Выбрать главу

Ну, вядома, мастакi жыццё ўспрымаюць, як казку. У iх нават ад карцiны прахалодаю павявае. Так што можна i не верыць. Але пра таго ж Хута мне i селянiн расказваў, а селянiну я давяраю.

— Было так. Адзiн мужчына пачуў, як жонка клiча Хута:

"Хут, Хут, хадзi сюды, дам табе яечаньку абарачаньку!" А калi жонка сышла, панiву пакiнуўшы, дык мужчына з'еў яечню. А Хут раззлаваўся, бо падумаў, што знарок з яго здзекуюцца. Уночы падпалiў Хут дом i гумно. Людзi гасiлi, але рады не далi. Стаяў пагарэлец пасярод двара i ўсё паверыць не мог, што пажар з-за яечнi ўсчаўся. Стаяў, глядзеў на галавешкi i ўбачыў, што каля ганка ляжыць старое кола. Схапiў мужчына кола i кiнуў яго на суседнi гарод. Ён i ведаць не ведаў, што ягоны вораг Хут у кола перакiнуўся. Дык адкуль што ўсё ўзялося ў суседа?! За якi год стаў ён самы багаты ў вёсцы. А гэта Хут паспрыяў. Трэба ж шанаваць Хута. Паабяцаў яечню — частуй.

Так селянiн расказваў. А сам я Хута не бачыў, але ж i не клiкаў, бо хто яго ведае, а раптам не спадабаюся i ён спалiць дом цi наогул усё чыста агнём пусцiць.

XXXVІ. ДВАРАВІК

У бары мужчына замовiў адно гарэлку. Ён сеў адзiн i пiў засяроджана, нiбыта працаваў, таму i не заўважыў знаёмца, якi ўзяў таксама гарэлку ды шукаў вольнае месца.

— Ты ўжо адзiн п'еш? — знаёмец узрадаваўся, бо знайшоў вольнае крэсла.

— П'ю, — мужчына адказаў без iмпэту.

— Можа, разам? — знаёмец сеў, налiў сабе поўную чарку i, не чокнуўшыся, выпiў, а потым дадаў:

— Ты з твару змянiўся... Можа што здарылася, а я i не ведаю? Можа, хто памёр?

— Нiхто не памёр, а шкада, лепш бы ён здох.

— Хто? — здзiвiўся цiкаўны знаёмец.

— Хто-хто? Конь у палiто! Вось хто. Сядзi пi.

— Ты перабраў. Можа, табе i пiць не трэба? Га?

— Добра-добра, налiвай. Вып'ем — раскажу. Мужчыны выпiлi па поўнай чарцы.

— Бяда ў мяне. Тыдзень таму саджуся ранiцай у свой "опель", i такое адчуванне, што на iм чужы паездзiў. Ты ж ведаеш, як я да свайго "опеля" стаўлюся, як да жонкi, а то й лепш. І не хаваю гэтага. Лялька ў мяне была, а не машына, а тут бачу — брудная i бензiну ледзь-ледзь да запраўкi даехаць засталося. Хто? Што? Невядома. Можа, падалося, думаю. І думаў так да наступнай ранiцы, бо запiсаў паказчык на спiдометры, а назаўтра ранiцай там тры сотнi новых, не маiх кiламетраў. Што рабiць? Не ведаю! Колькi нi пiльнаваў злодзея, не ўпiльнаваў. Толькi аднаго разу бачыў падазронага тыпуса ў доўгiм палiтоне ды з кавенькаю. Я было да яго iсцi, а ён за рог. Пакуль я за рог дома забег, там нiкога няма, як скрозь зямлю правалiўся. Што цяпер рабiць? "Опеля" шкада. Гэта ж машына, да яе падыход адпаведны патрабуецца, а не так — сеў, паехаў.

— Не сумуй. Давай нальём, i скажу, што трэба рабiць з канём у палiто.

Мужчыны звонка чокнулiся i выпiлi.

— Ты толькi не думай, што я чакануты, — пачаў знаёмец. — Бо гэта Дваравiк катаецца на тваiм "опелi".

— Ды мне хай сам чорт, абы ты навучыў, як гада ад машыны адагнаць.

Знаёмец навучыў мужчыну, як адагнаць Дваравiка. Той выслухаў, падзякаваў i сышоў з бара.

Дома ён узяў парафiнавую (бо васковай не было) свечку, сярнiчкi ды папяровы абразок. Паўночы мужчына праляжаў на падлозе свайго любiмага "опеля". Ён ужо нават пачаў пацiху клясцi знаёмца з ягонай навукай, калi пачуў, як асцярожна адчыняюцца "опелевы" дзверцы. Мужчына раптам забыўся на ўсё доўгае навучанне i замест таго, каб запалiць свечку i асветленым абразком напужаць Дваравiка, схапiў таго за горла. І гэта было памылкаю, бо ўдар жахлiвага цяжару забраў свядомасць. Дваравiк не толькi збiў гаспадара дагледжанай машыны, а i саму яе знявечыў — кавенькаю разбiў ветравое шкло, нажом папрапорваў колы, пабiў фары, парэзаў крэслы, сапсаваў радыё, раструшчыў карбюратар, папарываў шлангi, вылiў на зямлю масла i бензiн — растрыбушыў "опель" за ўсю, як кажуць, мазуту.