Выбрать главу

Ранiцай каханка пабудзiла гаспадара. Яна паспела апрануцца i стаяла каля ложка ў куртцы i ботах.

— Ты сыходзiш? — гаспадар соладка пазяхнуў.

— Мяне чакаюць на працы, — каханка нахiлiлася i пацалавала гаспадара ў няголеную шчаку.

Той iзноў пазяхнуў, павярнуўся тварам да сцяны i апынуўся ў недагледжаным сне. Прачнуўся ён з-за таго, што моцна грукнулi ўваходныя дзверы.

"Сышлi. Нарэшце. Божа, якi кайф! Можна i ўстаць".

Гаспадар пайшоў на кухню, каб паставiць iмбрык. Там на разасланай коўдры ляжала сяброўка начнога Госця i з неапiсальным здзiўленнем пазiрала на аголенага засмучонага гаспадара, якi спачатку засмуцiўся, а толькi потым скемiў, чым так уразiў жанчыну.

— Прабач, — нарэшце сказаў ён i прыкрыў рукой сваё самае мужчынскае месца. — Я ж думаў, усе сышлi, i хацеў толькi iмбрык на плiту паставiць.

— Нiчога страшнага, я зараз устану i пастаўлю...

Гаспадар вярнуўся ў пакой i, калi пачаў апранацца, дык адчуў, што яму iзноў захацелася жаночае пяшчоты. Пакуль мужчына апранаўся, дык жанчына паспела прыбраць на кухнi i паставiць iмбрык.

— А я ложак не паспеў заслаць, — сказаў гаспадар, як пабачыў прыбраную кухню.

— Ты зараз iдзеш на працу? — спыталася жанчына.

— Не пайду, затэлефаную i вазьму бiблiятэчны дзень.

— А ў мяне самы звычайны адгул.

"Загул, — падумаў гаспадар, — самы звычайны загул. І трэба, каб ён працягнуўся". Ён разлiў кiпень па кубках.

— Ты, напэўна, не выспалася на падлозе?

— А чаму ты пытаешся?

— Гэта праўда, што твой сябра з мiнiстэрства ўнутраных спраў?

— А якое гэта мае значэнне?

— Калi ў цябе выхадны, дык можаш легчы на мой ложак i паспаць.

— У тваёй прапанове эратычны падтэкст?

— Я не падумаў, але, калi мужчына застаецца з жанчынай, у кожным слове, напэўна, ёсць падтэкст.

— Сапраўды, а чаму не паспаць у выхадны дзень? Занятак не з горшых, — сяброўка начнога Госця памыла кубкi.

Мужчына i жанчына леглi ў ложак. Ён паклаў руку ёй на жывот. Яна абняла яго i прытулiлася ўсiм целам. Мужчына гладзiў жаночую спiну. Раптам у вiтальнi падаў голас дзвярны званок. Гаспадар адхiнуў палюбоўнiцу, устаў i на дыбачках прайшоў у вiтальню. Праз дзвярное вочка ён убачыў азызлы твар Госця.

"Колькi можна хадзiць? Нi канца, нi краю. Ну, колькi можна хадзiць i збiваць кайф? Не адчыню, i канец!" — падумаў гаспадар i вярнуўся ў ложак, дзе адчуў, што ўжо не хоча жаночай пяшчоты.

XXVІІ. НЯБОЖЧЫК

На памiнкi я патрапiў выпадкова. Ну, не зусiм выпадкова, бо ўсё ж ведаў Нябожчыка — колькi разоў сядзелi i выпiвалi за адным сталом. Але i памiнкi былi не зусiм памiнкi, бо сабралiся толькi аднакурснiкi Нябожчыка, нi мацi, нi жонкi, нi каханкi не было за жалобным сталом. Са слоў прысутных я зразумеў наступнае...

За чатыры днi да пахавання Нябожчык, тады яшчэ жывы i вясёлы саракагадовы мужчына, сказаў дома, што едзе ў камандзiроўку, а сам пайшоў да каханкi. Там ён i сканаў. Сэрца спынiлася. Каханка выклiкала "хуткую дапамогу". Нябожчыка завезлi ў морг, дзе ва ўлiковай кнiзе зрабiлi запiс наступнага зместу: такi i такi ўзяты па адрасу — горад Мiнск, вулiца Багдановiча, дом 55, кватэра 200. Потым адрас быў закрэслены i напiсана, што Нябожчыка забралi з дому. А калi "з дому", дык у моргу нiхто i не хваляваўся, усе былi ўпэўненыя, што сваякi ведаюць пра смерць. Але ж i мацi i жонка нiчога не ведалi. А каханка маўчала. Потым пайшлi чуткi, але ўсе яны разбiвалiся аб тэлефоннае "ў камандзiроўцы". Нарэшце адзiн з аднакурснiкаў здагадаўся затэлефанаваць у морг, дзе яму прапанавалi прыехаць i апазнаць Нябожчыка. Ён апазнаў i ўзяў на сябе ўсе пахавальныя клопаты. Гэты аднакурснiк працуе разам са мною, i адпаведна мне давялося сёе-тое яму дапамагчы, ну, напрыклад, я "дастаў" каньяк, бо цяпер на памiнкi ўсе ходзяць са сваёй бутэлькай. Вось так я апынуўся за жалобным сталом, за якiм даведаўся, што Нябожчыка забралi ў морг з майго дому, бо я жыву якраз на вулiцы Багдановiча ў доме 55 i кватэра 200 знаходзiцца ў суседнiм пад'ездзе.

З памiнак я вярнуўся позна i адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё iмя. Я расплюшчыў вочы i ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывiсты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. "Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу", — даляцела з-за акна. Каб я жыў, як i раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якiх-небудзь падпiтых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку i не мог нават варухнуцца, каб запалiць святло. "Падыдзi да акна", — сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў i iшоў да акна, цень знiк. Я рэзка адкiнуў штору i быў ужо ўпэўнены, што там нiкога няма. Але я ўбачыў, што пад лiхтаром стаiць Нябожчык. На iм быў чорны гарнiтур, белая кашуля i элегантны маленькi гальштук-мятлiк. У мёртвым лiхтарным святле срэбнымi водблiскамi iскрылася сiвая фрызура i падкручаныя цёмныя вусiкi. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвiлiну ён нахiлiў голаў, маўляў, я з вамi развiтваюся, i рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.