Выбрать главу

— Вы каго-небудзь клікалі? — спытаў хлопец.

— Дзе Печка? — Старшыня нават не варухнуўся ў крэсле.

— Не ведаю, — спакойна адказаў хлопец. — Пайшоў некуды з фінагентам.

«Хабарнічаць», — хацеў сказаць Мокрут, ды стрымаўся: не варта залішне адкрыта выказвацца перад гэтым чалавекам. Маўчыць ён усё ды аб нечым думае. Наўрад ці што добрае ў яго ў галаве.

— Можаш ісці! — кінуў старшыня, не парушаючы сваёй раскошы. — Угледзіш Печку, скажы, каб зайшоў да мяне.

Калі праз нейкі час у пакой зайшоў сакратар сельсавета Васіль Печка, Мокрут зноў хадзіў па пакоі, і крокі яго былі ўжо даволі размашыстымі і цвёрдымі. Ружова-матавы валлячок пры хадзе тросся.

— Дзе ты быў? — грозна спытаў старшыня.

Васіль Печка, малады, шчуплаваты хлопец, у летняй вайсковай шапцы, неяк замітусіўся перад начальствам, абедзвюма рукамі прыціснуў да жывата папку з паперамі і лагодна адказаў:

— Апісваць хадзілі… Апісвалі…

— Каго?

— Сідора, Сідора таго, што ў Дубках.

— Я вам наапісваю! — крыкнуў Мокрут і яшчэ больш размашыста захадзіў па пакоі. — Пазаві сюды фінагента!

— Я вам колькі разоў гаварыў! — пачаў Мокрут, калі разам з Печкам увайшоў у пакой і фінагент. Голас старшыні быў поўны злосці і абурэння. — Ніякіх апісванняў без адпаведнай пастановы! Зразумелі? Зарубіце гэта на сваіх насах! Мы павінны паважаць нашых людзей і заўсёды думаць пра іх. Калі ўжо і давядзецца каго апісваць, то толькі пры маёй асабістай прысутнасці. Ціхоня быў з вамі?

— Не было, — адказаў фінагент.

Ён стаяў побач з сакратаром і глядзеў на Мокрута з нейкай замарожанай усмешкай. Яго кашчавы, густа паморшчаны, асабліва каля губ, твар не выяўляў ні асаблівага перажывання, ні асаблівай думкі. Чалавек ён быў ужо не малады, але і пажылым яго ніхто не прызнаў бы. Постаць сухая, простая, валасы па густаце юнацкія, хоць колеру нямаведама якога: нешта накшталт мокрага касмылля. Па росту Васіль быў яму толькі па плячо.

— Ну вось, — крычаў далей Мокрут. — Нават і ўчастковы не прысутнічаў. Гэта што ж! Самаўпраўшчына? Калі гаварыць па чыстай совесці, то гэта ж здзекі над людзьмі. Што такое Сідор з Дубкоў? Я ў вас пытаю, што такое Сідор?

— Неплацельшчык, — адказаў фінагент. З яго твару ўсё яшчэ не зыходзіла абыякавая i крыху з’едлівая ўсмешка.

Мокрут спыніўся каля фінагента, заклаў рукі за спіну і пачаў гойдацца на нагах то ў адзін бок, то ў другі.

— А ці ве-да-еш ты? — пытаў ён, дакорліва ківаючы галавой у такт гайданням. — Ці ведаеш ты, што ў гэтага твайго неплацельшчыка ў сучасны перыяд капейкі за душою няма?

Фінагент маўчаў, але ніводная рыска не змянілася на яго твары ад гэтага запытання. Хітры служака вельмі добра ведаў свайго начальніка і разумеў, што ні гэты палымяны голас, ні гойданне ў бакі не ішлі ад нерваў, ад сапраўднага ўзбуджэння, а проста паўтаралі недзе пачутае і недзе ўбачанае.

— У яго ёсць з чаго ўзяць, — сказаў нарэшце фінагент і зусім спакойна паглядзеў старшыні ў вочы.

— Ага, дык значыць!.. — Мокрут перавёў позірк на Васіля. — Дык значыцца, вы пайшлі туды, каб пажывіцца, каб прымусіць чалавека… А ну, дыхні на мяне, Печка!

Хлапец адступіў крок назад і закрыў твар кардоннаю папкаю.

— Дыхні! — Мокрут вырваў з рук сакратара папку і стаў каля яго амаль ушчыльную. — Дыхні, а то дух выб’ю!

Васіль дыхнуў спужана і коратка, нібы хто сапраўды штурхнуў яго пад бок.

— Налізаліся ўжо! Прадстаўнікі ўлады! Гнаць вас адсюль калёнаю мятлою! Не памочнікі вы мне, а чорт ведама што!

— А ну, ты дыхні! — Мокрут падышоў да фінагента. Той не крануўся з месца, толькі вышэй падняў галаву і шырока засмяяўся.

— Свіння! — з прыціскам сказаў Мокрут, убачыўшы чорныя шчарбіны і застарэлыя ўстаўныя зубы. — Няма чаго і гаварыць з табою!

Старшыня адышоў ад сваіх памочнікаў і зноў, заклаўшы рукі за спіну, пачаў хадзіць па пакоі. Фінагент стаў нешта гаварыць, раз-поразу ўцягваючы праз зубы паветра і квола варочаючы перасохлым языком. Аднак Мокрут ужо не слухаў яго i скоса паглядваў толькі на Васіля.

— Сесія гатова? — спытаў ён у хлапца і накіраваўся да папоўскага крэсла. — Ты можаш ісці! — кінуў ён фінагенту.

Васіль хуценька развязаў папку, пашамацеў там у паперах і паслухмяна, зусім без крыўды, адказаў:

— Гатова, таварыш старшыня. У мяне ўсё з сабою.

— Давай сюды! Васіль падбег да стала і сеў на тым скрыпучым зэдліку, дзе нядаўна сядзела бабка з Жоўтай гары, але Мокрут кіўнуў яму, і хлапец, загрымеўшы гэтым зэдлікам, умомант апынуўся ледзь не побач з начальствам.