Выбрать главу

Даша з парывам, аберуч ухапілася за канверт, а калі глянула на почырк, вочы яе міжвольна апусціліся. Пісьмо было з горада, ад Міхася. Бацьку абрадавала ў ім тое, што Міхась абяцаў у самыя бліжэйшыя дні прыехаць дадому. Не ўказвалася ў пісьме, чаго сын едзе, на які час, аднак гаварылася, што едзе з сям’ёй, значыцца, не на мала. Гэта прыемна было i Дашы, хоць крыху няёмка было, што добрая сустрэча адбудзецца ў такі нядобры час.

Потым да позняга вечара Даша чытала за сваёй шырмачкай кніжку. Яе ложак стаяў ля акна, што выходзіць на вуліцу, але дзяўчына дала сабе маўклівую прысягу больш ні разу не глянуць у акно. Не з вялікай ахвотай, нібы толькі адным вухам, Даша слухала паўгалосую размову старых. Многія словы не заставаліся ў яе памяці, яны быццам толькі праляталі каля вушэй, аднак сёе-тое не магло не зацікавіць дзяўчыну. Платон сёння, як і заўсёды, трымаўся гаспадарчых пытанняў, але больш, як калі, гаварыў пра старшыню, i тады яны ўдвух з бацькам прыцішана, нібы дзеці ў класе, пасмейваліся. Месцамі сапраўды было смешна. Платон расказаў, напрыклад, што Шулаў наўбіваў у сцяну свайго кабінета цвікоў і павесіў там хамут, набэдрыкі, аброць і лейцы для ўласнага выезду. Гэта ён для таго, каб усё было пад рукою i каб ніхто не замяніў яму хамута. А тое, што ў брыгадах няма вупражы, што калгаснікі ездзяць на вераўчаных гужах, яго не турбуе.

Бацька здзіўляўся, асуджаў, відаць, нават махаў рукой ад абурэння, а Платон між тым гаварыў далей:

— Вепрука надоечы завёз дадому, хоча, мабыць, угадзіць сваёй кабеціне. Кажуць, злосная не ў меру i на чужое дабро сквапная. Не памятаю, хто гэта мне нядаўна расказваў, што чуць з хаты таўсцюгу не выгнала, калі дачулася, што ўжо не доўга хадзіць яму ў старшынях. Чаму, кажа, толькі адзін дом пабудаваў? Чаму не навазіў лесу вунь яшчэ швагру? У таго таксама хата старая.

Тут i Даша ўсміхнулася. Ёй было прыемна, што старыя так настойліва бяруцца за старшыню калгаса, ганяць i высмейваюць яго. Адчувалася, што пры патрэбе яны маглі б i на сходзе выступіць. А можа i яшчэ што ўцешнае ў старых у галаве, можа яны на Міхася трымаюць нейкую надзею? Бацька ўжо даўно аб гэтым пагаворвае…

Платон к поўначы пайшоу. Бацька выключыў святло, лёг, а Даша можа да трэціх пеўняў не спала. Ноч здавалася страшэнна доўгай, пакутлівай. Хацелася, каб як мага хутчэй прышло світанне, а яно быццам наўмысна аддалялася. А світанне магло прынясці новыя спадзяванні. Сапраўды, увечары Валодзя не мог прысці. Што яго за гэта вініць? Толькі вярнуўся з пахавання, сабраліся людзі на памінкі. А там i з маткай трэба пагаварыць, уцешыць яе, i каля хаты што-небудзь паглядзець. Не на доўга ж яго пусцілі. Вось раніцай яму, вядома, лягчэй будзе вырвацца.

Аднак прышла і раніца, а Валодзі ўсё не было. Даша чакала яго да другой паловы дня, а потым прышоў са школы Цімошка і сказаў, што сам бачыў, яе Валодзя з невялікім чамаданчыкам у руках садзіўся ў кабіну эмтээсаўскага грузавіка, які адпраўляўся на станцыю.

Сумнай, заклапочанай ішла пад вечар дзяўчына ў Чырвоныя Макі, на партыйны сход. Каля могілкаў спынілася. Мінулай ноччу і цяпер удзень снегу не было, нават сляды ўчарашнія былі відны на цаліне. Сярод бярэзніку жаўцела Васілёва магілка; здалёк яна выглядала маленькай, нібы дзіцячай. Даша паціху прайшла яшчэ некалькі крокаў па дарозе. Вось тут, на гэтым месцы ўчора яна спаткала Валодзю. Не знайшла ў сабе сілы сказаць яму хоць адно слова, а сёння сэрца баліць ад гэтага. Можа ён і падумаў, што вінавата, калі маўчала…

16

Сход не зацягнуўся вельмі надоўга, хоць і вырашаліся даволі складаныя пытанні. За гэта камуністы і кандыдаты ў члены партыі маглі б падзякаваць Ільі Савічу. Сакратар тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі не ленаваўся схадзіць да камуніста і за пяць-шэсць кіламетраў, калі яму трэба было з ім параіцца ці што-небудзь абмеркаваць. Таму на сходах не было лішняй гаворкі і непатрэбнай блытаніны.

Даша выходзіла апошняй са школы. На вуліцы было цемнавата, хоць ва ўсіх хатах яшчэ гарэлі агні. Падумалася аб тым, што не надта весела будзе ісці ноччу адной, але ў гэты час выйшаў на школьны ганак Ілья Савіч.

— Гэта я паліто заходзіў накінуць, — тонам апраўдання загаварыў ён, — а так я ўсёроўна меў на ўвазе прайсці з вамі. Па-першае, правесці крыху, каб не так вам было страшна, а па-другое, — гаворка яшчэ адна ў мяне ёсць.

— Добра, Ілья Савіч, — ціха адказала Даша.

— Скажыце, — адразу пачаў дырэктар, — Міхась не прыслаў вам на гэтых днях пісьма?

— Учора прыслаў, — з цікавасцю да гэтага пытання адказала дзяўчына.

— А што ён піша? Прабачце, калі ласка, за маю нясціпласць.