Выбрать главу

Добра было б заглянуць у хату, але ж i на ферме многа спраў. Яшчэ ж, напэўна, і «Кадрыліха» сядзіць у сіласнай яме. Даша толькі прыпынілася каля свайго двара, шчыльней прычыніла вароты і пайшла далей. Каля самай канюшні ёй сустрэўся Платон, у старым кажусе, падпяразаным вяроўкай. Ён прыветна ўсміхнуўся і спытаў, ці дома бацька.

— Хутка прыедзе, — сказала дзяўчына, — заходзьце да нас.

I ёй уявілася, як вось гэтыя два дзяды, два закадычныя сябры, сёння, мабыць, зноў будуць сядзець у запечку цэлы вечар і вясці між сабою мала каму чутную i мала каму зразумелую гамонку.

5

Застаўшыся адзін у сельсавеце, Лявон Мокрут нейкі час хадзіў па пакоі і ў задуменні прыслухоўваўся, якім скрыпам абзываюцца яго боты. Ходзячы, нахіляўся то на адзін бок, то на другі і з прыціскам ставіў нагу на абцас, каб скрып быў мацнейшы. Міжвольна ўспаміналася, што ў вялікага начальства чамусьці заўсёды скрыпяць боты ці чаравікі.

Падышоўшы да стала, паставіў нагу на падлакотнік папоўскага крэсла і пачаў аглядаць з усіх бакоў свой хромавы бот. Неважнецкім паказаўся яму гэты бот: перад патрэсканы, ранты ў адным месцы выехалі. Дзе яму рыпець, такому абутку! Глянуў затым на штаны і таксама не ўцешыўся. Хоць яны і сінія, хоць і галіфэ, але ж блішчаць ужо, як некалі ў дзегцявоза. Ледзь не з самых партызанскіх часоў служаць, як жа ім не падацца?

Старшыні падумалася, што, мабыць, i Даша ўсё гэта заўважыла. Вядома, заўважыла i пасмяялася, напэўна. Сама, нябось, вунь як спраўна адзета: новыя валёначкі, ватоўка, падагнаная пад стан, хустка цёплая клетчатая. Андрэіха i тая ў новым ходзіць. Не ў такім, вядома, ладным, як яго жонка, але ў добрым і акуратным адзенні.

Мокрут пляснуў рукою па халяве, апусціў нагу і маркотна скрывіўся. Раптам здалося яму, што ён зусім i не Мокрут i не Лёўка, на якога некалі зважала ўся вёска, i тым больш не старшыня Чырвонамакаўскага сельсавета. Можа таму i Даша з такім недаверам i абыякавасцю глядзіць на яго. Быў раней калгасным брыгадзірам у Дабрасельцах, дык i то, можна сказаць, што больш было павагі. Людзі не міналі на вуліцы, як іншы раз цяпер. У любы двор зойдзеш і ўжо, вядома, не выйдзеш адтуль абы-як. На працадні — і падлічаць у канцы года — цэнтнер пазаддзя атрымаеш, а хапала i хлеба i сала, i вось боты добрыя тады справіў.

Зноў пачаў хадзіць чалавек па пакоі. Пад нагамі ўжо нічога не скрыпела, усё роўна, як наўмысля. Крок выходзіў кволы, нібы старэчы. Ад гэтага рабілася яшчэ горш сумна і нейкая нудлівая крыўда лезла ў душу.

«Вунь Шулаў, дык той, нябось, не ў такім выглядзе. Паліто ў яго, праўда, падточанае, але ж боты новыя, нават з нейкай аўчынкай у сярэдзіне. А морду наеў — нават засмяяцца ўжо добра не можа, шчокі не даюць. I што чалавек робіць, чым галава занята? Будуе сабе пяцісценку на вываз ды корміць вяпрукоў. Па калгасу ў яго толькі адзін клопат: не спазніцца паслаць зводку ў раён. Рукі Мокрута ляжаць адна на адной за спіною, пальцы варушацца, паказваюць узбуджанасць i нервовасць. Раптам адна рука апускаецца, з нейкім спалохам абмацвае канты галіфэ, а потым глыбока лезе ў кішэню. Давялося нават нагнуцца, каб добра абшарыць гэтую залішне шырокую, а цяпер ужо i не зусім цэлую кішэню. Мокрут выцягнуў адтуль круглую пячатку ў драўляным футлярчыку і адразу павесялеў, нават узрадаваўся.

— Пячатачка ты мая! — урачыста прамовіў ён, трымаючы на далоні крыху зашмальцаваны ад прабывання ў штанах футлярчык i пяшчотна гледзячы на яго. — Спужаўся быў, аж у сэрцы ёкнула, — здалося, што згубіў цябе, выпала ты з маіх гэтых, ужо мала надзейных штаноў. Ажно ж не, не выпала, дзякуй богу! I што б я рабіў без цябе? Корміш ты мяне цяпер і поіш. Не адзяваеш, праўда, пакуль што, але будзеш i адзяваць! Будзеш!

Ён паднёс футлярчык ледзь не к самаму носу, падкінуў на далоні, затым моцна сціснуў у кулаку і апусціў зноў у кішэню.

— Будзе карміць, — ужо зусім упэўнена сказаў старшыня, — паіць і адзяваць! Яна ў мяне — чарадзейка, яна ўсё ўмее і ўсё можа. I нікому другому яна не трапіць у рукі, пакуль сам не аддам.

Сеўшы, нарэшце, у крэсла і адкінуўшы галаву на самы верх спінкі, нібы яго зараз пачнуць брыць, Мокрут спачатку самазадаволена залыпаў вачыма, а потым крыкнуў так, што аж сцены задрыжалі:

— Печка!

Ніхто за дзвярыма не азваўся, толькі праз якую хвіліну з дальняй бакоўкі зайшоў невялічкі хлопец, кульгавы i да таго худы i бледны, быццам толькі што выпісаўся з бальніцы. Звалі яго тут «кульгавым начальнікам», хоць афіцыйна яго пасада была даволі ўнушальнай — загадчык вайсковаўліковага стала.