— Схадзi па лекi.
Блакiтнатварая медсястра вярнулася наўздзiў хутка:
— А маю прыгожую сяброўку можна запрасiць за наш столiк?
— На дзвюх у мяне не хопiць сiлы, нават пасля лекаў.
Жанчына расцягнула цёмныя губы i пайшла казаць сяброўцы, што ў Адпачыннiка нестае сiлы на дзвюх. Можа, блакiтнатварая гаварыла сваёй сяброўцы i што iншае. Адпачыннiк не чуў, бо ў бары досыць гучна iграў магнiтафон. Калi жанчына праносiла паўз фантан свой вялiкi, прыўзняты тугiм станiкам бюст, настрой у Адпачыннiка прыўзняўся. Настрой палепшаў i ад добрай порцыi каньяку, а можа i ад фантана, якi ачуняў i заструменiў з пругкай сiлаю i яркай прыгажосцю.
Блакiтнатварая жанчына сядзела насупраць Адпачыннiка, i яны пiлi каньяк i гаварылi пра рознае глупства. Пра тое, што айва квiтнее раней за iгрушу, а алыча — раней за слiву, што на платанах вось-вось патрэскаюцца пупышкi. У Адпачыннiка прайшла млявасць i з’явiлася лёгкасць ва ўсiм целе. Ён больш не падтрымлiваў рукою галаву.
Адпачыннiк прапанаваў жанчыне прайсцiся ў парк, дзе знайшлася лаўка са спiнкаю, на якую можна было адкiнуцца.
За чорнымi галiнамi бязлiстага платана стаяў белы скрылiк маладзiка.
— Як ты сябе адчуваеш? — з блiзкай цемры спыталася жанчына.
— Выдатна, — сказаў Адпачыннiк халоднаму маладзiку.
— Дарма ты не запрасiў маю сяброўку...
— І сапраўды: у яе такi выдатны бюст, — Адпачыннiк дастаў з кiшэнi прыхопленую ў кавярнi сурвэтку i выцер сiнюю памаду з жаночых вуснаў.
— Ты не пойдзеш да мяне?
— Мне будзе дастаткова тут, пад платанам.
Жанчына дастала з сумачкi блiскучы пачак з прэзерватывам.
Пад кароткай спаднiцай у блакiтнатварай нiчога лiшняга не было. Адпачыннiк наталiўся значна хутчэй, чым меркаваў. Прэзерватыў ён кiнуў у сметнiцу, бо не любiў, калi расцягнутыя гумкi валяюцца пасярод вулiцы.
— А цяпер куды? — спыталася жанчына з цемры, што пахла айвовай квеценню.
— У аэрапорт.
Жанчына засталася ў парку, на лаўцы.
Адпачыннiк iшоў пустым праспектам i думаў, што такое кароткае каханне бывае толькi ў амерыканцаў.
Млосць вярталася да яго.
Мярзотнiк абрэзаў пазногцi на руках i нагах. Ён не выкiнуў iх, як робiць большасць звычайных людзей, а сабраў у гурбачку пасярод пiсьмовага стала i доўга з замiлаваннем разглядаў. Згарнуўшы далонь лодачкаю, Мярзотнiк ссунуў пазногцi на край стала i ссыпаў на глянцавы аркуш паперы, якi склаў у некалькi столак i засунуў у кiшэню шарага ангельскага пiнжака. Паправiўшы перад люстэркам тугi вузел чорнага гальштука, ён выйшаў са сваёй кавалерскай кватэры. Пазвоньваючы ключамi, Мярзотнiк накiраваўся ў Траецкае прадмесце, дзе доўга прастаяў у букiнiстычнай краме "Вянок", разглядаючы карэньчыкi дарагiх альбомаў па мастацтву. Некалi даўно, у пару сваёй перадвайсковай маладосцi ён вучыўся на педагагiчным аддзяленнi мастацкай вучэльнi. Але ў войску Мярзотнiка палюбiў начальнiк асобага аддзела. Ён i дапамог паступiць ва унiверсiтэт, на юрыдычны факультэт. Вучыцца давялося на вечаровым аддзяленнi, бо ўдзень Мярзотнiк хадзiў на службу ў Камiтэт Дзяржаўнай Бяспекi. Яму падабалася праца з яе таямнiчасцю i правам насiць зброю. Акуратнасць i педантызм дапамагалi зрабiць кар’еру, невялiкую, але дастатковую, каб цешыць уласнае самалюбства. І вось цяпер, стоячы ў краме "Вянок" i гледзячы на супервокладкi альбомаў Малевiча i Энгра, ён згадаў студэнцкую сталоўку, якую называлi "Бухенвальд". Успомнiўся малапрыемны эпiзод, калi, п’ючы гарбату, ён выкалупаў лыжачкай з кiслага тварагу рудое цельца мёртвага прусака. Злосць i жаданне адпомсцiць з’явiлася на шарым твары Мярзотнiка. З кнiгарнi ён дайшоў да метро i праз якiх пятнаццаць хвiлiнаў шыбаваў па вулiцы Друкарскай у кiрунку сталоўкi № 32, якую i дагэтуль студэнты называюць мiж сабою "Бухенвальд". У пустой таннай сталоўцы Мярзотнiк выглядаў недарэчна ў сваiм новым дарагiм гарнiтуры. Дзяўчаты ў марлевых каўпаках з цiкавасцю сачылi за незвычайным наведнiкам, якi паставiў на спод адно сырнiкi i гарбату. Пад пiльнымi позiркамi Мярзотнiку было цяжка здзейснiць задуманае, але, на ягонае шчасце, у нетрах кухнi адбыўся выбух. Пэўна, нехта ўпусцiў на падлогу пяцiлiтровы балон з кансерваванымi кабачкамi. Пакуль дзяўчаты войкалi i вохкалi, Мярзотнiк паспеў прыправiць абрэзанымi пазногцямi свежую капусту, якая чакала ў сподачках галодных студэнтаў. Калi Мярзотнiк паварочваў з Друкарскай на праспект Скарыны, ён думаў пра тое, што ў беларускай мове ангельскае слова сатысфакцыя ўспрымаецца хутчэй як помста, а не задавальненне.