сямёнавага папаўнення і гамонкі ў цяпле яны выбіраліся з пасёлка не надта лёгка і бездакорна. Калі б хто паглядзеў потым на іхнія сляды на вуліцы, то напэўна падумаў бы, што нячыстая сіла хістала людзей то ў адзін бок, то ў другі. Уперамешку з гэтымі страшэнна бязладнымі слядамі відны былі месцамі і котлішчы на снягу. Гэта Мокрут з Ціхоням у абдымку адпачывалі на дарозе, пакуль Васіль Печка, трохі меньш п’яны і таму прутчэйшы ў нагах, выбіраў напрамак руху і пратоптваў сцежку. Ноч была цёмная, снегу за гэты час яшчэ больш прыбавілася, не відно было ні дарогі, ні такіх добра прыкметных арыентыраў, каб іх можна было заўважыць нецвярозаму воку. А тут яшчэ крыкі ззаду, розныя каманды.
— Печка-а! — галасіў Мокрут. — Глядзі ж ты там, будзь чалавекам! На Дабрасельцы трымай, проста на дамок млынара!
— Не слухай яго, Васіль, — настойліва прасіў Ціхоня. — Што там нам з табой рабіць у Дабрасельцах? На Чырвоныя Макі давай. Там мяне жонка чакае, а цябе маці.
Пасля каманды Мокрута Васіль стараўся грэбціся ўправа, каб узяцца прасцей на Дабрасельцы, калі ж пачынаў угаворваць Ціхоня, тады самі ногі ішлі ўлева. I аднаго нельга было не паслухаць, і другога. А што рабіць самому, хто ведае. Васіль да таго часу пакорліва слухаў каманды і паварочваў то ўправа, то ўлева, пакуль зусім не збіўся з дарогі і не пачаў кружыняцца па полі. Кружыняўся пэўна гадзін дзве і прыбіўся, нарэшце, у суседні пасёлак. Тут ужо нават сабакі спалі. Ледзь не ў кожны двор намагаўся хлопец зайсці, каб пастукацца, папрасіцца нанач, ды ўсё не да ладу: то брамка была зачынена так, што хоць зубамі яе грызі, то гура снегу каля варот палохала. Начальства магло б не пералезці цераз яе.