Выбрать главу

З-пад тынкоўкі агалілася амаль уся цэгла - а ёй стагоддзі тры, не менш. Быццам усё заліта запеклай крывёй. Каржакаватыя калоны, нават умураваныя ў іх жалезныя кольцы засталіся. Усё, як апісвала Багуслава Ніхель. Толькі клеткі няма.

Апошні з Каганецкіх рэзка слізгануў ліхтарыкам па сценах, быццам закрэсліваў іх.

- Ведаеш, усё чакаю, калі ж адчую покліч продкаў... і ніяк. Смурод, сум, бруд... Рушылі адсюль, Чырвоны Каптурык! А то ў мяне кіпці вырастуць.

Вось жа, далася яму тэорыя са спадчыннай лікантропіяй... Што праўда, чалавек, які ў дзяцінстве размаўляў у лазенцы з павукамі, а падрослы, трымае дома змей, не можа не валодаць чорным гумарам.

Стаўшы перад ганкам, мы яшчэ раз агледзелі будынак. Сіні лапік неба над напаўзруйнаваным дахам вызірнуў, як сцяг войска, якое ідзе на дапамогу абложнікам.

- Адрэстаўраваць - які б цуд атрымаўся! - услых падумала я. - Канец васямнаццатага стагоддзя. Вунь там яшчэ фрагменты фрызу...

- А ў мяне гэты дом не выклікае цёплых пачуццяў, - Гальяш апусціў фотаапарат, якім толькі што цэліў у заўважаны мной фрыз, падобны да следу ад шыны. - Пэўна, назапашаная колькасць зла зашкальвае. Падобнае я адчуваў, калі быў на экскурсіі ў маёнтку Салтычыхі - памятаеш, знакамітая расейская душагубка, якая прыгонных дзяўчатаў катавала? Кажуць, што там загубленыя душы проста віюцца, раяцца... Дый наўрад сюды рэстаўратары дойдуць. У нас жа лічаць, лепей занядбаныя руіны знесці ды на іх месцы новенькі дом з сілікатных блокаў збудаваць, - Гальяш падбіў нагой кавалак цагліны, і той адскочыў, як напалоханы звярок. - Памятаю, мы ездзілі ў заказнік Барбастэла, дзе зімоўе кажаноў, дужа рэдкіх - еўрапейскія чарнавушкі. Зімоўе проста ў старым форце Брэсцкай крэпасці. Аказалася, нейкія п’янтосы туды залезлі, скінулі шыфер - а там пачваркі нерухомыя! Ну і давай іх душыць, як булгакаўскі Шарыкаў катоў... Ледзь не сотню раздушаных звяркоў мы знайшлі. Міліцыя крымінальную спра­ву завяла... Але, ведаеш, нават міліцыянты стрымлівалі ўсмешкі: знайшлі вучоныя дзівакі злачынства!

Гальяш спрытней закінуў заплечнік на спіну.

- Добра, хопіць з мяне агледзінаў спадчыны.

Проста ад ганку за агароджу, у лес вяла яшчэ адна дарога, у патрэсканай асфальтавай скуры, калісьці абсаджаная дрэвамі - ад іх засталіся адны пні, вакол тырчэлі голыя пруты кустоўя. Па гэтай дарозе, безумоўна, і прыехалі ў Жухавічы госці ў брычцы. А вось і пацверджанне - валун, ружовы, з выбоінамі, што нагадваюць вочы і шчыліну рота. Паводле апісанняў з зялёнага сшытка, зверху павінен быў ляжаць пляскаты камень-шапка... Стод! З калекцыі Каганецкіх, які фатаграфавала Багуслава Ніхель!

Гальяш некалькі разоў таксама шчоўкнуў ружовы камень. Я выразна бачыла, што сітуацыя ўсхвалявала графскага нашчадка - хоць ён і спрабаваў выяўляць з сябе скептычнага такога, меланхалічнага маладзёна. Але вось, зноў кусае вусны, і цягнецца рукой адкінуць з ілба русявыя валасы, хаця іх зараз жа верне назад вецер.

- Цікава, ці выкарыстаў атрыманыя негатывы Міхал Калоцкі?

Гальяш не адгукнуўся, зноў аглядаючыся па баках, нібыта чакаў на­паду. Сапраўды, у ім, як і ў ягоным продку з фотаздымка, прысутнічала нешта... звярынае. Небяспека, дужасць, грацыя, уласцівая драпежнікам. І адначасова безабароннасць: ані хітрасці, ані здольнасці прыстасоўвацца. Такія калі што вырашаць - на рагаціну палезуць, не збочаць. Замест інтрыгі - двубой. Расчаруецца - сыдзе.

Цікава, чым жа яго так зачапіла Лера? Адной гожасці для ваўкалака мала...

Раздзел трэці. Вяртанне ваўкалака

Калісьці ў дзяцінстве я чытала казку, у якой раілі гераіні: заблукаеш - пакланіся на ўсе чатыры бакі і папрасі: “Лес, бацюхна, адпусці!”

Памятаючы гэты надзейны рэцэпт, я больш-менш спакойна паставілася да выбару маршруту.

Бо мы, не згаворваючыся, рушылі па дарозе, што вяла ад ганка Жухавіч праз лес. Па сумніўнай такой дарозе, якую чамусьці не паказваў навігатар на маім смартфоне. Дзесьці тут мы з маці калісьці збіралі грыбы... Але хіба я што толкам памятаю? У мяне ўвогуле, так бы мовіць, тапаграфічны крэтынізм. Мая мінская сяброўка дужа весяліцца, калі я, у дваццаць пяты раз ідучы да яе ў госці, усё блукаю паміж трох дамоў, гадаючы, каторы ейны.