Выбрать главу

Раптам мяне страшэнна пацягнула выкінуць нейкі фокус. Захацелася патрывожыць гэтае магутнае і варожае наваколле. Я падняў наган, узвёў яго і націснуў на спуск.

— Гах! сіганула ў неба маланка.

— Гах! — паўтарыла стрэл суседняя гара.

— Гах-гах! — нібы коратка ўздыхаючы, пачалі перадаваць горы адна адной падвоеныя гукі.

Аглушаны, я не мог нічога пачуць, звінела ў вушах. Для мяне горад змоўк, нібы спалохаўся стрэлу, і стаіўся ад жаху. Агорнуты дзікай радасцю, я сунуў наган у кусты і паляцеў уніз.

4

Дома мяне чакаў Суткус.

Літовец быў сірата і дапамогі ніадкуль пе атрымліваў. Удзень працаваў у рэстаране, вечарам наведваў курсы, а начаваў па чарзе ў сяброў. Спаў ужо і ў мяне. Гаспадыня мая без прапіскі браць чалавека нанач баялася, таму мінулы раз мы пачакалі, пакуль яна заснула, а раніцой Альбінас пайшоў, калі жанчына яшчэ спала.

Гэтаксама мы дамовіліся і на сёння.

— Ты чуў? — сустрэў мяне сябар пытаннем.

— Што?

— Глядзі сюды! — падаў ён газету. У аддзеле літаратуры, бачыш? Велпяй грыбіоту, ён яшчэ нічога не ве-дае!.. Пра вас тут, пра беларусаў!

Я разгарнуў газету. Там тлустымі літарамі было падрукавана:

«На Беларусі вялікае ўзбуджэнне!

У беларускім садзе расквітнела агава, якая квітнее адзін раз у сто год!

У беларусаў з'явіўся свой паэт — Міхась Граніт!»

I далей апісвалася, як паэта запрасіў да сябе на вечар ваявода — пан Бацянскі. Міхась Граніт усіх прысутных у ваяводы пакарыў сваімі творамі.

— Ага, бачылі яны нашых?! — пераможна ўзіраўся на мяне сябар.

Узрушаны не менш за Суткуса, я дастаў свае харчовыя запасы і пачаў частаваць госця.

— Калі Граніт будзе выступаць — сходзім!

— Абавязкова!

Я меў маленькі пакойчык без ложка. У кутку ляжаў скручаны сяннік. Раскладваючы яго, я заявіў:

— Гаспадыня ўжо спіць. Можам і мы на бакавую. Кладзіся, Альбінас!

Загасілі святло. Ляглі. Але не маглі заснуць. I не толькі таму, што сяды-тады хто-небудзь з нас скочваўся на падлогу: такой дробязі мы не заўважалі. Нас аж распірала радасная гордасць. Невядомы паэт умацаваў веру ў будучыню, узняў пачуццё ўласнай годнасці.

Калі Альбінас гасціў у мяне мінулы раз, ці я, ці ён, не памятаю, падаў ідэю — уцячы ў СССР. Мы адразу загарэліся: чаму б і не паспрабаваць? Многа ўцякала туды хлопцаў, дзяўчат, і пішуць нават адтуль!.. Цяпер ідэя паблякла. Выяўляецца, можна і тут свайго дабіцца і даказаць?!.

Перад вачыма паўставала кватэра ваяводы, поўная віленскага панства, якое сабралася слухаць не каго-небудзь, а нашага паэта. Выпусцілі райскую птушку з клеткі!.. Мусілі выпусціць і цяпер глядзіце на яе і слухайце!.. А называецца як — Граніт!.. Нам ужо здавалася, што не ён, а — мы выступаем перад панствам і сячом словамі ім у твар, прымушаем шанаваць нас!

Мы, беларусы, літоўцы, маленькія нацыі?! Данія яшчэ меншая, а з-за Андэрсена ведаюць яе нават дзеці! I Балгарыя маленькая, але вось з'явіўся Дзімітраў і адзін праславіў яе на цэлы свет! Тут не ў плошчы справа, не-е!..

— I Янкоўскі мусіў прыйсці паслухаць! — ускрыкнуў я, не заўважаючы нават, што думаю ўголас.

—То-та! Вымушаны, волняй грыбіету, таксама вітаць нашага брата! Цікава, якія ў паноў былі ў тую хвіліну фізіяноміі? От бы паглядзець! — цешыўся Альбінас, бытта паэт быў літовец.

— О, ведай нашых! Табе, бачыш, вяльможнаму пану, перашка-джаюць нават бедныя галкі? Прысылаеш служанку і думаеш, што так і палезу скідаць табе гнёзды за пяцьдзесят грошаў? А дулю не бачыў? Лезь сам!

Я павярнуўся ад абурэння, і Суткус гупнуўся каленам і локцем на падлогу.

— Слон! Не штурхайся! О, р-ропужэ, як тут цвёрда!

Я спужаўся, што пачуе гаспадыня:

— Цс-с, давай спаць!

5

Не памятаю, ці гаварыў я вам пра сваіх суседзяў — Залкіндаў.

Спарахнелы домік прачкі нібы ўціснулі паміж двума волатамі: домам генерала і мураванкай буйнога гандляра Залкінда.

Гандляр трымаў у Вільні багатую краму адзення і бялізны на вуліцы Міцкевіча. Памятаю, калі праходзіў я ля гэтага магазіна, то кожны раз мне было няёмка з-за бюстгальтараў, якімі бессаромны Залкінд расквяціў вітрыны. Праз вялізныя вокны вабілі мяне туды прыгожыя прадаўшчыцы.

— Дзень добры шаноўнаму пану! — як толькі пераступіў парог, віталася паненка-прыгажуня ў форменным халаціку, і я спыняўся, ачмурэлы ад яе ўвагі.

— Падаю да панскіх ножак!

— Я да панскіх паслуг! — сыпала яна.— Што шаноўны пан жадае? — шматзначна ўсміхалася яна, нібы штосьці абяцала.