Выбрать главу

Падыходзячы да сваёй вёскі, Даша міжвольна замарудзіла крок. Вельмі ж лёгка i прыгожа было на дарозе. З-за вясковых прысад неспадзявана выбліснула сонца, i яго спакойныя, нячутныя праменні заіскрыліся ў свежым інеі дрэў, у галінках прыдарожнага быльняку, прыцярушанага свежымі пушынкамі. Яшчэ ўчора Даша праходзіла тут, і быльняк тырчэў голы, пашумліваў і пасвістваў на ветры. На яго не шкада было наступіць нагой, наехаць машынай. А сёння былінкі выглядаюць так хораша i прывабна, што над некаторымі з іх хацелася нахіліцца i дзьмухнуць, як на адуванчыкі. На дарозе, між каляін, быў пласт такога ж мяккага снегу, але ён зусім не адчуваўся пад нагамі, крок парыпваў ад ранейшай ізмаразі. Гэтае парыпванне бадзёрыла хаду, як маршавая музыка. Хацелася ісці і ісці. Няхай бы гэтыя Дабрасельцы былі трохі далей, не абавязкова ім так хутка набліжацца, хоць там i родная Дашына хата, хоць там і вельмі прыгожыя зімой i летам прысады. Прайсці б яшчэ крыху па свежаму сняжку, падыхаць лёгкім халадком. Няхай бы нават сустрэўся цяпер хто-небудзь. Не Мокрут, вядома, i не Шулаў. Хацелася спаткаць каго-небудзь вельмі блізкага, вельмі дарагога. Міжвольна думкі пайшлі пра Валодзю, далёкага-далёкага па адлегласці і бясконца блізкага па сэрцу. Служыць Валодзя ў арміі вось ужо чатыры гады, бо канчае лётчыцкую школу. Калі ж ён прыедзе, калі можна будзе яго ўбачыць?..

Гледзячы проста на сонца (калі гэта можна глядзець проста на сонца?), Даша заўважыла сярод інею на таполях чорныя купкі варонніх гнёздаў. Цікава, што гэтыя гнёзды і пад інеем былі чорнымі. Затым высунуўся з-за дрэў востры і пасівелы ад інею верх дабрасельскага млына, таксама бяскрылага. Адной навальніцай паламала крылы ўсім тром сельсавецкім млынам. Неўзабаве стала відна і хата млынара, можна сказаць, што і не хата, а цэлы дамок. Гэтым дамком з аднаго боку вуліцы i маленькай хаткай конюха Платона — з другога пачыналіся Дабрасельцы. Насупраць млынаровага дамка стаяў слуп з электрычным ліхтаром. Пакуль на млыне былі крылы i ён пры ветры даволі жвава круціўся, ліхтар гэты асвятляў не толькі дамок, a і частку дарогі. У млынара часта збіраліся прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня i сакратар сельсавета, участковы міліцыянер, бухгалтар Дабрасельскага калгаса (у гэтым калгасе ўладай лічыўся не старшыня, а бухгалтар), загадчык гаспадаркі МТС ды сёй-той з механікаў. Наведваўся таксама чалавек па прозвішчу Заткла. Ніякай уладай ён нідзе не лічыўся, аднак млынарова кампанія рэдка калі абыходзілася без яго. Добра выпіўшы, млынар звычайна напяваў, кудлачачы стручкаватыя валасы, зацярушаныя мукою: «Ты-ыся-ача-а рублёў для мя-ане-э нічо-ога не зна-ачыць».

Неўзабаве ж пасля таго, як навальніца зламала на млыне крылы, прышоў эмтээсаўскі манцёр і абрэзаў правады на слупе супраць дамка. Цяпер гэты слуп стаяў тут без усякай патрэбы, i аднаго разу ноччу млынар вельмі моцна выцяўся аб яго галавой.

Спрабаваў млынар напівацца i потым, калі ўжо млын не круціўся. Аднаго разу нават заспяваў быў на вуліцы: «Ты-ыся-ача-а рублёў…» Але ў гэты час выйшла на вуліцу яго жонка, здаравенная цётка Матрона, узяла спевака за шкірку ды пры ўсіх людзях пацягнула дадому.

У гэты ж час пайшлі асцярожныя чуткі, што i жонка Мокрута трохі натаўкла свайго Лявона. Жанчына гэтая была не такая мажная i здаровая, як цётка Матрона, па росту i вазе яна была можа толькі ў палавіну Матроне, але затое па злосці і ўпартасці рэдка хто мог з ёю зраўняцца. Сухенькі тварык яе з лісінымі вочкамі заўсёды меў такія зморшчыны, на якія страшна было глядзець. Нават і тады, калі яна гаварыла што-небудзь вясёлае, дык усё роўна гэтыя зморшчыны насцярожвалі людзей.

Баяўся сваёй жонкі нават i старшыня сельсавета, хоць усе лічылі, што ён тут нікога не баіцца. Дома, перад жонкаю, Мокрут быў зусім не такі, як бывае ў сельсавеце або на вясёлых сустрэчах у млынара. Адкуль Мокруціха была родам, хто яе родзічы, бацькі, ніхто пэўна не ведаў: Мокрут знайшоў яе недзе ў партызанах.

У вуліцы Даша пайшла крыху шпарчэй, як ішла па дарозе. Няёмка было ісці на вачах у людзей ледзь не шпацырам, падумаюць, што дзяўчыне няма чаго рабіць. «Прыехаў ужо бацька ці не?» Дашы карцела забегчы ў хату, паглядзець, ці дома стары, што робіць Цімоша перад адыходам у школу на другую змену. Гультаяваты хлапец, часта даводзіцца прымушаць брацца за кніжку. Загуляецца, бывае, а потым бяжыць у школу, не падрыхтаваўшы ўрокі, а галоўнае — не еўшы.