Выбрать главу

А вось і патрэбная кватэра... На самым верхнім паверсе, дзесьці непадалёк вартуюць дах каменныя калгасніцы. Дзверы старыя, з натуральнага дрэва... Ад нумара засталася адна металёвая лічба, другую можна адгадаць па цёмным адбітку: «37».

Як для мяне, дык запомніцца на раз, самы расстрэльны год: 1937.

Блін, толькі не дрыжэць... Не чырванець, не пацець, не зглытваць сліну і не адводзіць вочы, як гімназістка! А сэрца пад акампанемент званка ўсё прыспешвалася... Баязліўка, закаханая дурында.

Высокая і шэравокая прычына маёй панікі, Гальяш, адчыніў і ветліва адыйшоўся ўбок, прапускаючы мяне ў кватэру. Вядома, ён быў у кашулі ў краткі. Зялёна-белыя.

- Прывітанне... Сімка.

Перад маім імем была зразумелая паўза. Звыкнуць трэба, так звяртацца да ў прынцыпе сур’ёзнай дзяўчыны (спадзяюся, што раблю менавіта такое ўражанне). Але сваё імя па пашпарце «Серафіма» я ненавідзела настолькі, што сама вырашыла з яго паздзеквацца. Сімка - гэта і мой нік у сеціве, і тэст падчас знаёмстваў. Калі пачынаюць перапытваць: «Як, як?», альбо расцягваюць вусны ў паблажлівай усмешцы, я залічваю гэтых людзей у паралельны свайму свет. Гальяш у свой час проста паціснуў руку і зазірнуў мне ў вочы сваймі шэрымі вачыма, такімі светлымі на смуглявым твары - не ад прыроды смуглявым, а ад загару вечных вандровак. Дый у самога імя было на сучасны слых дзіўнаватае. Гальяш, беларуская форма звыклага «Ілля».

Прызнацца, менавіта ягонае імя давала мне найбольшую надзею... Пэўна ж, чалавек дэманструе сваю зацікаўленасць беларускай культурай, а значыць, мы паразумеемся?

Але я вельмі хутка пераканалася, што нічога ён не дэманструе. Проста, як і я, не любіць свайго імя па пашпарце.

Ён амаль увесь час маўчаў. Дзень народзінаў маёй аднакурсніцы быў шчабятлівы і крэатыўны, з «гадальнымі» піражкамі і конкурсам «дастань яблык з вады зубамі». Абслінены яблык я чапаць не стала, з піражка выцягнула прамасленую паперку з абяцаннем «вялікага і светлага кахання», непрыкметна скамечыла і сунула ў кішэню джынсаў. Гальяш таксама пазбягаў «крэатыву», на спробы яго «растармасіць» адказваў елазубай усмешкай, а паколькі ён быў высокі, плячысты і няспешны, звалачы яго з канапы гвалтам было нікому не пад сілу.

І што яму напрарокаваў піражок імянінніцы, я так і не даведалася.

Толькі пад канец вечарыны Гальяш трохі разгаварыўся - пра апошнюю экспедыцыю... Я так і не ўцяміла, куды менавіта, але на балаты. Змрочныя такія, бясконцыя беларускія балаты. Расказваў цікава: пра злітыя журавінамі паляны, птушак, якія крычаць, як немаўляты, параненага лася, якога выцягнулі з дрыгвы - а цалкам магчыма, ён проста сам пайшоў туды паміраць. Я глядзела, як хлопец падчас аповеду няўважна адкідвае пяцярнёй доўгі русявы чуб, як пасміхаюцца ягоныя вусны з цвёрдым «мужчынскім» абрысам, як на шчацэ бялее маленькі стары шнар... І ра­зумела, што папалася. І вельмі няўдала.

Гэты малады чалавек не цікавіўся беларускай літаратурай, у яго мелася дзяўчына, і ён у хуткім часе павінен быў з’язджаць за мяжу.

Пасля мы яшчэ некалькі разоў сустракаліся ў той жа кампаніі - глядзелі фестывальныя фільмы, потым абмяркоўвалі іх у кавярні, аднойчы Гальяш нават праводзіў мяне дахаты - ну, не тое, што праводзіў, яму проста было па дарозе, і, акрамя сяброўскіх размоў, нічога не здарылася...

А цяпер і не здарыцца. І я буду жыць у гэтай кватэры з высокай столлю, з пафарбаванымі яшчэ за савецкім часам жоўтай крэйдавай фарбай сценамі і цяжкой бронзавай люстрай, у якой не хапае лямпачак... І вышукваць сляды былога гаспадара, і адгадваць, ад чаго ўтварылася гэтая драпіна на сцяне, і гэтая пляма на сталешніцы...

- Праходзь, пакажу, дзе што.

А ў мяне ўзнікла пакутлівая дылема: здымаць ці не здымаць чаравікі? Зняць - выявіць сябе выхаванай дзяўчынкай, тым больш і гаспадар у гумавых сініх «хлёпанцах», як кажа мая бабуля, і такія ж запасныя «хлёпанцы» для гасцей стаяць у вітальні... Але вельмі верагодна, што чорныя мае калготкі парваліся на вялікіх пальцах, і я буду крадма і пакутліва сцягваць дзіркі ўбок, каб пальцы з іх не вытыркаліся, і больш ні пра што думаць не змагу, акрамя як заўважыць хлопец, што я ў дзіравым, альбо не.